Як паведаміла маці памерлага Ігара Барбашынскага, суд Слуцкага раёну і Менскі абласны суд адхілілі хадайніцтва адваката аб зьмяненьні меры стрыманьня для яе малодшага сына Івана Барбашынскага.
Нягледзячы на сьмерць старэйшага брата ён, паводле рашэння суду, будзе па-ранейшаму чакаць новых судовых пасяджэньняў у Жодзінскім СІЗА.
У сваім хадайніцтве на імя судзьдзі Юліі Паўленкі, а пасьля ў скарзе на пастанову суду Слуцкага раёну ад 3 кастрычніка 2016-га ў Менскі абласны суд адвакат Юлія Станкевіч лічыць далейшае ўтрыманьне Івана Барбашынскага да суду пад аховай незаконным і неабгрунтаваным.
Абгрунтаваньнем для такой высновы абаронца палічыла тэзісы пастановы пленуму Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь ад 23.12.2010 у рэдакцыі ад 31.03. 2016 году. Згодна з пунктам 5 пастановы, пры праверцы абгрунтаваньня ўзяцьця пад варту трэба ўлічваць характар абвінавачаньня, зьвесткі пра асобу абвінавачванага, наяўнасьць узьнікненьня іншых абставінаў, якія ўплываюць на абгрунтаванасьць утрыманьня пад вартай.
Таксама, згодна з артыкулам 119 КПК, такую меру, як утрыманьне пад вартай, можна адмяніць, калі ў ёй адпадае далейшая неабходнасьць, альбо замяніць на больш мяккую:
— Пасьля сьмерці старэйшага сына ва ўмовах турэмнага зьняволеньня і мне, і малодшаму сыну вельмі патрэбна ўзаемная падтрымка, — гаворыць маці. — Сын ня змог нават разьвітацца зь любімым братам, паплакаць на яго магіле. Нікуды ён бы ня ўцёк у такіх абставінах.
Іван ніколі раней не прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці, у яго пазытыўная характарыстыка, ёсьць нявеста. Злачынства, у якім яго абвінавачваюць, залічвацца да катэгорыі «менш цяжкіх». Санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае альтэрнатыўныя пакараньні, — тлумачыць жанчына, якую цяжкі лёс прымусіў вывучыць крымінальнае і працэсуальнае заканадаўства.
Таксама маці скардзіцца на негуманнасьць судовай сыстэмы.
— Лічу, што сам факт знаходжаньня ў клетцы ў зале судовага пасяджэньня, дзе ён раней быў разам з братам, зьявіцца дадатковым сур’ёзным стрэсам для абвінавачванага сына. Да таго ж вядзеньне справы прыпынена ў сувязі з прызначэньнем экспэртызы, якая ў сваю чаргу прыпынена з прычыны сьмерці брата да атрыманьня вынікаў аб прычынах гібелі. Цяпер цяжка сказаць нават прыблізна, калі будзе адноўлены разгляд справы.
Зразумела, што ў такіх абставінах мой сын ня можа схавацца дзесьці ад следзтва і суду і перашкодзіць устанаўленьню ісьціны ў справе альбо займацца супрацьпраўнай дзейнасьцю. Лічу, што няма ніякай неабходнасьці ўтрымліваць далей яго ў жодзінскай турме, — гаворыць маці.
Аднак суд Слуцкага раёну ў асобе судзьдзі Юліі Паўленкі ў пастанове ад 3 кастрычніка і суд Менскага абласнога суду ў пастанове ад 10 кастрычніка палічылі, што хадайніцтва пра зьмяненьне меры стрыманьня і адпаведная скарга на рашэньне суду ня могуць быць задаволены, і мера стрыманьня для Івана Барбашынскага прыменена абгрунтавана. У пастанове Менскага абласнога суду ад 10 кастрычніка 2016 году гаворыцца пра адсутнасьць новых абставін, якія б маглі паўплываць на абгрунтаванасьць падаўжэньня тэрміну дзеяньня меры стрыманьня.
— Я лічу, што ў гэтым выпадку суд павінен быў праявіць гуманнасьць у дачыненьні Івана Барбашынскага, які перанёс такое гора. Трэба ўлічыць і пакуты маці, якую павінен суцешыць блізкі чалавек, — сказаў у камэнтары для Свабоды доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў. — Апрача таго, адкладваньне судовага разбору на доўгі тэрмін таксама зьяўляецца важкім аргумэнтам на карысьць зьмяненьня меры стрыманьня. Увогуле, прымяненьне арышту павінна быць выключэньнем, а ня правілам. Трымаць чалавека ў турме праз такую «дробязь» — гэта гвалт і грубае парушэньне правоў чалавека".