Нядаўні «Русский Марш» у Маскве, шчыра кажучы, зьдзівіў. Вобраз рускага нацыяналізму, сфармаваны апошнімі дзесяцігодзьдзямі, сур’ёзна трансфармуецца.
Частка, і не малая, рускіх нацыяналістаў, здаецца, апора й надзея сёньняшняга расейскага рэжыму, моцна незадаволеная дзеяньнямі Крамля. Маўляў, сытуацыю ў краіне ня выправіш, не прыбраўшы Пуціна. Маўляў, нам трэба перадусім займацца сваёй краінай, а ня лезьці з пагрозамі й правакацыямі да суседзяў.
Дактрына «русского мира» падзяліла рускіх нацыяналістаў на дзьве часткі. Адна рушыла захопліваць Крым і Данбас. Іншая прапануе выбачыцца перад Польшчай і краінамі Балтыі за гады савецкай акупацыі. Адна хоча растварыцца ў Эўразійскасьці, іншая заклапочаная рускай нацыянальнай ідэнтыфікацыяй у самой Расеі, вызначыла сваім магістральным шляхам вяртаньне ў Эўропу.
Спроба ісьці да цывілізацыі як роўны чалец эўрапейскае супольнасьці і заняць там месца на правым фланзе сустракае ў Расеі сярод нацыяналістаў даволі шмат прыхільнікаў.
Гэты ўнутрырасейскі канфлікт мае тэндэнцыю да абвастрэньня. Патрабаваньні рускіх нацыяналістаў, якія яны выстаўляюць уладзе, розныя, але канцэптуальнае адно – зьвярнуць увагу на такую расейскую нацыянальнасьць, як рускія. Бо, на іх думку, пры ўсёй дэкляратыўнасьці, нацыянальныя правы рускіх ў Расеі ніхто з улады не зьбіраецца бараніць, калі даходзіць да канкрэтнае справы.
Вядомая руская паэтка, палітоляг і нацыяналістка Марына Струкава пералічвае прэтэнзіі рускіх нацыяналістаў да расейскай улады, маўляў, раскашуюць у Расеі прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў, толькі ня рускія.
Гэта меркаванне спэцыфічнае і яно адрасаванае ўнутранай аўдыторыі найбольш правага крыла расейскага грамадзтва.
Пачаткам трансфармацыі сьвядомасьці рускіх нацыяналістаў стаў захоп Крыму.
Яшчэ адна цытата, прафэсар МГИМО Валеры Салавей:
«Гісторыя рускага нацыяналізму апошніх двух гадоў – гэта гісторыя надзей і іх крушэньня. Надзеі зьвязаныя з геапалітычнымі працэсамі лютага-сакавіка 2014 году (далучэньне Крыму, вайна ў Данбасе), забясьпечылі калясальны ўзьлёт банальнага нацыяналізму ў Расеі, сфакусаванага вакол фігуры Ўладзіміра Пуціна.
Што тычыцца рускіх палітычных нацыяналістаў, то ў адносінах да Крыму й Данбасу яны раскалоліся роўна ў той жа прапорцыі, што і ўсё расейскае грамадзтва (прыкладна 80 адсоткаў супраць 20). Рэзкае размежаваньне па ўкраінскім пытанні сярод іх дайшло да таго, што ва Ўкраіне па розныя лініі фронту ваявалі людзі, якія да гэтага супрацоўнічалі ў рамках адной палітычнай арганізацыі».
Гэтыя прэтэнзіі й крыўды часткі рускіх нацыяналістаў да Крамля маюць сыстэмны характар і выліваюцца ў канкрэтныя дзеяньні. Прынамсі, калі раней ваяваць на баку Ўкраіны ехалі асобныя прадстаўнікі рускіх нацыяналістаў, то цягам часу там сфармаваліся вайсковыя адзінкі, як прыкладам батальён «Норд».
Жыцьцё, а тым больш палітычнае жыцьцё, часам завязваецца ў зусім нечаканыя вузлы, дзе супрацьлеглыя канцы апынаюцца разам.
Пэўна для Беларусі сытуацыя ў гэтым сэнсе такая ж, як і для Ўкраіны, дзе частка рускіх нацыяналістаў сталася спадарожнікамі й хаўрусьнікамі на шляху ў Эўропу.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.