Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязьня Жодзінскага СІЗА пахавалі. Сваякі і суседзі кажуць, што яго забілі


Сябры, родзічы і суседзі Ігара Барбашынскага пагаджаюцца ў адным: ён ахвяра гвалту міліцыянтаў і турмы. Такой думкі прытрымліваюцца і іншыя случчане.

Пахавалі памерлага ў Жодзінскай турме 39-гадовага вязьня Ігара Барбашынскага 22 верасьня ў вёсцы Новы Рабак Старадароскага раёна.

Чуткі аб незвычайнай сьмерці ў Жодзінскай турме ўсхвалявалі многіх жыхароў Слуцку, дзе жыў нябожчык.

На пахаваньне прыйшло даволі шмат незнаёмых для радні людзей.

Да пачатку вынасу труны ўзрушаныя людзі, якім не хапіла месца ў доме; купкамі стаялі яны ў двары прыватнай хаты і абмяркоўвалі абставіны незвычайнай сьмерці. Думкі прысутных сходзіліся ў адным: Ігар — ахвяра міліцэйскага гвалту ў Слуцку, які ня скончыўся для яго і ў Жодзінскай турме.

Зьміцер Лысечка, кіраўнік прыватнага ўнітарнага прадпрыемства, якое аказвае паслугі насельніцтву, добра ведае абодвух братоў, бо апошні год яны працавалі ў яго і сталі ягонымі сябрамі: «Яны абодва вельмі дысцыплінаваныя і добрасумленныя людзі, майстры на ўсе рукі».

Па словах Зьмітра, у Ігара ня ўсё добра склалася ў сям’і з жонкай, быў развод. Аднак ён быў добрым бацькам і вельмі перажываў з прычыны разводу.

«Ён шмат перажыў у сваім жыцьці. Добра вучыўся, шмат гадоў адслужыў ва ўнутраных войсках. Меў шмат розных грамат, — гаворыць прадпрымальнік. — Я яго рэдка бачыў выпіўшым. Стараўся зарабіць, каб падтрымаць сваю адзіную дачку, клапаціўся пра яе пасьля разводу. У кожнага чалавека бывае горкая хвіліна ў жыцьці».

Зьміцер лічыць, што нечаканы арышт і турма маглі ўзрушыць нэрвовую сыстэму Ігара, але не настолькі, каб стаць прычынай сьмерці. Ён быў абсалютна здаровым фізычна, — робіць выснову Зьміцер, — трэба шукаць іншыя прычыны сьмерці.

Вераніка, грамадзянская жонка Івана, брата Ігара, які застаўся ў Жодзінскай турме, расказвае, што апошнім часам Ігар жыў у іхняй сям’і:

«Ён ніколі не сказаў мне благога слова, быў вельмі інтэлігентным чалавекам і за ўсё ўдзячным. Маці сваю называў не інакш, як „мамусік“. Любіў спорт, фізычныя практыкаваньні. Я ня ведаю, што магло з ім здарыцца там, у турме. Ведаю толькі адно: каб іх міліцыянты тады не схапілі па дарозе дамоў з кавярні ў той сакавіцкі вечар, ён мог бы быць жывы».

Ігар Барбашынскі
Ігар Барбашынскі

Вераніка вельмі турбуецца за псыхалягічны стан свайго мужа Івана, калі ён даведаецца ў турэмным зьняволеньні пра сьмерць брата:

«Яны ж зь Іванам былі ня толькі братамі, але і найлепшымі сябрамі,— сумна гаворыць маладая жанчына. — А яго нават не адпусьцілі на пахаваньне. Столькі гора, не разумею, як усё перанесьці і перажыць, асабліва маці».

Маці счарнелая і безуважная да ўсяго. У дзень пахаваньня ні на хвілінку не адыходзіла ад любімага сына, гладзіла яго рукі і ногі, нешта шаптала. Пасьля вынасу труны на вуліцу побач з хатай як быццам зразумела, што ён апошні раз быў у доме, абшчапіла рукамі труну і не давала паставіць яе на машыну. Некаторыя з прысутных адварочваліся, каб ня бачыць такой цяжкай сцэны.

Адна з суседак ня вытрымала і літаральна вымавіла такія словы:

«Якія ж яны ўсе гады! Як проста яны адправілі на той сьвет чалавека. Ні за што! Няўжо яны ня будуць пакараныя?»

Гэтай жа думкі прытрымліваецца і Пётр, жыхар вёскі Лучнікі Слуцкага раёна.

«Сёньня стаяў у чарзе ў паштовым аддзяленьні і пачуў, што людзі абмяркоўваюць сьмерць Ігара Барбашынскага. Дарэчы, адзін чалавек дык увогуле заявіў, што яго забіла слуцкая міліцыя. Бачыце, з якой лёгкасьцю людзі гатовы абвінавачваць міліцыянтаў. Па горадзе ўжо даўно ходзяць чуткі, што яны б’юць затрыманых людзей. Пасьля ўсяго, што здарылася, міліцыі трэба будзе добра „папацець“, каб зьмяніць свой імідж».

Пакуль што маці і іншыя родныя знаходзяцца ў шокавым стане і ня ў стане абмяркоўваць пляны сваіх далейшых дзеяньняў. Але адно відавочна: проста так пахаваць сына, пляменьніка і ўнука і забыць пра вінаватых яны не зьбіраюцца.

Напярэдадні дня пахаваньня, вечарам 21 верасьня, невялічкая група родзічаў пабывала ў Слуцкім РАУС, каб даведацца, ці можа міліцыя арганізаваць канвой для дастаўкі з турмы Івана на пахаваньне брата. Гэта аказалася немагчыма. Уразіла стаўленьне да бяды 4 міліцыянтаў рознага ўзроўню.

На тварах і ў вачах двух можна было бачыць спачуваньне. Затое ад начальніка Слуцкага РАУС Уладзімера Гярэгі замест спачуваньня ў бядзе айчым Ігара Барбашынскага пачуў такое выказваньне: «Трэба было лепш выхоўваць свайго сына».

"Калі айчым Ігара зразумеў, што міліцыя ня можа дапамагчы прывезьці на пахаваньне брата Івана, ён у роспачы сказаў:

«Тады мы заўтра прывязём труп сына сюды, да будынка міліцыі, і тут правядзём паніхіду. Вы ад нас забралі здаровага чалавека, а вярнулі мёртвым.

І пачуў адказ: «Гэта будзе расцэнена як несанкцыянаванае мерапрыемства, і міліцыя будзе паводзіць сябе адпаведна заканадаўству».

Дарэчы, некаторыя родныя, седзячы ля труны, выказваліся таксама за паніхіду каля будынку міліцыі. Але маці Галіна запярэчыла: «Тады на вас усіх складуць пратаколы і вы можаце паўтарыць лёс Ігара».

Зінаіда Цімошак, Слуцк, для сайта Свабоды

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG