Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Іншых мэтадаў няма» — Статкевіч кліча на Плошчу 12 верасьня


Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

Палітык перакананы, што выбараў (у прыватнасьці парлямэнцкіх, якія пройдуць 11 верасьня) няма, бо «ніхто ўжо ня ўмее лічыць галасы».

Лідэр БСДП («Народная грамада») Мікалай Статкевіч, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, разьмясьціў на Facebook заклік выйсьці на Кастрычніцкую плошчу ў Менску 12 верасьня а 18-й гадзіне на акцыю «Патрабуем сапраўдных выбараў».

Узгадняць акцыю з уладамі Статкевіч не зьбіраецца. Ён тлумачыць Свабодзе: улады ўжо даўно дазваляюць толькі некалькі штогадовых акцыяў, якія праводзяцца далёка ад цэнтру гораду.

«Але ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй беларусы маюць права на публічныя акцыі. А ў адпаведнасьці з прынятай у нашай частцы сьвету практыкай я зьбіраюся пісьмова папярэдзіць улады аб намеры правесьці гэтую акцыю», — кажа Статкевіч.

Мікола Статкевіч (у цэнтры) на акцыі «Шэсьце нацыянальнага сьцяга» 10 кастрычніка 2015 году
Мікола Статкевіч (у цэнтры) на акцыі «Шэсьце нацыянальнага сьцяга» 10 кастрычніка 2015 году

Акцыя ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году была нешматлюднай. Ці не баіцца Статкевіч, што на акцыю, прысьвечаную парлямэнцкім выбарам, прыйдзе зусім мала людзей?

«Я праводзіў такую акцыю, „Шэсьце нацыянальнага сьцяга“, падчас прэзыдэнцкай кампаніі за дзень да галасаваньня. На піку гэтая акцыя дасягала некалькіх тысяч чалавек, — згадвае палітык. — Тое, што на наступны дзень людзей не было, дык іх ніхто не паклікаў. Кандыдаты ня клікалі, яны задаволіліся сваім вынікам. Мабыць, такіх кандыдатаў падабралі, якія ня клікалі б. Пэўныя групы людзей выйшлі, але я б ня стаў называць гэта арганізаванай акцыяй, яна была больш стыхійная».

Статкевіч упэўнены, што выбараў у Беларусі па-ранейшаму няма, што замест выбараў праводзіцца рытуал прызначэньня дэпутатаў, у якім пераможцы вядомыя яшчэ ў момант прызначэньня ўчастковых камісіяў.

«Машына імітацыі выбараў, машына, якая ня лічыць галасы, а проста робіць карцінку, што нібыта лічыць, яна некранутая, — кажа ён. — Яны ўжо ня ўмеюць лічыць галасы. Нават калі б уладзе спатрэбілася апазыцыя ці „тыпу апазыцыя“ ў парлямэнце, прыйшлося б даваць каманду фальсыфікаваць нейкія лічбы для гэтых пэрсонаў.

Гаворка не ідзе пра фальсыфікацыю выбараў, а ідзе пра тое, што выбараў няма. А з гэтым трэба нешта рабіць. Іншага мэханізму ўзьдзеяньня на сытуацыю ў грамадзтва, акрамя публічных масавых акцыяў, не засталося.

Не, ёсьць яшчэ пэўныя... мэтады... Але гэта пакуль ня нашы мэтады».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG