Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Інтэрфакс»: на абломках Ту-154 ня знойдзена сьлядоў выбухоўкі


На фрагмэнтах самалёту Ту-154, які разьбіўся ля ўзьбярэжжа Сочы, а таксама на рэштках яго пасажыраў, ня выяўлена сьлядоў выбухоўкі і пашкоджаньняў, якія сьведчаць аб зьнешнім узьдзеяньні, паведамляе «Інтэрфакс».

Крыніца агенцтва заявіла, што вэрсія пра тэракт на дадзены момант не пацьвярджаецца.

Палёты самалётаў Ту-154, якія выкарыстоўваюць расейскія сілавыя ведамствы, прыпыненыя ў сувязі з расьсьледаваньнем прычынаў катастрофы на Чорным моры, перадае «Інтэрфакс».

Таксама паведамляецца, што выяўлена месцазнаходжаньне яшчэ двух загінулых пры крушэньні Ту-154, і бліжэйшым часам яны будуць узьнятыя на паверхню. Такім чынам, агульная колькасьць знойдзеных целаў, паводле «Інтэрфаксу», складае 16.

Раней стала вядома, што знойдзеная і ўзьнятая на паверхню «чорная скрыня» самалёту. Крыніца паведаміла, што першыя зьвесткі зь яе могуць быць атрыманыя да канца тыдня. Ваенны самалёт даставіць бартавы самапісец у Цэнтральны навукова-дасьледчы інстытут Ваенна-паветраных сілаў Расеі.

Самалёт Ту-154 Мінабароны Расеі разьбіўся ў нядзелю раніцай, неўзабаве пасьля вылету з Сочы, адкуль ён накіроўваўся ў Сырыю. На борце знаходзіліся 92 чалавекі — усе яны загінулі. У ФСБ заявілі, што не разглядаюць вэрсію пра тэракт, а прычынай катастрофы магла быць адмова рухавікоў з прычыны няякаснага паліва, тэхнічная няспраўнасьць або памылка пілёта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG