Міністэрства абароны Расеі ў нядзелю другі раз удакладніла сьпіс людзей, якія знаходзіліся на борце самалёта ТУ-154, што прапаў раніцай з радараў, а потым яго абломкі былі выяўленыя ў Чорным моры. Паводле апошніх зьвестак расейскіх вайскоўцаў, на борт самалёта селі 92 чалавекі, як паведамлялася першапачаткова, а не 93.
«Раён авіякатастрофы самалёта Ту-154 вызначаны. Тых, хто выжыў, не відаць... Паводле ўдакладненых зьвестак, у цяперашні час на борт выратавальнага судна паднята 11 целаў загінулых», — гаворыцца ў паведамленьні Мінабароны.
Ратавальна-пошукавая апэрацыя працягваецца. Паведамляецца, што ўмовы надвор’я ў раёне правядзеньня работ спрыяльныя.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў у панядзелак у краіне агульнанацыянальную жалобу па загінулых.
Самалёт ТУ-154 Міністэрства абароны Расеі зьнік з экранаў радараў неўзабаве пасьля ўзьлёту ўчора ў 05:40 па мясцовым часе з паўднёвага гораду Адлер на шляху да расейскай авіябазы Хмэймім, паблізу сырыйскага гораду Латакія.
На борце было 8 чальцоў экіпажу і 84 пасажыры, у тым ліку музыканты Акадэмічнага ансамбля расейскай арміі імя Аляксандрава і дзевяць расейскіх журналістаў. Сярод пасажыраў самалёта была і сябра Савету пры прэзыдэнце Расеі ў пытаньнях разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека, старшыня дабрачыннага фонду «Справядлівая дапамога» Лізавета Глінка, вядомая таксама пад мянушкай «Доктар Ліза». На расейскай вайсковай авіябазе ў Сырыі меўся быць навагодні канцэрт. Пазьней стала вядома, што фрагмэнты самалёта знайшлі за 1,5 кілямэтра ад узьбярэжжа гораду Сочы ў Чорным моры.