Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяртаньне УЭХЛ


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

Здаецца, ня так даўно, у блогу «Навошта нам КХЛ», я пісаў пра пытаньне Барыса Маёрава да кіраўніцтва Кантынэнтальная хакейнай лігі.

Нагадаю, легенда савецкага хакею, двухразовы алімпійскі чэмпіён Барыс Маёраў задаў пытаньне: навошта КХЛ прымае ў свой турнір замежныя клюбы. Якая зь іх карысьць расейскаму хакею?

У адказ я таксама задаўся пытаньнем, навошта нам тая КХЛ, дзе ніколі не спадзяесься на тое, што правілы не памяняюцца пад час сэзону, дзе нерасейскіх хакеістаў лічаць легіянэрамі з усімі прававымі наступствамі, дзе любы нерасейскі клюб, пры ўсіх станоўчых раскладах, наўрад ці здолее перамагчы ў турніры.

Ня ведаю, пэўна так супала ці на гэта ёсьць іншыя прычыны, але пачаліся працэсы аднаўленьня былой Усходне-Эўрапейскай Хакейнай Лігі, прынамсі пра задумкі аднавіць УЭХЛ разважаў на старонках «Прэсболу» старшыня нашай хакейнай фэдэрацыі Ігар Рачкоўскі.

Паралельна пра аднаўленьне УЭХЛ казаў прэзыдэнт Латвійскае фэдэрацыі Айгарс Калвіціс.

Ня супраць і прадстаўнікі Ўкраіны.

Калісьці, да паўстаньня праекту «“Дынама” ў КХЛ», УЭХЛ была вельмі цікавым хакейным спаборніцтвам, што яднала ў хакейным турніры чатыры, а то й пяць краінаў балта-чарнаморскага рэгіёну, прыносіла някепскі палітычны капітал і, адпаведна, міжнародны аўтарытэт Беларускай фэдэрацыі хакея, як ініцыятару й асноўнаму ўкладальніку турніра.

Падобна на тое, што хакей як інструмэнт палітычнае гульні выкарыстоўваецца напоўніцу, у залежнасьці ад патрабаваньняў часу й палітычнае кан'юнктуры.

Усходне-эўрапейская хакейная ліга была пахаваная ў 2004 годзе, на зьмену ёй прыйшоў Адкрыты чэмпіянат Беларусі, дзе працягвалі ўдзельнічаць каманды з Латвіі ды Ўкраіны.

Але падобна на тое, што новы хакейны курс быў ужо прыняты й адпавядаў палітычнаму курсу на інтэграцыю з Расеяй.

Неўзабаве перад роспускам УЭХЛ у 2003 годзе было адроджанае, відаць, з далёкасяжнымі мэтамі, хакейнае «Дынама» Менск і паралельна, на карысьць новапаўсталаму клюбу быў прыдушаны сымпатычны менскі «Керамін», які ня раз быў чэмпіёнам краіны.

Два глябальныя праекты ня могуць існаваць адначасова, таму лёс УЭХЛ быў перадвызначаны.

Але палітычная кан'юктура часам мяняецца.

Калі ў беларускай улады незаладзілася з інтэграцыяй на ўсходнім кірунку, пачалі шукаць паразуменьня з Захадам і думаць над пэрспэктывай Балта-Чарнаморскага вэктару разьвіцьця, адраджэньне УЭХЛ, як адпаведнага й цікавага спартовага праекту пад новы палітычны курс, крок абсалютна лягічны.

Тым больш, што чыста спартовых пытаньняў для незадаволенасьці правіламі КХЛ і раней было дастаткова. Пачынаючы ад легіянэрскага статусу замежных гульцоў у расейскіх камандах КХЛ да няроўнага й несправядлівага падыходу да фінансаваньня расейскіх і замежных клюбаў гэтае лігі.

Нельга сказаць, што Беларуская фэдэрацыя не спрабавала шукаць новыя варыянты, той жа Ігар Рачкоўскі трошкі раней казаў пра абмеркаваньне новай эўрапейскай хакейнай лігі, але, відаць, пакуль вырашана паспрабаваць аднавіць добра знаёмую УЭХЛ.

Ці азначае гэта ў пэрспэктыве выхад менскага «Дынама» з КХЛ, сказаць цяжка, але як было заўважана вышэй, двум глябальным хакейным праектам суіснаваць цяжка.

У любым выпадку УЭХЛ праект цікавы й адпаведны часу. Партал tribuna.com нават уявіў, як магла б выглядаць адроджаная Ўсходне-эўрапейская хакейная ліга.

Трэба сказаць, што партрэт новай адзінай балта-чарнаморскай хакейнай прасторы паказаны калегамі атрымаўся прывабным.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG