Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быць «па-над» Беларусьсю — быць бамжом


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Я бачыў толькі інфармацыйныя войны. Але сутнасна яны не адрозьніваюцца ад сапраўдных: нанесьці страты ворагу, прасунуць свае пазыцыі, урэшце захапіць тэрыторыю.

Інфармацыйныя войны звычайна папярэднічаюць сапраўдным.

Праваабаронца на вайне і журналіст на вайне. У абодвух ёсьць прафэсійны кодэкс, які не дазваляе стаць на адзін з варожых бакоў.

Аднойчы я быў на сустрэчы з грузінскім і ўкраінскім журналістам Георгіем Гангадзэ. Мы размаўлялі пра журналісцкую этыку. Пра «быць па-над», рабіць толькі сваю справу. Ён распавёў, што калі расейскія войскі напалі на яго дом — Грузію, ён пайшоў на фронт у Абхазію зь відэакамэрай у адной руцэ — журналіст, і аўтаматам у другой — абаронца. Сказаў, маўляў, уявіце, калі да вас у хату палезуць бандыты, вы ім што — зборнік міжнародных правілаў пакажаце?

Цяпер у дыскусіях пра затрыманьні беларусафобаў я бачу галасы пра перавагу міжнародных правілаў, пра неабходнасьць прызнаць права на выказваньне свайго меркаваньня нават у тых, хто супраць Беларусі. Быць па-над... захадамі па зьнішчэньні Беларусі як дзяржавы?

Дзяніс Рабянок, аўтар звароту ў пракуратуру наконт дзейнасьці «Рэгнуму»:

«Адмаўленьне існаваньня беларускага народу, адкрытае і пасьлядоўнае прыніжэньне беларускай мовы, выціраньне ног аб беларускую гісторыю, заклікі да зьнішчэньня незалежнай беларускай дзяржавы — гэта не палітычныя погляды! Гэта — вайна! Пакуль што інфармацыйная, але я не жадаю, каб яна перарасла ў сапраўдную».

Магчыма, ня ўсе журналісты і праваабаронцы ды грамадзкія дзеячы разумеюць што інфармацыйная вайна супраць Беларусі пачалася. Што людзі жывуць у мірны інфармацыйны час і разважаюць адпаведнымі катэгорыямі «па-над».

«У гісторыі з аўтарамі “Регнума” Бастунец пакуль ня бачыць дастатковых перадумоваў для дзяржаўнага ўмяшальніцтва.

“Калі мы падтрымліваем падобныя дзеяньні ўладаў, мы даем ім карт-блянш на падобныя дзеяньні ў адносінах прадстаўнікоў іншых поглядаў, — падкрэсьлівае галава журналісцкага саюзу”».

Ці ёсьць для спадара Бастунца розьніца між прадстаўнікамі іншых беларускіх поглядаў і прадстаўнікамі іншых расейскіх поглядаў? Затрыманыя «рэгнумцы» былі толькі тэхнікамі, якія агучвалі погляды з Масквы. Погляды, дзе Беларусі як дзяржаве няма месца. Погляды, якія не існуюць самі па сабе, а аформленыя ў сыстэмную працу ў інфармацыйным полі. Працу, якая і ёсьць вайной.

Дзяніс Рабянок:

«Калі ўлада змагаецца з нашым ворагамі — прамаскоўскімі імпэрскімі шавіністамі — ад гэтага Беларусі толькі лягчэй дыхаць будзе!»

Я ўзгадаў, як яшчэ ў канцы 1990-х некаторыя беларускія інтэлектуалы-дэмакраты агучвалі сваю пазыцыю — «лепш Беларусь увойдзе ў склад дэмакратычнай Расеі, чым будзе незалежнай аўтарытарнай».

Расея даўно сама аўтарытарная, але сутнасьць падыходу тых «дэмакратаў» не зьмянілася: «нам у прынцыпе нецікавая Беларусь як дзяржава, як дом. Нам важныя нашы “дэмакратычныя” ідэі, зь якімі мы можам бамжаваць па любых дзяржавах». У нашым выпадку — не мяняючы дысьлякацыі.

«Ну будзе Расея, затое наш прынцып “па-над” застанецца нашым. Будзем “па-над” Расеяй. Будзем “па-над” марсіянамі, калі так складзецца сытуацыя».

Калі шмат разоў паўтарыць «па-над», атрымаецца «пад».

Георгі Гангадзэ загінуў ня ў Грузіі. Ён загінуў на сваёй другой радзіме — Украіне. Журналісту адсеклі галаву. Загінуў за свае прынцыпы: дзе прафэсійныя не супярэчылі чалавечым. І ва Ўкраіне ён ня быў «па-над». Па-над сваім домам. Бо дом у яго быў. І ён ім даражыў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG