Самалёт Ту-154 Мінабароны Расеі, на борце якога знаходзіліся 84 пасажыры і 8 чальцоў экіпажу, пацярпеў крушэньне.
16.50
У Сочы прыбылі першыя сваякі загінулых пры крушэньні самалёта Ту-154. У зале прылёту ў аэрапорце іх сустрэлі псыхолягі, паведамляе ТАСС. У раёне крушэньня лайнэра ў Чорным моры працягваюцца пошукавыя працы. Ратавальнікі знайшлі целы 12 ахвяраў авіякатастрофы.
14.10
Панядзелак у Расеі абвешчаны агульнанацыянальным днём жалобы па загіблых у выніку авіякатастрофы Ту-154. Пра гэта заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін.
Цяпер у раёне катастрофы Ту-154 у Чорным моры ідуць пошукавыя працы. На дадзены момант знойдзены чатыры целы загіблых.
Самалёт ТУ-154 Міністэрства абароны Расеі, які пацярпеў крушэньне ў Чорным моры
Фота зробленае 15 студзеня 2015 году на Чкалаўскій ваенным аэрадроме
Загіблыя журналісты «Першага тэлеканалу»
12.35
Мінабароны Расеі ўдакладніла, што на борце Ту-154 знаходзіліся 93 чалавекі, а не 92, як паведамлялася раней — артыстаў ансамбля імя Аляксандрава было 65, а не 64.
Самалёт Ту-154, які пацярпеў крушэньне ў Чорным моры, быў выпушчаны ў 1983 годзе, восеньню гэтага году прайшоў плянавае абслугоўваньне, ім кіраваў дасьведчаны пілёт, паведамляе «Інтэрфакс» .
Сьледчы камітэт РФ распачаў крымінальную справу па артыкуле «парушэньне правілаў палётаў, якое пацягнула цяжкія наступствы». У сваю чаргу выданьне «Фонтанка» са спасылкай на ананімную крыніцу паведамляе, што ФСБ адпрацоўвае вэрсію тэракту.
________________________________________
12.02
Муж Лізаветы Глінка пацьвердзіў «Снобу», што ягоная жонка знаходзілася на борце Ту-154.
11.40
Кіраўнік Савета па правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі Міхаіл Фядотаў паведаміў, што Лізавета Глінка ляцела ў Сырыю, каб адвезьці мэдыкамэнты ў шпіталь.
«Мы да апошняга спадзяваліся на цуд. А яна сама была цудам, нябесным пасланьнем пра дабрачыннасьць», – сказаў Фядотаў, заява якога разьмешчана на сайце СПЧ.
11.30
Апошні фотаздымак Самалёт Ту-154
11.10
На борце знаходзіўся ансамбаль песьні і танца Мінабароны імя Аляксандрава: 64 артыста ляцелі на навагодні канцэрт, які павінен быў прайсьці на расейскай ваеннай базе Сырыі. Іх суправаджалі здымачныя групы Першага канала, НТВ і тэлеканала «Звезда» (па тры чалавекі ў кожнай).
У сьпісе пасажыраў — лекар Лізавета Глінка, больш вядомая ў Расеі як «Доктар Ліза». Але, паводле некаторых крыніц, яна магла сысьці з самалёта ў Сочы і не ляцець у Сырыю.
Знакаміты лекар і філянтроп Лізавета Глінка зьяўляецца заснавальніцай дабрачыннага фонду «Справядлівая дапамога», які займаецца матэрыяльнай і мэдыцынскай падтрымкай. Актыўна дапамагала людзям, якія пацярпелі падчас канфлікту на Данбасе, прыяжджала на тэрыторыю «ДНР». Пасьля пачатку расейскай ваеннай кампаніі ў Сырыі таксама наведвала гэтую краіну з гуманітарнымі місіямі.
________________________________________
Як перадае «Інтэрфакс», самалёт ТУ-154 вылецеў з Сочы ў 05:20, а ў 05:40 зьнік з радараў дыспэтчараў. На борце знаходзіліся вайскоўцы, 9 прадстаўнікоў расейскіх СМІ, а таксама артысты ансамбля імя Аляксандрава, якія ляцелі віншаваць з Новым годам расейскіх салдат у Сырыі.
«Па папярэдніх дадзеных, ён (самалёт Ту-154 — РС) зваліўся ў Чорнае мора», — паведамляе ТАСС са спасылкай на крыніцу ў сілавых структурах. Фрагмэнты самалёта знойдзены ў 6 км ад берагу.
Паведамляецца, што на борце самалёта маглі знаходзіцца журналісты «Першага канала» і тэлеканала «Зорка».