Класкоўскі: шанцы, што Захад больш паблажліва ацэніць гэтую кампанію, прыкметна падвышаюцца
Тое, што дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў сталі два дэмакратычныя кандыдаты, падвышае шанцы на пазытыўнае стаўленьне Захаду да вынікаў парлямэнцкіх выбараў у Беларусі.
Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў палітычны аналітыкАляксандар Класкоўскі.
«Хто вынікі выбараў ведаў заранёў — тыя асабліва не ўпіраліся» — кандыдаты з Горадні
На Гарадзеншчыне, паводле папярэдніх дадзеных, ніводзін кандыдат ад дэмакратычных партыяў і арганізацыяў не ўвайшоў у склад парлямэнту.
Многія апазыцыйныя кандыдаты ня згодныя з вынікамі выбараў, кажуць пра шматлікія парушэньні заканадаўства, фальсыфікацыі і рыхтуюць скаргі ў адпаведныя органы.
«Вярніся я ва ўчорашні дзень, была б больш жорсткай», — назіральніца, якая здала дакумэнты на знак пратэсту
На ўчастку № 425, што ў менскай сярэдняй школе № 159, вынікі датэрміновага галасаваньня ад ЦВК і падлікі назіральнікаў не супалі: 568 чалавек паводле камісіі, 279 — у назіральнікаў.
Незалежны сябра камісіі Ядвіга Ўгольнік спрабавала зьвярнуць на гэта ўвагу камісіі, але старшыня камісіі, дырэктар школы Іна Богдан пачала крычаць на яе, абражаць. Пасьля скандалу Ўгольнік здала сваё пасьведчаньне сябра камісіі і пакінула выбарчы ўчастак, як ёй «прапаноўвалі» іншыя сябры камісіі.
Блогер Антон Матолька прапануе пісаць звароты і просьбы, фіксаваць кожнае парушэньне ад абранай дэпутаткі Ірыны Дарафеевай, патрабаваць справаздачаў па дзейнасьці.
«А потым, праз дзесьці з паўгода, калі ніякага выніку ня будзе — можна сьмела сабраць 150 подпісаў, і...» — Матолька не завяршае фразу, але дае здымак разьдзелу выбарчага кодэксу пра парадак адкліканьня дэпутатаў.
Караткевіч ня будзе абскарджваць вынікі выбараў: «Я ня выйграла, але мы не прайгралі»
Лідэры грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў перакананыя, што рэальных лічбаў ня ведае ніхто. Але выказалі задавальненьне, што апазыцыя прайшла ў парлямэнт, і абвясьцілі пра пачатак ад сёньняшняга дня наступнай выбарчай кампаніі — прэзыдэнцкай.
У Цэнтральнай акрузе Гомеля вырасьцілі канкурэнта Аляксандру Лукашэнку
«У нашай Цэнтральнай акрузе, дзе балятаваліся пяць кандыдатаў, прадстаўніку ад улады, дзейнаму дэпутату Палаты прадстаўнікоў Алегу Леўшунову ўчастковыя камісіі „малявалі“ па восемдзесят і больш адсоткаў падтрымкі выбарнікаў. Мяркую, што нават Аляксандру Лукашэнку варта прызадумацца: у акрузе вырасьцілі даволі харызматычнага канкурэнта, які карыстаецца проста-такі ўсеагульнай падтрымкай выбарнікаў», — Юры Глушакоў, кандыдат у дэпутаты па Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 33 пракамэнтаваў вынікі галасаваньня.
#вынікі Праваабаронцы: выбары ў Беларусі не адпавядаюць міжнародным стандартам https://t.co/5Dnkw6FQlg
— Радыё Свабода (@svaboda) 12.9.2016
«Лукашэнка прызначыў гэтых жанчын, бо лічыць іх менш небясьпечнымі», — Статкевіч пра вынікі выбараў
«Гэта паказвае, што ўлада паддаецца — і мы павінны змагацца за сапраўдныя выбары. Я думаю, эканамічны крызіс будзе нарастаць, і ў наступным годзе магчыма так, што ў нас ёсьць шанцы дамагчыся сапраўдных выбараў. Яны паддаюцца — трэба ціснуць», — гаворыць Мікола Статкевіч..
#вынікі Праваабаронцы: гэта была найгоршая кампанія па колькасьці парушэньняў падчас датэрміновага галасаваньня https://t.co/ALMEPEysPz
— Радыё Свабода (@svaboda) 12.9.2016
Назіральнік Бажко: Выбарчыя законы мусяць пісацца не для зьнешніх арганізацый, а для свайго народу.#вынікі https://t.co/P7pxUaqnJG
— Радыё Свабода (@svaboda) 12.9.2016