Афіша
Менск — Алесь Камоцкі прадстаўляе новую праграму «Смак лістапада». Рэспублiканскi тэатар беларускай драматургii (вул. Крапоткіна, 44)
Гомель — вечар ушанаваньня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій. Удзельнічае дачка рэпрэсаванага паэта Тодара Кляшторнага — Мая Кляшторная. Гомельская абласная бібліятэка, пачатак 17.30
Берасьце — прадстаўнікі праваабарончай арганізацыі Human Constanta праводзяць прэсавую канфэрэнцыю ў справе чачэнскіх уцекачоў. Прэс-клюб (вул. Харужай), пачатак а 11-ай.
У гісторыі
1905 — у Менску адбылася трагедыя, якая ўвайшла ў падручнікі пад назваю «Курлоўскі расстрэл». У гэты дзень каля вакзала — цяпер цэнтральнага чыгуначнага, а тады ён называўся Віленскім — сабраўся 20-тысячны мітынг менчукоў, якія выступалі супраць манархіі, за дэмакратычную рэспубліку. На загад губэрнатара Курлова супраць дэманстрантаў былі кінутыя паліцыя і войска. Пачалася страляніна, у выніку якой 100 чалавек былі забітыя і каля 300 параненыя.
1937 — карнікамі НКВД быў расстраляны Антон Баліцкі — дзяржаўны дзяяч, адзін з актыўных праваднікоў палітыкі беларусізацыі ў БССР.
1961 — цела Сталіна было вынесенае з маўзалею на Краснай плошчы Масквы.
1968 — Аркадзю Куляшову і Максіму Танку прысвоілі званьні народных паэтаў Беларусі.
У гэты дзень нарадзіліся:
1930 — Леў Гумілеўскі, скульптар, народны мастак Беларусі.
1934 — Тадэвуш Кокштыс, народны артыст Беларусі, актор тэатру імя Якуба Коласа.
1937 — Яўген Кулік, мастак, адзін з аўтараў мадэрнізаванага варыянту герба «Пагоня», які быў зацьверджаны Вярхоўным Саветам у якасьці дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь.
У гэты дзень памерлі:
1932 — Кіпрыян Кандратовіч, расейскі і беларускі вайсковы дзяяч, генэрал, сябра Народнага Сакратарыяту БНР.
1992 — Міхась Ткачоў, гісторык, палітык, ініцыятар аднаўленьня сацыял-дэмакратыі ў Беларусі і першы старшыня Цэнтральнай Рады БСДГ (1991-1992).
1993 — Фэдэрыка Фэліні, выбітны італьянскі рэжысэр.
Цытата
«Нягледзячы на ніякія адкаты, працягваю верыць у наш народ. Што б зь ім не вытваралі, ён застанецца самім сабой: добрым, працавітым, незлабівым і вельмі адважным, рашучым у крытычныя моманты гісторыі, калі на карту ставіцца лёс яго жыцьця...»
Міхась Ткачоў