Падзеі дня:
Рыё-дэ-Жанэйра, Бразылія. ХХХІ летнія Алімпійскія гульні. Трынаццаты дзень спаборніцтваў.
Менск. Беларуская інтэлектуальная гульня, прысьвечаная беларускай культуры. Браць удзел могуць ня толькі знаўцы беларушчыны, але і проста кемлівыя, знаходлівыя людзі.
Месца правядзеньня — паб «Піўняры» (Мінск, вул. Лабанка 77). Пачатак а 19:00. Уваход платны (5 рублёў)
Менск. Аглядная роварная экскурсія «Менск. Лепшае». Вандроўка па самых прыгожых, найбольш цікавых і яркіх месцах Менска. Старт а 18:30 ад станцыі мэтро «Няміга» (выхад ў бок Палаца спорту).
Менск. Кінапаказ арыгіналу м’юзыкла «Гукі музыкі».
Паказ пройдзе пры падтрымцы амбасады ЗША ў Рэспубліцы Беларусь. Ён прымеркаваны да сёмага канцэрту праекту «Клясыка каля ратушы з velcom» — гэта вечарына музыкі Галівуду, якая адбудзецца 20 жніўня. Месца правядзеньня — Renaissance Minsk Hotel (пр. Дзяржынскага, 1Е). Пачатак а 19:00
У гісторыі:
1201 — На раней кантраляванай Полацкім княствам тэрыторыі каля вусьця Дзьвіны нямецкія рыцары заснавалі горад Рыгу.
1840 — расейскі імпэратар Мікалай I загадаў забараніць ужываньне тэрміну «беларускія і літоўскія губэрні».
1868 — францускі астраном П’ер Жансэн вынайшаў у сонечным спэктры новы хімічны элемэнт — гелій
1924 — У Менску чэкісты арыштавалі лідэра антысавецкага падпольля Барыса Савінкава. На запрашэньне Юзэфа Пілсудзкага Савінкаў жыў у Польшчы, дзе ўдзельнічаў у падрыхтоўцы атрадаў Булак-Балаховіча да рэйдаў на тэрыторыю БССР. Для таго, каб завабіць Савінкава ў Менск, чэкісты стварылі фіктыўную антысавецкую арганізацыю пад назвай «Лібэральныя дэмакраты». Схоплены Савінкаў быў асуджаны на 10 гадоў і, паводле афіцыйнай вэрсіі, у турме скончыў жыцьцё самагубствам.
1941 — У мястэчку Зэмбін Барысаўскага раёну нацысты расстралялі каля тысячы мясцовых жыхароў-габрэяў.
1958 — у ЗША выйшаў славуты раман Уладзіміра Набокава «Лаліта».
1968 — кіраўніцтва краінаў Варшаўскай дамовы ўхваліла ўвод войскаў у Чэхаславаччыну. Войскі СССР, Усходняй Нямеччыны, Польшчы, Вугоршчыны і Баўгарыі ўвайшлі на тэрыторыю Чэхаславаччыны 21 жніўня 1968 году. Вайсковая апэрацыя запыніла лібэралізацыю палітычна-эканамічнага жыцьця ў краіне.
У гэты дзень нарадзіліся:
1750 — Антоніё Сальеры, італьянскі кампазытар, якому некаторыя прыпісваюць забойства Моцарта. Вучнямі Сальеры былі Бэтховэн, Шубэрт і Ліст.
1891 — Антон Васілеўскі, беларускі пісьменьнік, выдавец сатырычнага часопісу «Авадзень». «Авадзень» выходзіў на беларускай мове 2 разы на месяц у Вільні ў 1924-1933 гады.
1891 — Макар Краўцоў, беларускі грамадзка-палітычны і вайсковы дзяяч, пісьменьнік, публіцыст, аўтар словаў гімну БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».
1922 — Ален Роб-Грые, францускі пісьменьнік.
1922 — Лідзія Абухава, беларуская пісьменьніца.
1933 — Раман Палянскі, кінарэжысэр польскага паходжаньня, які працаваў у Польшчы, ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі. Паставіў такія фільмы як «Нож у вадзе», «Агіда», «Дзіця Розмары», «Бясстрашныя забойцы вампіраў», «Кітайскі квартал», «Тэс».
У гэты дзень памерлі:
1227 — Чынгісхан, заснавальнік і вялікі хан Мангольскай імпэрыі, арганізатар паходаў у краіны Азіі і Эўропы.
1850 — Анарэ дэ Бальзак, францускі пісьменьнік
2011 — Мікола Сташкевіч, беларускі гісторык
Цытата:
Няхай жыве магутны, сьмелы
Наш беларускі вольны дух.
Штандар наш бел-чырвона-белы,
Пакрый сабой народны рух.
З гімну Беларускай Народнай Рэспублікі (тэкст Макара Краўцова)