Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея пераходзіць да больш жорсткіх мэтадаў вядзеньня справаў зь Менскам»


Чаму Беларусі і Расеі дагэтуль ніяк не ўдаецца дасягнуць дамоўленасьці па цане на газ? Што гэтаму замінае — эканоміка альбо палітыка? Ці выкарыстоўвае Масква газавае пытаньне для палітычнага ціску на афіцыйны Менск?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць палітолягі Андрэй Казакевіч і Арсень Сівіцкі. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: 12 верасьня Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу на працягу двух дзён дасягнуць канчатковай дамоўленасьці з расейскім бокам па пастаўках энэрганосьбітаў. Гэта адбылося падчас рабочай сустрэчы кіраўніка дзяржавы зь віцэ-прэм’ерам Уладзімерам Сямашкам. Прайшло нашмат болей дзён, і цяпер Сямашка абяцае, што пагадненьне з Расеяй будзе дасягнута на наступным тыдні. Ня будзем абмяркоўваць, ці звольняць віцэ-прэм’ера за невыкананьне распараджэньня кіраўніка дзяржавы. Але зададзімся пытаньнем, ці ўдасца на наступным тыдні прайсьці да згоды па цане на газ?

Сівіцкі: Мне падаецца, што гэтую праблему варта разглядаць у больш шырокім кантэксьце. А менавіта з таго пункту гледжаньня, што на Беларусь зараз з боку Крамля ажыцьцяўляецца моцны ціск — эканамічны і ваенна-палітычны. Таму мне здаецца, што дамовіцца будзе вельмі складана — на тых умовах, якія адпавядаюць беларускім нацыянальным інтарэсам. Бо я нагадаю, што акрамя праблемаў у перамовах па нафце і газу, узьнікаюць праблемы з доступам беларускіх прадуктаў харчаваньня на расейскі рынак.

Таму гэтая палітыка накіраваная на тое, каб узмацніць ціск на Менск і такім чынам дасягнуць нейкіх мэтах, зьвязаных з геапалітыкай. Бо зразумела, што ўсе гульні Менску — актывізацыя адносінаў з Захадам і паглыбленьне партнэрства з Кітаем — успрымаюцца ў Крамлі вельмі нэрвова.

Цыганкоў: Але «газавыя войны» здараліся ўжо неаднаразова. Чаму б не лічыць, што гэта звычайныя эканамічныя перамовы, на якіх ніхто ня хоча саступаць, і хутка ўсё шчасьліва скончыцца?

Расея пераходзіць да больш жорсткіх мэтадаў вядзеньня справаў зь беларускім бокам.

Сівіцкі: Так, з аднаго боку можна пагадзіцца. Але зь іншага — трансфармуецца сама мадэль узаемадзеяньня Беларусі і Расеі. Расея больш ня можа фінансаваць беларускую эканоміку ў тых памерах, як гэта было да ўкраінскага крызісу. Вось гэтая мадэль геапалітычнай рэнты, калі Беларусь атрымлівала энэрганосьбіты са значнымі зьніжкамі і потым магла на гэтым зарабляць — яна руйнуецца. Расея пераходзіць да больш жорсткіх мэтадаў вядзеньня справаў зь беларускім бокам.

Да эканамічнага ціску дадаецца і ціск ваенна-палітычны. Нагадаю пра вайсковыя брыгады, якія разгорнутыя каля беларускай мяжы. Таксама трэба дадаць, што памежная служба ФСБ узяла пад апэратыўны кантроль беларуска-расейскую мяжу, чаго ніколі за 25 гадоў не здаралася.

Палітычны чыньнік — гэта проста фон, які робіць расейскі бок менш гнуткім на гэтых перамовах і больш настойлівым наконт сваёй пазыцыі.

Казакевіч: Натуральна, гэты ўціск прысутнічае як фон, які істотна ўплывае на хаду перамоваў. Але я б яго не перабольшваў. Бо для Расеі, акрамя вырашэньня геапалітычных задач, востра стаіць праблемы выхаду з эканамічнага крызісу, павялічэньне даходаў у расейскі бюджэт, прыбыткаў для дзяржаўных кампаніяў. У прынцыпе, у такіх умовах дастаткова лягічна, што Расея ставіць пытаньне пра больш высокія цэны.

Таму я лічу, што асноўны матыў — эканамічны, тым больш, што сумы не такія і малыя, асабліва ва ўмовах крызісу. А палітычны чыньнік — гэта проста фон, які робіць расейскі бок менш гнуткім на гэтых перамовах і больш настойлівым наконт сваёй пазыцыі.

Цыганкоў: «Не хвалюйцеся, дамовімся абавязкова. Проста пакуль не прыйшлі да ўзгадненьня пазыцыяў. На наступным тыдні перамовы працягнем. Беларусь настойвае на першым варыянце, самым выгадным для нас. Але, хутчэй за ўсё, будзем абмяркоўваць трэці варыянт, які прапанавала Расея — пэўныя субсыдыі для нас. Не перажывайце, дамовімся», — заявіў Уладзімер Сямашка Свабодзе 15 верасьня. Сусьветныя цэны на газ зьнізіліся, адпаведна Беларусь патрабуе зьнізіць цэны і для яе. Чаму Менск ня можа адстаяць гэтую, здавалася б, лягічную пазыцыю?

Масква не жадае фінансаваць нармалізацыю адносінаў Менску з Захадам.

Сівіцкі: Мне здаецца, Крэмль нярвуюць «неляяльныя» паводзіны Менску на міжнароднай арэне — нармалізацыя стасункаў з Захадам і кітайскі чыньнік. Масква не жадае фінансаваць нармалізацыю адносінаў Менску з Захадам, бо разумее, што гэта прыводзіць да канфлікту інтарэсаў у будучыні, да зьніжэньня ўплыву Расеі на Беларусь. Да таго ж гэта павінна сыгналізаваць, што Менск сур’ёзна залежны ад Расеі, і калі Масква пажадае, то хутка дэстабілізуе сытуацыю ў Беларусі эканамічнымі сродкамі.

Цыганоў: Але Лукашэнка яшчэ 11 верасьня, на выбарчым участку заявіў «толькі гэтай ноччу позна ўвечары ўчора знайшлі прымальныя для нас і для Расеі разьвязкі ў гэтым пытаньні». Як вы лічыце — ці Лукашэнка блефаваў ці другі бок сапраўды «даў назад»?

Сівіцкі: Мне падаецца, што кіраўніка дзяржавы не зусім карэктна інфармуюць аб ходзе перамоваў, і гэта таксама трэба ўлічваць. Для беларускага боку зьніжкі на газ — гэта пытаньне стратэгічнае, і калі спадар Сямашка ня здолее перамагчы ў перамовах, гэта можа мець сур’ёзныя кадравыя наступствы ня толькі для яго, але і для ўсяго ўраду.

Цыганкоў: Чаму Масква так упарціцца? Раней даравалі мільярды, давалі радыкальныя зьніжкі, а цяпер зацята змагаюцца за нейкія 270 мільёнаў даляраў. Газавыя войны былі неаднаразова, але калі справа даходзіла да кіраўнікоў дзяржаваў, то яны дамаўляліся — і звычайна на карысьць беларускага боку. А што цяпер — такі моцны крызіс ці тыя самыя палітычныя чыньнікі, пра якія кажа Арсень?

Казакевіч: Іншыя часы, сапраўды крызіс, і ён прымушае лічыць грошы. Як разгортвалася сытуацыя? Існавала доўгатэрміновая дамова, але потым здарылася дэвальвацыя, зьніжэньне цэнаў, і Беларусь кажа — трэба дамову перагледзець. Расея кажа — не, усё будзе, як было. І было б дзіўна чакаць, што Расея адразу прыме ўмовы, якія прапануе Беларусь.

Цыганкоў: Але прабачце, дзіўна было б плаціць за тавар, на які сусьветная цана ўпала ў два разы, той самы «стары» кошт, якога ўжо нідзе няма.

Казакевіч: Але расейцам лягічна адстойваць гэтую пазыцыю, якая была прапісаная ў дамове. Гэта ім фінансава выгодна. Але яны прызнаюць, што тут ёсьць праблема. І зараз бакі павінны шукаць кампраміс. Бо проста так прыняць пазыцыю Беларусі Масква ня можа, у іх даволі добрыя перамоўныя пазыцыі ў гэтым пытаньні.

Цыганкоў: Ці скончацца перамовы на наступным тыдні, і хто пераможа?

Казакевіч: Я думаю, што той самы «трэці варыянт» і будзе ўзгоднены. Расея ня можа цалкам прыняць беларускую пазыцыю, але яна схільная да пэўных кампрамісаў. Што да наступнага тыдня, то я не рызыкнуў бы гэта прагназаваць. Але, мяркую, што цягам бліжэйшых месяцаў гэты кампраміс будзе дасягнуты.

Беларускі бок будзе вымушаны на нейкі час прыняць тую формулу, якую прапануе Расея.

Сівіцкі: Мне здаецца. што формула будзе зусім не кампрамісная. Проста беларускі бок будзе вымушаны на нейкі час прыняць тую формулу, якую прапануе Расея. І потым зноў падымаць гэтае пытаньне, і спрабаваць прасунуць сваю пазыцыю. Зразумела чаму — на жаль, імпарт энэрганосьбітаў зусім не дэвэрсіфікаваны. Мы амаль на 100 працэнтаў залежым ад расейскіх паставак.

Зразумела, што для Менску галоўнае — пазьбегнуць той крытычнай сытуацыі, якую мы назіралі ў 2010 годзе, пагрозы газавай вайны. Тады таксама ішоў працэс нармалізацыі адносінаў з Захадам. На жаль, сёньняшняя сытуацыя — геапалітычна, і эканамічна — нагадвае сытуацыю 2010 году. Таму хутчэй за ўсё, будзе прыняты варыянт, прапанаваны Расеяй — датацыяў. Але гэта будуць ускосныя датацыі, у інфраструктуру, а не прамыя датацыі ў бюджэт. І на самой справе гэты варыянт таксама не задавальняе тыя патрэбы, якія ёсьць у беларускага кіраўніцтва.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG