Дата дня
24 сьнежня 1942 году ў Трасьцянцы пад Менскам быў закатаваны немцамі Вінцэнт Гадлеўскі, беларускі каталіцкі сьвятар, грамадзкі дзяяч і публіцыст.
Ксёндз Гадлеўскі ўваходзіў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, стварыў Беларускую хрысьціянскую дэмакратыю і быў рэдактарам газэты «Крыніца», пераклаў на беларускую мову Новы Запавет.
Таксама ў гэты дзень
1223 — у Італіі Сьвяты Францішак з Асізі зладзіў першую ў сьвеце калядную батлейку.
1659 — падчас Трынаццацігадовай вайны маскоўскія войскі па пераходзе Буга захапілі Заблудаў і забілі месьцічаў, што схаваліся ў касьцёле.
1812 — войскі Напалеона пакінулі тэрыторыю сучаснай Беларусі.
1914 — на заходнім фронце Першай сусьветнай вайны пачалося Каляднае замірэньне — кароткае неафіцыйнае спыненьне баявых дзеяньняў паміж брытанскімі і францускімі вайскоўцамі з аднаго боку і нямецкімі з другога.
У гэты дзень нарадзіліся
1784 — Зарыян Даленга-Хадакоўскі, беларускі археоляг, фальклярыст, этнограф, дыялектоляг.
1798 — Адам Міцкевіч, польскі паэт беларускага паходжаньня.
1891 — Адам Пучкар-Хмялеўскі, беларускі рэлігійны дзяяч.
1904 — Алесь Дудар, беларускі паэт, крытык, перакладчык.
У памяці
1524 — памёр Васка да Гама, партугальскі падарожнік.
1982 — памёр Люі Арагон, выдатны францускі пісьменьнік, крытык ды грамадзкі дзяяч.
Што будзе?
Падчас апошняга пасяджэньня трохбаковай кантактнай групы было прынята рашэньне спыніць ад 24 сьнежня баі на Данбасе. Гэта далёка ня першае замірэньне на Данбасе за апошнія два гады, але ўсе яны былі парушаныя.
Калядныя кірмашы
«Прастора добрых падарункаў»
У Менску пройдзе калядны кірмаш «Прастора добрых падарункаў». Акрамя гандлёвай часткі, арганізатары анансавалі літаратурна-музычную і забаўляльную праграмы, акцэнт у якіх будзе зроблены на дзетак. Маленькіх наведнікаў чакаюць пачастункі, фатазона, майстар-клясы ад рамесьнікаў, настольныя гульні, вершы і песьні.
Менск, ГЦ «Купалаўскі» (ст. м. Купалаўская / ст. м. Кастрычніцкая).
Пачатак аб 11-й гадзіне.
Уваход вольны.
Handmade-кірмаш «Таямнiцы майстэрства»
На кірмашы зьбярэцца большасьць handmade-майстроў беларускай сталіцы, ня толькі дзеля продажу сваёй прадукцыі, але і шэрагу майстар-клясаў па ганчарстве, скрапбукінгу і росьпісу статуэтак. Наведнікаў таксама чакаюць паказы дызайнэрскіх калекцыяў і творчыя выступы.
Менск, ГЦ «Е-сіці» (вул. Дзянісаўская, 8).
Пачатак а 9-й гадзіне.
Канцэрты
«Калядны драйв» у Віцебску
Падчас каляднага канцэрту 25 сьнежня ў адноўленым пабе «Торвальд» выступяць гурты Vuraj, «Восьмыдзень» і «Стары Ольса», музыкі якога нядаўна вярнуліся з амэрыканскага туру.
Як сталічны выкладчык перакваліфікаваўся ў правінцыйныя бармэны
Віцебск, арт-паб «Торвальд» (вул. Талстога, 1).
Пачатак у 20:30.
Квіткі каштуюць 10-18 рублёў.
Канцэрт гурту NRM
Музыкі гурту-легенды беларускага року прапануюць разьвітацца з 2016-м годам у кампаніі старых і новых песень. Арганізатары абяцаюць, што канцэрт пройдзе, як сямейная імпрэза, на якую запрошаныя самыя блізкія сябры.
Менск, бар «Графіці» (зав. Калініна, 16).
Пачатак а 19-й гадзіне.
Квіткі каштуюць 12-20 рублёў.