Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка прызначыў гэтых жанчын, бо лічыць іх менш небясьпечнымі», — Статкевіч пра вынікі выбараў


Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч

Паводле папярэдніх вынікаў падліку галасоў на парлямэнцкіх выбарах, у Палату прадстаўнікоў праходзяць дзьве дэпутаткі, якіх называюць апазыцыйнымі: Алена Анісім з ТБМ і Ганна Канапацкая з АГП.

Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010, старшыня БСДП(Г) Мікола Статкевіч кажа Свабодзе, што Лукашэнка мог прызначыць менавіта гэтых жанчын, бо лічыць іх менш небясьпечнымі. Найперш ён папраўляе: Анісім ня варта называць «апазыцыянэркай», бо Таварыства беларускай мовы ня лічыць сябе апазыцыйнай арганізацыяй, але незалежнай культурніцкай грамадзкай арганізацыяй.

«Будзем сумленнымі, кандыдаты прызначаныя, — заяўляе Статкевіч. — Гэта мяняе, паляпшае адносіны з Захадам. І безумоўна, гэтае прызначэньне было зробленае ў адказ на патрабаваньні Захаду.

Як і вызваленьне год таму палітвязьняў, гэта сьведчыць аб нарастаючай слабасьці беларускага рэжыму, аб складанай сытуацыі, у якую ён сябе загнаў, і аб тым, што ён ліхаманкава шукае выйсьце».

Статкевіч мяркуе, што ў Палаце цяпер зьявяцца людзі, якія будуць ўздымаць пытаньні аб эканамічных рэформах і беларускай мове, хоць гэта і будзе складана. Але ў заканадаўчым пляне гэта мала што мяняе.

Пляны на вечар не мяняюцца: Плошча

Таксама вынікі ЦВК не памянялі плянаў Міколы Статкевіча на вечар: ён па-ранейшаму кліча на Кастрычніцкую плошчу ў Менску 12 верасьня а 18-й гадзіне на акцыю «Патрабуем сапраўдных выбараў». І дадае: тое, што прызначаныя два незалежныя дэпутаты, сьведчыць, што ўлады не зацікаўленыя ў рэпрэсіях.

«Выбараў не было — быў фарс. Я казаў, што калі ўладзе трэба будзе мець апазыцыянэраў у Палаце, яна мусіць фальсыфікаваць выбары ў нейкай частцы, — Статкевіч паўтарае ранейшыя словы. — Нам трэба выбары, ня трэба такое прызначэньне, хай яно носіць і станоўчыя моманты. Ідзе нейкая гульня, яна ад слабасьці, але гэта толькі гульня.

Гэта паказвае, што ўлада паддаецца — і мы павінны змагацца за сапраўдныя выбары. Я думаю, эканамічны крызіс будзе нарастаць, і ў наступным годзе магчыма так, што ў нас ёсьць шанцы дамагчыся сапраўдных выбараў. Яны паддаюцца — трэба ціснуць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG