Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стаіць за вызваленьнем ад пасады Валерыя Цапкалы?


Карбалевіч: 2 сакавіка Лукашэнка вызваліў ад пасады дырэктара Парку высокіх тэхналёгій Валерыя Цапкалу. Гэтае рашэньне нельга разглядаць інакш як скандальнае. Бо гаворка ідзе пра, можа, адзінае ў краіне пасьпяховае прадпрыемства. Асабліва гэта было выразна бачна на тле эканамічнага крызісу. Дзяржаўныя мэдыі ўвесь час прадстаўлялі ПВТ як гонар краіны, як прыклад пасьпяховасьці дзяржаўнага прадпрыемства, як прыклад прыватна-дзяржаўнага партнэрства, прыклад эфэктыўнасьці беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі.

Парк высокіх тэхналёгій дзейнічае ў Беларусі больш за 10 гадоў, створаны ён быў у 2006 годзе. Валеры Цапкала ўзначальваў яго з моманту стварэньня. За гэты час у 38 разоў вырасла колькасьць рэзыдэнтаў: з 4 кампаніяў у чэрвені 2006-га — да 152 у чэрвені 2016-га. У 33,6 раза вырас гадавы аб’ём экспарту тавараў і паслуг парку. Прычым асноўная частка прадукцыі — да 90% — ідзе на экспарт, што надзвычай важна для беларускай эканомікі.

У незалежных мэдыях зьявілася інфармацыя, нібыта Цапкала быў вызвалены за тое, што ня выканаў свайго абяцаньня — каб па выніках 2016 году ПВТ зарабіў 1 мільярд даляраў.

Аднак у гэта неяк цяжка паверыць. Бо вынікі дзейнасьці ПВТ за 2016 года па беларускіх мерках проста выдатныя. Экспарт і аб’ём прыцягнутых замежных інвэстыцыяў павялічыліся на 16%. А на тых дзяржпрадпрыемствах, у якіх усе паказчыкі падаюць і якія сядзяць на дзяржаўных датацыях, кіраўнікоў не здымаюць.

Усе зьвярнулі ўвагу, што апошнім часам Цапкала даволі моцна крытыкаваў цяперашнюю мадэль, ролю сілавых структур у эканоміцы краіны

Таму тут прычыны, на мой погляд, іншыя. Выкажу дзьве гіпотэзы, якія не супярэчаць адна адной. Справа ў тым, што ПВТ — гэта афшор. Там існуюць вельмі льготныя ўмовы падаткаабкладаньня. І ня першы раз некаторыя ведамствы замахваліся на гэтыя льготы, спрабавалі іх зьменшыць. На форумах разгарэлася вялікая дыскусія наконт мэтазгоднасьці такіх вялікіх льготаў для ПВТ. Таму, магчыма, пры чарговым абмеркаваньні пытаньня аб ліквідацыі льгот Цапкала заняў жорсткую пазыцыю супраць — і ў выніку канфлікту быў адпраўлены ў адстаўку.

Другая вэрсія. Усе зьвярнулі ўвагу, што апошнім часам Цапкала даволі моцна крытыкаваў цяперашнюю мадэль, ролю сілавых структур у эканоміцы краіны. І тут мы назіраем такі лягічны ланцужок. Памочнік прэзыдэнта Кірыл Руды крытыкаваў эканамічную палітыку, у выніку страціў пасаду і паехаў у ссылку ў Кітай. Прадпрымальнік Кныровіч моцна крытыкаваў існыя парадкі — і апынуўся за кратамі. Вось і яшчэ адна ахвяра «гутарковага жанру».

Цыганкоў: Сапраўды, звальненьне спадара Цапкалы выглядае нечаканым і сэнсацыйным. Бо калі нават часам незалежныя эканамісты і прыводзілі нешта як прыклад таго добрага, што ёсьць у Беларусі, прагрэсіўнага і сучаснага, — гэта менавіта быў Парк высокіх тэхналёгій. Гэта адзінае, што можна было паказаць замежнікам. І сапраўды, там было штосьці добрае і занадта разрэклямаванае.

Цяпер шмат публікацый пра Парк. Але гэта прыклад посьпеху менавіта ў параўнаньні з астатнімі галінамі беларускай эканомікі. А калі супастаўляць з краінамі, параўнальнымі зь Беларусьсю па чалавечым патэнцыяле, то маштаб гэтага посьпеху не такі і вялікі.

Так што сапраўды беларускі ПВТ не выглядае нейкім цудам. Ён выглядае цудам на фоне беларускага МАЗа, БелАЗА і іншых вытворцаў, якія цяпер у стагнацыі

Вось Ізраіль, дзе нашмат больш усё гэта разьвіта і дзясяткі мільёнаў даляраў зарабляе іхняя ІТ-сфэра. Чэхія, якая лічыцца цяпер «Крэмніевай далінай Усходняй Эўропы». Нядаўна якраз Эўраньюс паказваў сюжэт пра Чэхію, таксама там 10 мільёнаў, але і стартапаў, і даходаў у бюджэт у дзясяткі разоў больш, чым у беларускім ПВТ. Ці браць 1,5-мільённую Эстонію — яна на першым месцы ва ўсім сьвеце па парамэтрах інтэрнэт-тэхналёгіяў.

Так што сапраўды беларускі ПВТ не выглядае нейкім цудам. Ён выглядае цудам на фоне беларускага МАЗа, БелАЗА і іншых вытворцаў, якія цяпер у стагнацыі.

Ня толькі ў міністэрствах, але і сярод незалежных эканамістаў ішлі вялікія дыскусіі, ці заслугоўвае на цяперашні момант гэтая сфэра асаблівых ільготаў, дзякуючы якім яна і ўзрасла. Ільготы даюцца на пэўны момант, каб даць штуршок для росту — такая традыцыя ёсьць у рынкавай эканоміцы. Але потым, калі гэты рост атрымаўся, то льготы скасоўваюцца, і гэтая сфэра становіцца канкурэнтнай у параўнаньні з астатнімі.

І нездарма нават вельмі лібэральныя эканамісты ў сваіх артыкулах задаюць пытаньне: калі яны такія пасьпяховыя, чаму яны ня могуць жыць без ільготаў, чаму ня могуць дасягаць гэтага посьпеху без дапамогі дзяржавы? І чаму ІП, які займаецца нейкай маленькай вытворчасьцю або гандлем, мае ад дзяржавы толькі праблемы, а гэтыя кампутаршчыкі ў прывілеяваным становішчы?

Кажуць пра вялікія посьпехі, умоўны мільярд, які ПВТ прынёс для дзяржавы. Але трэба дакладна ставіць акцэнты. Столькі было выраблена ІТ-прадукцыі, але гэта ня тое, што мільярд пайшоў у бюджэт. Нядаўна прагучала лічба, яна вар’іравала, але пасьля доўгіх спрэчак высьветлілі, што недзе 40–50 мільёнаў даляраў ПВТ заплаціў у бюджэт. Мільярд — маецца на ўвазе ўвесь ВУП гэтага парку. А пры гэтым, дзякуючы і сваім ільготам, у бюджэт гэтая сфэра давала ня так і шмат.

Глод: Я разглядаю тры магчымыя прычыны звальненьня Валерыя Цапкалы. Першая, пра якую ўжо казаў Валер Карбалевіч, — Цапкала ня выканаў свайго абяцаньня: па выніках мінулага году зарабіць адзін мільярд даляраў праз экспарт паслугаў. Няма мільярда — саступай пасаду. Асабліва цяпер, калі грошай катастрафічна не хапае, а запазычанасьць Маскве за газ ужо пераваліла за паўмільярда даляраў.

Другі варыянт — інтрыгі ворагаў. А іх у Цапкалы шмат. Зашмат людзей з органаў дзяржаўнага кіраваньня лічаць, што ніякіх асаблівых заслугаў былога дыплямата ў стварэньні і пасьпяховай працы Парку высокіх тэхналёгіяў няма. Маўляў, у ПВТ такія льготныя ўмовы падаткаабкладаньня, што пастаў на чале Парку любога чыноўніка, то ён дасягне ня горшых, а можа, нават і лепшых вынікаў.

Неаднойчы, і гэта ніякая не таямніца, дзяржаўныя чыноўнікі прапаноўвалі істотна зьменшыць ільготы для парку. Аднак Цапкала рашуча выступаў супраць гэтага. Магчыма, нехта ўклаў у вушы Лукашэнку такую думку — без ільготаў Цапкала нічога эфэктыўнага зрабіць ня можа. А тое, што ўчора раніцай Цапкала яшчэ праводзіў нараду з падначаленымі, ні пра што ня кажа — падобных адставак, пра якія высокі чыноўнік даведваецца з мэдыяў, у Беларусі ўжо было даволі шмат.

Неаднойчы, і гэта ніякая не таямніца, дзяржаўныя чыноўнікі прапаноўвалі істотна зьменшыць ільготы для парку. Аднак Цапкала рашуча выступаў супраць гэтага

І, урэшце, трэці варыянт — Цапкалу пакаралі за тое, што ён стаў занадта гаваркі. Я асабіста шмат гадоў ведаю спадара Цапкалу. Ён ніколі ня быў адкрытай публічнай асобай, асьцерагаўся камэнтароў. Аднак апошнім часам яго прарвала. Былы кіраўнік парку актыўна абараняў арыштаванае кіраўніцтва IBA Group, настойваў, як і дэпутатка Ганна Канапацкая, на выключэньні артыкула аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці з Крымінальнага кодэксу.

А цяпер — апошняе. Мы разглядалі варыянты, за што маглі звольніць спадара Цапкалу. Але мы нічога яшчэ не казалі пра ягонае новае працаўладкаваньне. Магчыма, ён пойдзе на падвышэньне. Я асабіста не зьдзіўлюся, калі былога дырэктара ПВТ прызначаць, напрыклад, віцэ-прэм’ерам. А чаму б не? Я добра памятаю словы аднаго высокага беларускага чыноўніка, які падчас нейкага банкету запытаўся ў мяне: «Ведаеце, у чым вялікая сіла беларускай кадравай палітыкі?» І, не дачакаўшыся майго адказу, сказаў: «У яе непрадказальнасьці».

Карбалевіч: Мы маем такі фэномэн, як Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень», у якога таксама вялікая колькасьць ільготаў, але яны абсалютна не працуюць. А ў ПВТ гэтыя льготы працуюць.

Цыганкоў: Так, але той жа парк у Крэмніевай даліне ў Лос-Анджэлесе неяк працуе без усялякіх ільготаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG