Карней: Масква ў аднабаковым парадку забараніла ўезд на сваю тэрыторыю грамадзянам Эўразьвязу транзытам празь Беларусь. Ці гэта крок на далейшую самаізаляцыю Расеі? Якая роля адводзіцца ў кантролі за транспартным патокам Беларусі?
Ахвярамі новых правілаў ужо сталі грамадзяне Аўстрыі, Даніі, Польшчы, а таксама Ўкраіны, зь якой Расея вось ужо два гады практычна ў стане вайны.
Пачынаючы ад верасьня на беларуска-расейскім пункце пропуску Рэдзькі — Чырвоная Горка па трасе Берасьце — Масква расейскія памежнікі пачалі разварочваць іншаземцаў, якія ехалі на прыватных аўтамабілях. У якасьці прычыны называлася адсутнасьць міжнародных пунктаў пропуску на мяжы так званай саюзнай дзяржавы. А грамадзяне замежных дзяржаў, акрамя Расеі і Беларусі, абавязаныя ўяжджаць менавіта празь іх.
Гэта пры тым, што ўсе гады незалежнасьці адсутнасьць такога пункту пропуску не перашкаджала транспартным кантактам — дарога М1 была і застаецца самым зручным спосабам, каб трапіць з Заходняй Эўропы ў Расею. Сытуацыя пачала мяняцца пасьля падзеяў у Крыме і на ўсходзе Ўкраіны. Спачатку пачалі выбарачна правяраць пашпарты. Цяпер, па словах відавочцаў, кантралююць усіх, хто перасякае мяжу.
Такім чынам, тым, у каго няма расейскага ці беларускага пашпарта, давядзецца даць 500-кілямэтровага кругаля да бліжэйшага міжнароднага пункту пропуску. «Завернутыя» іншаземцы кажуць, што смаленскія памежнікі параілі ім вярнуцца назад у Менск, а адтуль ехаць у бок Латвіі і скарыстацца паслугамі міжнароднага пункту пропуску Бурачкі — Церахава. Іншая альтэрнатыва — адзіны пункт пропуску са статусам «міжнародны» на беларуска-расейска-ўкраінскай мяжы ў Весялоўцы Добрускага раёну на Гомельшчыне, якраз на сутыку межаў трох дзяржаў: Беларусі, Расеі і Ўкраіны, знакамітыя «Тры сястры». Адтуль рукой падаць да Кіева, але не да Масквы.
Гэта спроба пакараць Захад па ўсіх франтах: маўляў, вы нас санкцыямі, а мы вас — жалезнай заслонай
Мала таго, ёсьць папярэджаньне з боку расейскіх памежнікаў, што правілы будуць распаўсюджаныя і на іншыя віды транспарту, уключна з рэйсавымі аўтобусамі і цягнікамі міжнароднага фармаваньня. Калі дойдзе да такіх радыкальных захадаў, парушальніка будуць караць адміністрацыйным штрафам да 100 эўра і выдварэньнем з краіны за парушэньне правілаў уезду.
Дзеля справядлівасьці, правілы зусім ня новыя, фармальна яны дзейнічалі і раней. Але дагэтуль Маскву не бянтэжыла, што памежны кантроль іншаземцаў, якія ўяжджаюць у Расею празь Беларусь, дэ-факта рабіўся на мяжы Беларусі з Польшчай, Літвой ці Латвіяй. А грамадзяне Ўкраіны ўвогуле маглі ўехаць у Беларусь па ўнутраным пашпарце, а затым падацца ў Маскву, абмінаючы любы пашпартны кантроль.
Чаму цяпер Расея вырашыла ўзмацніць жорсткасьць прымяненьня закону? З аднаго боку, лічаць экспэрты, гэта можа быць працягам палітыкі, скіраванай на далейшую самаізаляцыю, якая ў дадзеным выпадку падаецца як спроба пакараць Захад па ўсіх франтах: маўляў, вы нас санкцыямі, а мы вас — жалезнай заслонай.
Ёсьць і эканамічнае тлумачэньне: маўляў, гэта спроба выціснуць зь бізнэсу эўрапейскіх грузаперавозчыкаў, якім для працы на трасе М1 цяпер давядзецца наймаць беларускіх ці расейскіх кіроўцаў.
У сваю чаргу, Менск адмаўляе ўсялякую датычнасьць да расейскіх навацыяў. Так, прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандар Цішчанка, якому я тэлефанаваў напярэдадні, запэўніў, што беларускіх рашэньняў у гэтым пытаньні няма. Кантроль на расейскім участку беларускія адмыслоўцы не ажыцьцяўляюць, бо гэта лічыцца ўнутранай мяжой. Дзейнічае закон аб парадку ўезду і выезду грамадзянаў, які выконваецца ў поўнай меры. Нюансы толькі ў тым, што з кімсьці рэжым візавы, з кімсьці бязьвізавы.
Пра зацікаўленасьць у пашырэньні эўрапейскіх кантактаў сьведчаць і апошнія захады беларускага ўраду. На разгляд у Савет міністраў накіраваны праект закону аб наведваньні Беларусі бязь візаў для жыхароў 80 краін (пакуль гаворка пра тых, хто прыбывае праз аэрапорт «Менск» і на тэрмін ня больш за пяць сутак). Летась адмененыя візы для паездак у Белавескую пушчу, нядаўна падпісаны аналягічны ўказ пра трохдзённае наведваньне Аўгустоўскага каналу. Магчыма, узмацненьне жорсткасьці правапрымяняльнай практыкі расейскім бокам зьвязанае і з гэтым: тэарэтычна грамадзянін любой краіны, якая мае зь Беларусьсю бязьвізавы ўезд, можа зь Менску паехаць у Маскву, не вымаючы пашпарт з кішэні.
Глод: Гэтая справа набыла ровень міжнароднага скандалу. Месяц таму амбасада Польшчы ў Маскве накіравала ў расейскае Міністэрства замежных спраў спэцыяльную ноту. Расейцаў абвінавацілі ў тым, што яны не прапускаюць палякаў у краіну празь мяжу зь Беларусьсю. Зьнешнепалітычнае ведамства Расеі дало зразумець, што гэта дзеяньні ў адказ. Маўляў, Польшча з 4 ліпеня прыпыніла дзеяньне пагадненьня з Расеяй аб парадку мясцовага памежнага руху. Згодна з гэтым дакумэнтам жыхары Калінінградзкай вобласьці і памежных рэгіёнаў Польшчы мелі права на шматразовы ўезд і знаходжаньне на тэрыторыі дзьвюх дзяржаў. Палякі зрабілі такі крок сапраўды. Прычынай прыпыненьня называлася правядзеньне саміту НАТО ў Варшаве і Сусьветнага дня каталіцкай моладзі ў Кракаве. Але Масква заяўляе, што пасьля заканчэньня гэтых мерапрыемстваў спрошчаны рэжым польскімі ўладамі адноўлены ня быў.
Гаворка ідзе пра аднаўленьне жалезнай заслоны і вяртаньне да савецкіх стандартаў побыту
Гэта, як кажуць, дэталі. Галоўнае, што робіцца зразумелым, — расейскі бок прыняў прынцыповае рашэньне не пускаць у Расею празь Беларусь грамадзян усіх краін Эўразьвязу. Ніякіх новых дадатковых захадаў рабіць ня трэба. Фармальная падстава для гэтага ёсьць — расейскае заканадаўства ўжо даўно загадвае перасякаць мяжу толькі ў міжнародных пунктах пропуску. Таму лягічна ўзьнікае пытаньне: чаму ў Маскве ўспомнілі пра гэта менавіта цяпер?
Адказ нескладаны. Рашэньне расейскіх уладаў прадказальнае і зьвязанае зь цяперашнімі прыярытэтамі Ўладзіміра Пуціна. Па сутнасьці, гаворка ідзе пра аднаўленьне жалезнай заслоны і вяртаньне да савецкіх стандартаў побыту. Але гэта вядзе да непазьбежных супярэчнасьцяў унутры інтэграцыйных абʼяднаньняў з удзелам Расеі. У рамках ЭАЭС Беларусі і Казахстану выгадна мець статус транзытных краінаў. На гэтым можна нядрэнна зарабіць, а Расея пазбаўляе іх гэтай магчымасьці.
Дарэчы, у рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу межаў быць не павінна. Але супярэчнасьці ў спалучэньні памежных і візавых рэжымаў існуюць нават у самым «прасунутым фармаваньні» — у так званай саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі. Калі Расея ўвяла візы для грамадзян Грузіі, тыя траплялі ў Маскву празь Менск.
Цяпер адкрываецца новае акно — Беларусь анансавала бязьвізавы ўезд на пяць сутак для грамадзян 80 краін, якія будуць прылятаць у менскі аэрапорт. У Маскве гэтым не задаволеныя. Там кажуць: Беларусь адчыняе замежнікам дзьверы, а ў Расеі не пытаецца.
Карбалевіч: Я лічу, што гэтае рашэньне Расеі зьвязанае з канфліктам РФ з ЭЗ. Беларусь тут ні пры чым. То бок гэта не зьвязана з дачыненьнямі Беларусі і Расеі, гэта зьвязана з нарастаньнем варожасьці і канфрантацыі Расеі з Захадам і Ўкраінай. Калі казаць пра канкрэтную падставу гэтага рашэньня Масквы, то, сапраўды, гэта можа быць, напрыклад, адказам на прыпыненьне Польшчай рэжыму «малога памежнага руху» з Калінінградзкай вобласьцю.
Статус саюзнай дзяржавы і яе атрыбуты зьмяншаюцца
Гэта ўжо ня першы выпадак, калі Расея, робячы захады супраць тых краін, зь якімі яна ў канфлікце, рыкашэтам бʼе і па Беларусі. Напрыклад, Расея ўвяла санкцыі адносна прадуктаў харчаваньня з ЭЗ, адносна таварных груп з Украіны. Беларусь такіх мер ня ўводзіла. Але ў Беларусі з Расеяй няма паўнавартаснай мяжы. У выніку ўвесь час адбываюцца беларуска-расейскія канфлікты вакол паставак тавараў зь Беларусі ў Расею. Рассельгаснагляд абвінавачвае Беларусь у кантрабандзе эўрапейскага харчаваньня. Пад раздачу трапляе і ўласна беларуская прадукцыя. Расеі давялося выстаўляць мытныя пасты на беларуска-расейскай мяжы.
Тут цікава вось што. Колькі было сказана патасных слоў пра саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі! Маўляў, тут існуе адзіная эканамічная, мытная, памежная, сацыяльная прастора, няма межаў. І гэта, маўляў, дэманструе вялізныя посьпехі беларуска-расейскай інтэграцыі.
Але калі Масква вырашае свае глябальныя геапалітычныя праблемы, то такі інстытут, як саюзная дзяржава, проста ня ўлічваецца. Яе нібыта і няма. Вось і расейскія войскі набліжаныя да беларускай мяжы, нібы тут няма саюзнай беларускай арміі.
Увогуле, па меры абвастрэньня адносін Расеі з Захадам статус саюзнай дзяржавы і яе атрыбуты зьмяншаюцца. Пра што і сьведчыць гэтая гісторыя з транзытам замежнікаў празь Беларусь.