Незалежнаму прэтэндэнту на дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў магілёўцу Юрыю Стукалаву выбарчыя камісіі аддалі трэцяе месца, усьлед за двума праўладнымі вылучэнцамі.
Тое, як падлічваліся бюлетэні, Юры называе кашмарам. Паводле яго, асноўнаму канкурэнту, галоўнаму ўрачу Магілёўскай цэнтральнай паліклінікі Аляксандру Старавойтаву, налічвалася пад 70 працэнтаў падтрымкі.
«Такога быць ня можа. Усе папярэднія зьвесткі — як пад капірку. Я паўсюль на трэцім месцы», — кажа суразмоўца.
«У пляне агітацыі, прыцягненьня людзей на выбары мая каманда зрабіла сваю справу. Аднак пытаньне ў тым, як бараніць свае галасы. Гэтае пытаньне застаецца надзвычай актуальным, — працягвае Юры. — Нам не далі магчымасьці пільнаваць падлік галасоў. На жаль, усё залежыць ад тых, хто падлічвае галасы, а не ад тых, хто галасуе. Гэты дужа сумна. На шмат якіх участках была завышаная яўка. Рукі не апускаем, будзе працягваць змаганьне».
Тое, што ў Палату прадстаўнікоў прапусьцілі двух апазыцыйных дэпутатаў, Юрыя Стукалава цешыць.
«Хоць нейкі спадзеў будзе на іх. Можа, яны паспрабуюць што зрабіць», — кажа ён.
«Астатнія дэпутаты прыйшлі ў Палату прадстаўнікоў ад улады, і ўсе гэта ведаюць. У іх магчымасьцяў для рэалізацыі сваіх думак будзе замала. Прынамсі, меней, чым у апазыцыйных дэпутатаў», — падсумоўвае Юры Стукалаў.
Юркоў задаволены
У Горацкай выбарчай акрузе вылучэнец ад руху «За свабоду» Андрэй Юркоў задаволены вынікамі змаганьня за мандат дэпутата.
«Нам далі правесьці добрую агітацыйную кампанію. упершыню за многія гады кандыдат ад улады пайшла на тэлевізійныя дэбаты. Тысячы людзей іх паглядзелі. Аднак ня спраўдзіліся спадзяваньні на справядлівы падлік галасоў», — камэнтуе свой удзел у выбарах актывіст.
Паводле яго, камісіі далі яму дзесяць адсоткаў падтрымкі выбарцаў. На мінулых выбарах у Палату прадстаўнікоў у яго быў 21 працэнт.
«Я заклікаў людзей, каб яны ішлі ў назіральнікі, каб аб’ядноўваліся. Але да людзей гэта не дайшло, бо ў іх страх, — працягвае Юркоў. — Многія тэлефанавалі, выказвалі падтрымку, а як прапаноўваў зарэгістравацца назіральнікамі, чуў адмовы: маўляў, дзеці, праца — страшна. Падтрымка была, але боязь людзей страціць тое, што маюць — гэта не дазваляла ім зрабіць хоць нешта».
Як і Стукалаў, Андрэй Юркоў наракае, што назіральнікаў не падпусьцілі блізка пільнаваць падлік галасоў. Паводле актывіста, разабрацца ў мэханізьме падліку бюлетэняў здалёк не было магчымасьці.
У чальцоў камісіі былі каменныя твары. На гэтых людзей у мяне няма крыўды. Іх прымушаюць. Я перакананы, што праўладны кандыдат разгромна прайграў.
«Камісіі разыгрывалі пантаміму. Бюлетэні выкладалі са скрыняў, складалі ў стосы і казалі — глядзі на іх. Камісію не краналі мае довады, што мне цікава, што ў саміх стосах, — апавядае пра падлік бюлетэняў Юркоў. — Яўка не супала. На адным з участкаў падлік галасоў назіральнікаў паказаў 415, а ў камісіі — 540. У чальцоў камісіі былі каменныя твары. На гэтых людзей у мяне няма крыўды. Іх прымушаюць. Я перакананы, што праўладны кандыдат разгромна прайграў».
На Магілёўшчыне абралі 13 дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў. Сярод іх няма ніводнага апазыцыянэра.
Прынамсі адзін з дэпутатаў беларускамоўны. Гісторык Ігар Марзалюк у сваёй перадвыбарчай кампаніі трымаўся беларускамоўя. На тэледэбатах гаварыў па-расейску. Прыхільна да нацыянальнай мовы, культуры выказваўся спартовец Аляксандар Багдановіч.