Я асабіста не вычуваю эўфарыі з нагоды ягонай гібелі ў кабінцы данецкага ліфту, але мне дакладна ня сумна ад таго, што загінуў баявік Матарола, хоць бы з-за гэтага інтэрвію ўкраінскаму ТБ, дзе ён хваліцца, што асабіста расстраляў пятнаццаць украінскіх ваеннапалонных.
Расейскі пісьменьнік Захар Прылепін у сваім Жывым Журнале выставіў згадкі пра сваё знаёмства з Арсэнам Паўлавым (Матаролам).
Прылепін, вядома, не задае яму пытаньняў наконт расстраляных ваеннапалонных, але ў тэксьце ёсьць шмат цікавага, каб зразумець натуру й жыцьцёвыя матывы, якія рухалі гэтым чалавекам.
У інтэрвію кідаецца ў вочы чаргаваньне словаў: аўтамат-забіць, забіць-аўтамат…
Сам Арсэн Паўлаў з расейскай Рэспублікі Комі. З самага нутра Расеі.
Вікіпэдыя падае, што зь пятнаццаці гадоў рос без бацькоў. Скончыў школу. Служыў у войску й МНС.
Матарола: «Ты ведаеш, калі ў Паўднёвай Асэтыі ўсё пачалося, у мяне першая жонка была на захаванні. Я ехаў да яе вось у тую самую ноч, і тут даведваюся пра ўсё: «Грады» -шмрады, вайна... І ў мяне рэальна не было тады дзьвюх з паловай тысяч рублёў, каб сьпятляць да Ўладзіка, ну, рэальна быў такі цяжкі жыццёвы момант. І я мітусіўся».
Па-мойму, тут – поўны вобраз.
Чалавек без ваганьня гатовы кінуць сваю сям’ю зь яшчэ ненароджаным дзіцём на волю лёсу дзеля таго, каб пасьпець на збройную авантуру.
Чаму?!
Памятаю, я спытаў у аднойчы свайго прыяцеля зь невялікага пасёлку пад Екацярынбургам (за пятнаццаць-дваццаць гадоў жыцьця прыяцель пасьпеў пабываць рабочым завода, рэкецірам, прыватным прадпрымальнікам, паліцэйскім і г.д.), маўляў, які асноўны матыў расейскай правінцыі?
– Туга, – адказаў прыяцель. – Ты не ўяўляеш нашых прасьцягаў, у якіх нічога не адбываецца. Гэта пекла, кожны зь яго вырываецца, як можа.
З тэксту Захара Прылепіна:
«У нас цяпер, вядома, спытаюць: навошта ўсё ж такі ваш Матарола туды (ва Ўкраіну) прыехаў?
– Гэта ўжо другаснае пытаньне. Ён прыехаў з пэўнымі намерамі. Але забіваць усё адно першым пачаў той бок».
Калі не завязваць палеміку, хто першы, то, як ні круці, зноў з адказу Матаролы, вылазіць слова – забіваць. Асноўнае слова.
З тэкста Захара Прылепіна:
«Арсэн раптам кажа: а давай я табе сваімі вершамі пахвалюся.
Цалкам нечаканы паварот, прызнаюся.
Я чытаю ў яго тэлефоне тры тэксты, відавочна зробленыя ў разліку на чытку пад біт.
Прызнацца, я быў зьдзіўлены: адна справа – баявы камандзір, дасьціпны хлопец, народны герой, а іншая справа ... вось гэта ўсё.
– У самалёце скукота была, не было чым заняцца, – тлумачыць ён.
– Можа, атрымаецца ладны рэпчык, – кажу я, каб не рассыпацца ў камплімэнтах».
Прылепін, на жаль, не прыводзіць тэкстаў прачытаных ім вершаў баевіка Матаролы. Магчыма, гэтыя рэпавыя рэчытатывы сапраўды маюць вартасьць. Але я вяртаюся да ягонага інтэрвію ўкраінскаму тэлебачаньню, і раптам разумею, што ягоны адказ на іх пытаньне пра расстраляных ім украінскіх ваеннапалонных і ёсьць ягоны сапраўдны рэп, ягоная сапраўдная «творчасьць», тэкст якой варта падаць для прачытаньня ў арыгінале:
«Да мне пох** вообще, в чем меня обвиняют, веришь на х**? Я 15 пленных расстрелял. Без комментариев. Хочу убиваю, хочу – нет».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.