Ініцыятыва «Хайсы» была створаная ў сакавіку 2015 году — праз пэўны час пасьля таго, як сябру КХП БНФ Яну Дзяржаўцаву стала вядома пра месца расстрэлу мірных грамадзян каля аднайменнай вёскі ў Віцебскім раёне.
Ініцыятыва «Хайсы» патрабуе адкрыць праўду пра масавае пахаваньне ля Віцебску
У лесе каля вёскі былі знойдзеныя чалавечыя парэшткі — косьці і чарапы з кулявымі адтулінамі. Пра гэта актывісты напісалі заявы ў пракуратуру, міліцыю, Сьледчы камітэт і мясцовы выканкам. І пачалі зьбіраць сьведчаньні мясцовых старажылаў, якія прыгадвалі пра тое, што ў гэтым лесе ў 1936-37 гадах адбываліся расстрэлы мірнага насельніцтва. Аднак мясцовыя ўлады не прызнаюць гэта за праўду.
Пасьля апытаньня ў Сьледчым камітэце актывістаў практычна адхілілі ад справы: ім так і не ўдалося даведацца пра лёс часткі парэшткаў, забраных нібыта на дасьледаваньні; не ўключылі ўдзельнікаў ініцыятывы «Хайсы» і ў склад аргкамітэту, які займаўся ўшанаваньнем памяці загінулых. Зрэшты, і адбылося гэта зусім ня так, як меркавалі актывісты: пасьля эксгумацыі парэшткаў спэцыялістамі 52-га пошукавага батальёну, насуперак сьведчаньням мясцовых жыхароў, былі зроблены высновы, што ў лесе пад Хайсамі знойдзена невядомае пахаваньне ахвяраў мінулай вайны. І парэшткі — зноў-такі не запрасіўшы тых, хто першымі запатрабаваў расьсьледаваньня — перапахавалі на брацкіх могілках каля чыгуначнай станцыі «Лосьвіда».
Віцебскі райвыканкам цьвердзіць, што яму нічога невядома пра чалавечыя парэшткі
Падчас апошняга пасяджэньня аргкамітэту ініцыятывы «Хайсы» давялося канстатаваць, што канструктыўнага супрацоўніцтва з мясцовымі ўладамі не атрымліваецца. Вынікі леташняй працы — гэта некалькі ўсталяваных у лесе пад Хайсамі крыжоў і працяглае бясплённае ліставаньне з афіцыйнымі структурамі.
Пра апошні ліст зь Віцебскага райвыканкаму расказаў сакратар ініцыятывы «Хайсы» Кастусь Смолікаў:
«Ад імя сяброў партыі БНФ я зьвярнуўся да старшыні райвыканкаму з просьбай выклікаць пошукавы батальён для дасьледаваньняў у лясным масіве каля вёскі Хайсы — бо там, паводле мясцовых жыхароў, ёсьць яшчэ не адно масавае пахаваньне, а таксама на месцы сталінскіх расстрэлаў каля вёскі Паляі і ва ўрочышчы Цёплы Лес. Нягледзячы на тое, што страшныя знаходкі пад Хайсамі выклікалі шырокі грамадзкі розгалас, на шматлікія публікацыі ў СМІ пра месцы масавых пахаваньняў у Віцебскім раёне, на звароты актывістаў у розныя інстанцыі, у тым ліку і ў адміністрацыю Віцебскага раёну, я атрымаў дзіўны, мякка кажучы, адказ. У лісьце з подпісам намесьніцы старшыні райвыканкаму Ксеніі Карабач, зь якой мы неаднаразова сустракаліся і ліставаліся, было напісана, што ў органы ўлады ніякай «інфармацыі пра знаходкі касьцявых парэшткаў не паступала». Ні словам ня згадваецца аб працы пошукавікаў увосень 2015 году, і ў пэрспэктыве, пішуць з райвыканкаму, «падстаў для правядзеньня пошукавых работ няма».
Актывісты патрабуюць, каб на ўгодкі трагічных падзеяў 1937-га ўлады далучыліся да ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінізму
На думку старшыні ініцыятывы Яна Дзяржаўцава, мясцовыя ўлады сьвядома ўтойваюць праўду пра зьнішчэньне мясцовага насельніцтва ў навакольлях Віцебску. Тым ня менш ёсьць зьвесткі, што ў 1937 годзе непадалёк ад гораду былі расстраляны некалькі соцень вязьняў віцебскай турмы, асуджаных «тройкамі» за «шпіянаж», удзел у антысавецкіх групоўках і гэтак далей.
Скласьці сьпісы расстраляных пад Віцебскам вязьняў — гэта адна з найбліжэйшых задач ініцыятывы «Хайсы», кажа Ян Дзяржаўцаў:
«Над складаньнем сьпісаў ахвяраў, запісам сьведчаньняў старажылаў, усталяваньнем мэмарыяльных крыжоў даўно вядзецца сталая праца. У плянах на наступны год — зварот у гарвыканкаму з прапановай зрабіць памятную шыльду на будынку віцебскай турмы, дзе трымалі нявінных людзей у гады сталінскага тэрору; запыт у Сьледчы камітэт наконт часткі парэшткаў, якія былі вывезены з Хайсоў і зьніклі; прапанова да Акадэміі навук, каб заплянаваць візыт археолягаў з мэтай дасьледаваць мясьціны сталінскіх расстрэлаў».
У плянах актывістаў і напісаньне кнігі пра сталінскія расстрэлы пад Віцебскам, і стварэньне дакумэнтальнага фільма на падставе ўспамінаў сьведкаў, і падрыхтоўка фотавыставы са здымкаў, якіх ужо багата назьбіралася за час дзейнасьці ініцыятывы «Хайсы». Прычым было вырашана зьвярнуцца па дапамогу да музэйных работнікаў, каб яны таксама далучыліся да гэтай працы.
Пытаньне пра тое, у якім ключы кантактаваць з уладамі, выклікала гарачую дыскусію прысутных. Спадар Дзяржаўцаў прапанаваў напісаць гнеўны зварот да кіраўніцтва Віцебскага раёну з канстатаваньнем таго, што ўлады ня хочуць адкрываць грамадзкасьці праўду пра «Віцебскія Курапаты». Ягоныя апанэнты заўважылі, што ў такім разе будзе неканструктыўным пазьней зьвяртацца да чыноўнікаў зь любымі прапановамі пра ўшанаваньне памяці ахвяраў сталінізму. Неадназначную рэакцыю выклікала й прапанова паставіць у прыклад беларускім дзеяньні расейскіх уладаў, якія робяць пэўныя захады дзеля дасьледаваньняў падзей 1930-х. Больш выніковым у гэтым кірунку актывісты прызналі досьвед балтыйскіх краінаў.
Таксама ўдзельнікі дыскусіі вырашылі рыхтаваць дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятывы «Хайсы» ў якасьці грамадзкай арганізацыі. Гэта дазволіла б весьці дыялёг з мясцовымі ўладамі і сьледчымі органамі на больш аўтарытэтных падставах.