Таксама старшыня ЦВК адзначыла, што ў Палату прадстаўнікоў прайшлі прадстаўнікі АГП (1), ЛДПБ (1), БПП (3) і ПКБ (8). Сярод «зорак» яна згадала алімпійскага чэмпіёна і трэнэра спартовай каманды ўнутраных войскаў МУС, канаіста Аляксандра Багдановіча, дырэктара «Бабушкінай крынкі» Ігара Кананчука.
Паводле словаў Ярмошынай, сёлетняя кампанія была больш актыўнай за ранейшыя, яна запомніцца. Удзел апазыцыі быў «вельмі актыўны», не было шмат зьняцьцяў і ўпершыню не гучала рыторыка пра байкот выбараў.
«Пазыцыя апазыцыі была больш канструктыўнай, чым раней», — рэзюмавала Ярмошына.
Учора былі 32 пісьмовыя звароты ў ЦВК, але большасьць — пра неўключэньне ў сьпісы і незапрашэньне на выбары, сьцьвярджае старшыня ЦВК. А скаргі на магчымыя махінацыі зь яўкай яна ня лічыць вартымі ўвагі: маўляў, адзіным доказам яўкі ёсьць дакумэнты і справаздачы камісіяў.
«Калі мы скоцімся да іншага, то вынікі будуць падводзіць сацыёлягі. Калі не даказанае іншае, то вынікі такія, якія ёсьць», — тлумачыць сваю пазыцыю Ярмошына.
Ярмошына таксама заявіла, што «значная частка рэкамэндацыяў АБСЭ была выкананая». А што не было выканана? Не былі выкананыя тыя рэкамэндацыі, якая патрабуюць зьменаў у закон.