Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў філёзаф і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч.
Катастрофа расейскага самалёта над Чорным морам выклікала вялікую сварку ў беларускім сэгмэнце Фэйсбуку. Частка людзей падкрэсьлена адмаўляецца выказваць спачуваньні загінулым, тлумачачы гэта тым, што самалёт быў вайсковы і наагул смуткаваць па грамадзянах краіны-агрэсара ня трэба. Іншыя адстойваюць супрацьлеглы пункт гледжаньня: кім бы ні былі загінулыя, трэба ставіцца да іх са спачуваньнем.
Філёзаф і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч лічыць, што ў такой сварцы беларусаў вакол катастрофы Ту-154 няма нічога анамальнага — гэта вынік абурэньня людзей агрэсіўнай палітыкай Масквы.
«Прычыны тых ці іншых рэакцыяў больш-менш зразумелыя, бо такое нахабнае, агрэсіўнае стаўленьне Расеі да Ўкраіны (у першую чаргу) і апошнім часам да Беларусі — яно, вядома, выклікае абурэньне і нянавісьць да Расеі. У нерэфлексіўных людзей, людзей з простымі рэакцыямі яно правакуе помсьлівае стаўленьне — маўляў, так вам і трэба», — кажа ён.
Аднак гэта ня значыць, што рэакцыя «так вам і трэба» — правільны падыход, адзначае Мацкевіч.
«Я думаю, гэта вялікае перабольшаньне — абвяшчэньне жалобы разам з Расеяй з гэтай нагоды. Але ж і радасьць ад таго, што загінуў расейскі вайсковы самалёт, — гэта таксама недарэчнасьць. Людзі павінны заставацца людзьмі ўва ўсіх абставінах — і годнасьць чалавечая ў вайне праяўляецца ў літасьці, у спачуваньні да загінулых. Бо ў самай жорсткай вайне, калі ў бітвах гінуць людзі, то пераможцы іх хаваюць, а ня кідаюць проста так. Незалежна ад таго, якія людзі загінулі і як мы да іх ставімся. У пэўным сэнсе гэта маральнае выпрабаваньне, і думаю, што збольшага беларусы ўсё ж вытрымоўваюць гэтае маральнае выпрабаваньне — па-чалавечы ставячыся да гэтых падзеяў», — мяркуе філёзаф.
Між тым Мацкевіч лічыць, што за апошнія некалькі гадоў, з таго моманту, калі пачалася вайна на Данбасе, адбылася пэўная радыкалізацыя беларускага грамадзтва.
«Падаецца, што жорсткасьць трохі павялічылася. Хаця хутчэй адбылася палярызацыя. Людзі, якія нэўтральна, індыфэрэнтна ставіліся да Расеі, сёньня становяцца так званымі „русафобамі“. Расея дае падставу для такога стаўленьня да сябе. І беларусы як людзі, якія звонку назіраюць за гэтым канфліктам, ня могуць не рабіць высноваў, не мяняць свайго стаўленьня. Палярызацыя адбываецца, і калі такая палярызацыя цягнецца доўга, то яна можа прыводзіць да радыкалізацыі пачуцьцяў, што мы і назіраем цяпер», — кажа ён.