Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Культура замест барыкадаў: кіеўскі пісьменьнік Мікола Рабчук пра супольнасьць лёсаў беларусаў і украінцаў


На фота (зьлева направа) — Ігар Бабкоў, Андрэй Хадановіч, Мікола Рабчук і Наталка Бабіна
На фота (зьлева направа) — Ігар Бабкоў, Андрэй Хадановіч, Мікола Рабчук і Наталка Бабіна

24 студзеня ў менскім Прэс-клюбе адбылася сустрэча-дыскусія з украінскім паэтам і празаікам Міколам Рабчуком. Творца, якога на радзіме лічаць ключавой фігурай інтэлектуальнага жыцьця, падзяліўся зь беларускай інтэлігенцыяй сваімі поглядамі, датычнымі нацыянальнай ідэнтычнасьці, і расказаў, чым «мяккая сіла» лепшая за барыкады.

Мадэратарам выступіў культуроляг Ігар Бабкоў, у якасьці сьпікераў у дыскусіі ўзялі ўдзел літаратарка Наталка Бабіна і паэт Андрэй Хадановіч. Таксама прысутнічалі прадстаўнікі амбасады Ўкраіны ў Беларусі.

Зразумець Украіну, зразумець Беларусь

Ігар Бабкоў
Ігар Бабкоў

— У межах Году ўкраінскай літаратуры мы праводзім кампанію «Зразумець Украіну» і зрабілі акцэнт на «ціхіх падзеях», па магчымасьці пазбаўленых палітычнага складніку, бо ўпэўненыя: сёньня людзям лепш нагадваць пра нацыянальную самасьвядомасьць не праз агітацыю і сьцягі, а праз культурніцкія, асьветніцкія мерапрыемствы. Найлепшы спосаб супрацьстаяць імпэрскай агрэсіі — разьвіваць уласную культуру. Падкрэсьліваю, варта выстройваць культуру, а не барыкады, — прамовіў на пачатку імпрэзы Ігар Бабкоў.

Упершыню Мікола Рабчук апынуўся ў Менску 40 гадоў таму, калі прыяжджаў на гастролі з украінскім тэатрам, дзе працаваў інжынэрам-асьвятляльнікам. Другі раз Рабчук наведаў беларускую сталіцу ў 2000 годзе на «цягніку пісьменьнікаў» — адмысловым саставе, у якім літаратары абедзьвюх, ужо незалежных, краінаў падарожнічалі разам.

Мікола Рабчук
Мікола Рабчук

— Я стараюся сачыць за падзеямі ў Беларусі, чытаць тутэйшую прэсу, падтрымліваць кантакт з калегамі. Свой першы ўрок беларускай мовы я атрымаў ад Валера Мазынскага, калі той у канцы 70-х гадоў прывёз у Львоў тэатар імя Якуба Коласа. Спэктаклі ішлі па-беларуску, тады я пачуў жывую мову. Пазьней я сказаў сябрам, што хадзіў на тыя спэктаклі, а яны надта зьдзівіліся: «Як ты разумееш?!». Але ж сапраўды, амаль кожнае слова было мне зразумелае, — прыгадвае Рабчук.

Пісьменьнік параўноўвае падабенства беларускай і ўкраінскай моваў з чэскай і славацкай. На ягоную думку, гэтае падабенства паўстала таму, што Беларусь і Ўкраіна падзеленыя толькі адміністрацыйнай мяжою — у адрозьненьне ад Расеі, якая знаходзіцца «па-за цывілізацыйным кардонам».

— Пра нацыянальную ідэнтычнасьць сказана шмат слоў і напісаны дзясяткі кніжак. Хацеў бы дадаць да сказанага: цяпер і ў нас, і ў беларусаў працэс фармаваньня гэтай ідэнтычнасьці ідзе вельмі дынамічна. Тут можна вылучыць дзьве асноўныя тэзы: безумоўна, беларуская і ўкраінская самасьвядомасьці фармаваліся прыкладна паводле аднаго і таго ж узору і ў аднолькавы гістарычны пэрыяд. Але адрозьненьне нашых шляхоў у тым, што Ўкраіна часткова атрымала спадчыну Габсбургаў яшчэ да сярэдзіны ХІХ стагодзьзя, такі своеасаблівы празаходні ўхіл. А Беларусь, на мой погляд, больш трапіла пад мэнтальны ўплыў Расейскай імпэрыі. Тым ня менш напрыканцы савецкай эпохі мы зноў апынуліся ў роўных умовах: краіны прагнулі незалежнасьці, імкнуліся да яе, — разважае спадар Рабчук.

Дзьве Ўкраіны, дзьве Беларусі

— Пішучы пра дзьве Ўкраіны, я ня маю на мэце падзяліць яе, як можна часам пачуць ад крытыкаў. Гаворка ідзе пра два асобныя праекты: сьветапогляд, заснаваны на архаічных, імпэрскіх каштоўнасьцях і зусім іншы, мадэрновы. Вось што маецца на ўвазе пад «дзвюма Ўкраінамі». Думаю, гэтыя дзьве адрозныя сыстэмы каардынат лёгка назіраць і ў сёньняшняй Беларусі, — кажа творца.

Ігар Бабкоў заклікаў суразмоўцаў падыскутаваць з Рабчуком і адшукаць тлумачэньне кантрасту, які сёньня заўважны паміж дзьвюма краінамі.

Андрэй Хадановіч
Андрэй Хадановіч

— Для параўнаньня нашых мэнталітэтаў можна прывесьці добры прыклад — далучыўся Андрэй Хадановіч. — Памятаю, я распавядаў яго ўкраінскім калегам: фальклёрная песьня «Бедная галота» па-беларуску гучыць як «Бедная басота». Сюжэт вядомы: хлопцы выпіваюць, багаты дзядзька іх крыўдзіць і ўрэшце атрымлівае ў карак. Беларуская вэрсія на дзесяць радкоў даўжэйшая. Калі дзядзька ўпершыню абражае беларуса, той пачынае вельмі ветліва зь ім спрачацца і пераконваць працягнуць сьвята, і толькі, калі пан нахабна адмаўляецца, беларус б’е. Дык вось, тых радкоў па-ўкраінску няма. Бо ўкраінец адразу пачынае біцца. Часам памяркоўнасьць усё псуе нам, але часам ідзе на карысьць. А ў шчасьлівыя моманты Ўкраіна на крок ці на два апярэджвае Беларусь. Праўда, нам моцна бракуе мовы...

Мовы вясковыя і гарадзкія

Мікола Рабчук
Мікола Рабчук

— Раней мы так моцна не заўважалі падзелу на расейскую і ўкраінскую мовы, — гаворыць Рабчук, — Існавала «сялянская» і «гарадзкая» мова. На вёсцы было нормай гаварыць па-ўкраінску. Калі чалавек хацеў прабіцца ў горадзе, зрабіць кар’еру, ён пераходзіў на расейскую.

— Стэрэатыпы вельмі падобныя! Да 80-гадоў мінулага стагодзьдзя беларуская лічылася сярод абывацеляў «вясковай». Але раптам сытуацыя зьмянілася: нацыянальная мова стала адметнасьцю і рухавіком мясцовай інтэлігенцыі, прыхільнікаў незалежнай Беларусі, — гаворыць Хадановіч, — Пасьля прыйшла новая ўлада, і мова, прапушчаная празь мясарубку, стала рысай апазыцыі. Комплекс трываў больш за 10 гадоў. Але і ён скончыўся, бо апазыцыйныя палітыкі сталі прагматычнымі. З пачаткам трэнду на беларусізацыю, вышыванкі, нацыянальныя сымбалі, мова зноў распаўсюдзілася ў грамадзкіх колах, робіцца ўласьцівасьцю адукаваных людзей, незалежна ад палітычных партыяў. Цікава, што пры невялікай колькасьці носьбітаў беларуская мова можа дазволіць сабе такі снабізм.

Мікола Рабчук і Наталка Бабіна
Мікола Рабчук і Наталка Бабіна

— У прынцыпе, у дзьвюхмоўі няма нічога страшнага, — лічыць Рабчук, — Але я цалкам упэўнены: гэта ў першую чаргу калектыўнае пытаньне правоў чалавека. Чаму, прыходзячы ў банк ці кавярню, мы мусім чуць: «Мне так удобнее»? Не, я супраць. Базавае пачуцьцё такту абавязвае афіцыянта пераходзіць на ўкраінскую, бо я ў сябе на радзіме, прыйшоў са сваімі грашыма, маю прыярытэт як кліент і хачу пачуць менавіта гэтую мову. Калі павага да правоў грамадзян адсутнічае, дзьвюхмоўе губляе сэнс. Мая сяброўка казала: «Хочаце мець дзьве мовы? То спачатку вывучыце ўкраінскую!»

У канцы імпрэзы Мікола Рабчук падзякаваў беларускім калегам за шчырую гутарку. Сёньня, 25.01, пісьменьнік выступіць з прамовай на прыёме ва ўкраінскай амбасадзе.

***

Мікола Рабчук — кіеўскі паэт, празаік, адзін зь лідэраў украінскага інтэлектуальнага асяродзьдзя. Стваральнік часопіса «Дух і літера» і аддзелу культуры газэты «День».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG