Дата дня
14 сьнежня 1586 году ў Горадні ўпершыню ва Ўсходняй Эўропе было зроблена патолягаанатамічнае ўскрыцьцё цела нябожчыка. Тым нябожчыкам быў кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторы, які памёр за два дні да таго. Спрабуючы вызначыць прычыну ягонае сьмерці, лекары доўга не маглі прыйсьці да згоды. Таму і пастанавілі зрабіць патолягаанатамічнае дасьледаваньне.
Таксама ў гэты дзень
1782 — браты Мангальф’е запусьцілі першы паветраны шар.
1825 — група рэвалюцыйна настроеных расейскіх афіцэраў зладзіла ў Санкт-Пецярбургу паўстаньне супраць царызму.
1862 — у Менску было відаць паўночнае зьзяньне. Уладзімер Караткевіч назваў гэтую зьяву «прадвесьцем будучай бітвы», маючы на ўвазе паўстаньне Каліноўскага, якое пачалося праз год.
1939 — Савецкі Саюз выключаны са складу Лігі Нацыяў за напад на Фінляндыю.
1949 — Ерусалім абвешчаны сталіцай Ізраілю.
1957 — у газэце «Літаратура і мастацтва» зьявіўся артыкул студэнта факультэту журналістыкі БДУ Барыса Сачанкі «Шанаваць родную мову». Гэта быў першы публічны выступ супраць русыфікацыі амаль за 30 гадоў.
2004 — Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала Прэмію за свабоду думкі імя А. Сахарава.
У гэты дзень нарадзіліся
1503 — Настрадамус, францускі лекар, астроляг і прадказальнік.
1546 — Тыха Браге, дацкі шляхціц, сёньня найбольш вядомы як адзін зь першых астраномаў у Эўропе.
1738 — Ян Мікалай Хадкевіч, дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага
1905 — Мікалай Дарожкін, беларускі міколяг і фітапатоляг, акадэмік АН БССР.
1912 — Уладзімер Кароль, беларускі архітэктар, суаўтар праектаў праспэкту Незалежнасьці, манумэнта Перамогі і будынка Галоўпаштамту ў Менску.
У памяці
1799 — памёр Джордж Вашынгтон, першы прэзыдэнт ЗША.
1941 — памёр Эдуард Вольтэр, этнограф, аўтар кнігі «Матэрыялы да этнаграфіі латыскага племені Віцебскай губэрні».
1989 — ад інфаркту памёр Андрэй Сахараў, савецкі дысыдэнт і праваабаронца. Адзін з галоўных стваральнікаў першай савецкай вадароднай бомбы, выпрабаваньне якой адбылося ў 1953 г. Андрэй Сахараў узначальваў фонд дапамогі дзецям палітвязьняў і бараніў правы чалавека, за што ў 1975 г. атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру.
Куды варта пайсьці і за чым сачыць
У Віцебску 14 сьнежня адбудзецца суд за бел-чырвона-белы сьцяг на акцыі ў дзень нараджэньня Ўладзімера Караткевіча. 26 лістапада, у дзень 86-й гадавіны Караткевіча, віцябляне прыйшлі да помніка пісьменьніку. Адзначаць народзіны беларускага клясыка ўскладаньнем кветак і чытаньнем вершаў стала ўжо традыцыяй. Хрыстафор Жаляпаў, ідучы да помніка ад сваёй машыны, разгарнуў нацыянальны сьцяг. Празь некалькі дзён актывісту патэлефанавалі з РАУСа, каб паведаміць, што завялі адміністрацыйную справу.
Кіно і выставы
Дыскусія пра позьнесавецкі кінэматограф
Эўрапейскі каледж Liberal Arts (ECLAB) ладзіць кінапрагляд стужкі Валера Рыбарава «Сьведка». Пасьля прагляду — абмеркаваньне, як і чаму адбывалася пераацэньваньне ваеннай гісторыі ў савецкім кіно.
Менск, Галерэя «Ў» (пр. Незалежнасьці, 37а).
Пачатак у 18:30.
Уваход вольны.
Выстава «Дыялёг скульптур. Чырвонае. Чорнае. Італьянскі экзэрсіс»
Некамэрцыйная галерэя «Брама» прэзэнтавала 12 сьнежня выставу, якая перанясе наведнікаў зь зімовага Менску ў сонечную Італію. «Брама» — найстарэйшая ў Беларусі прыватная галерэя з 25-гадовай гісторыяй. Новая выстава — гэта супастаўленьне плястыкі і фактуры аб’ёмных аб’ектаў у тэкстылі і мэтале.
Менск, Палац Рэспублікі, мастацкая галерэя «Ўнівэрсытэт культуры» (Кастрычніцкая плошча, 1).
Час працы: 11:00–19:00.
Літаратурныя імпрэзы
Фінал паэтычнага конкурсу «Рухавік»
Шматсэрыйны паэтычны турнір паміж маладымі літаратарамі ідзе зь верасьня. За перамогу будуць змагацца 12 творцаў. Іх задача — зьдзівіць публіку сваёй творчасьцю ўсяго за 5 хвілін.
Менск, арт-цэнтар «Грай» (вул. Інтэрнацыянальная, 33).
Пачатак у 19:00.
Уваход вольны.
Літаратурная вечарына «Тутэйшых»
Незалежнае абʼяднаньне маладых літаратараў «Тутэйшыя» было заснавана ў 1987 годзе. Ня маючы магчымасьці публікаваць свае творы ў афіцыйных выдавецкіх структурах, літаратары пачалі выпускаць альманах «Літаратура». Імпрэза, у якой возьмуць удзел Уладзімер Някляеў і Міхась Скобла, будзе прысьвечана блізкаму ўжо 30-годзьдзю літаратурнага абʼяднаньня.
Менск, Палац Мастацтваў (вул. Казлова, 3).
Пачатак у 18:30.
Уваход вольны.