Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка не паехаў на адкрыцьцё Алімпіяды ў Бразыліі


Абмяркоўваюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Уладзімер Глод.


Карбалевіч: 5 жніўня ў бразыльскім горадзе Рыё-дэ-Жанэйра адкрываюцца ХХХІ летнія Алімпійскія гульні. Сёлетняй Алімпіядзе спадарожнічае шэраг скандалаў. Найперш, гэта допінгавы скандал, які галоўным чынам зьвязаны з расейскімі спартоўцамі. Зборная РФ па лёгкай і цяжкай атлетыцы не дапушчаная да Алімпійскіх гульняў. Допінгавы скандал закрануў і Беларусь. Мужчынская каманда беларускіх весьляроў таксама дыскваліфікаваная з-за допінгу. Шмат пісалі пра тое, што Бразылія дрэнна падрыхтаваная да прыняцьця такога міжнароднага спартовага форуму.

Тым ня менш, Алімпійскія гульні пачынаюцца. Прынята лічыць, што спорт сёньня цесна зьвязаны з палітыкай. Дык вось, якраз Беларусь можа лічыцца добрай ілюстрацыяй гэтага тэзісу. Як вядома, у Беларусі на афіцыйным узроўні спорт ператварыўся ў культ, у важны кірунак дзяржаўнай палітыкі. Лукашэнка — адзіны кіраўнік дзяржавы ў сьвеце, які адначасова зьяўляецца прэзыдэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту.

Мусіць, Лукашэнка разумее, што на гэтай Алімпіядзе беларускія спартоўцы не атрымаюць вялікіх дасягненьняў. А калі так, то з Лукашэнкам будуць зьвязваць не перамогі, а паразы.

Гэтым разам беларуская зборная прывязе рэкордна малы склад — 123 спартоўцаў. Таксама ўпершыню зборнай не даводзіцца плян па мэдалях. Памятаю, падчас мінулай Алімпіяды камбайнэры выклікалі на спаборніцтва спартоўцаў. Гэтым разам такога няма.

Лукашэнка звычайна ахвотна ўдзельнічае ў форумах, у якіх прымаюць удзел кіраўнікі іншых дзяржаваў. Тым больш ён любіць наведваць спартовыя мерапрыемствы. Усім памятная паездка Лукашэнкі на зімовыя Алімпійскія гульні ў японскі горад Нагана ў 1998 годзе. Таксама кіраўнік Беларусі ўдзельнічаў у цырымоніі адкрыцьця летняй Алімпіяды ў Пэкіне ў 2008 годзе, зімовай Алімпіяды ў Сочы ў 2014 годзе.

Гэтым разам цырымонію адкрыцьця Алімпійскіх гульняў у Рыё-дэ-Жанэйра наведаюць 45 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў розных краін. Лукашэнка ня едзе. Думаю, для гэтага ёсьць некалькі прычын. Найперш, гэта далёка, іншы гадзінны пояс, існуюць чыста фізычныя нязручнасьці.

Па-другое, думаю, паездка Лукашэнкі ў Рыё-дэ-Жанэйра на Алімпіяду выклікала б нэгатыўнае стаўленьне беларускага насельніцтва. Маўляў, у краіне крызіс, падаюць заробкі і пэнсіі, а кіраўнік з сынам забаўляюцца, марнуюць дзяржаўныя грошы на непатрэбныя паездкі.

Па-трэцяе, мусіць, ён разумее, што на гэтай Алімпіядзе беларускія спартоўцы не атрымаюць вялікіх дасягненьняў. А калі так, то з Лукашэнкам будуць зьвязваць не перамогі, а паразы.

І нарэшце, па-чацьвёртае, гэта ўзгаданы ужо допінгавы скандал з камандай весьляроў. Сам Лукашэнка ўжо нэгатыўна выказаўся наконт гэтага рашэньня міжнароднай фэдэрацыі. Таму адсутнасьць Лукашэнкі на цырымоніі ў Бразыліі — гэта ў пэўным сэнсе форма пратэсту супраць гэтага рашэньня.

Глод: Я найперш зьвярнуў увагу на тое, як дакладна Валер Карбалевіч сфармуляваў сваё пытаньне. Яно гучыць так: «Чаму Аляксандар Лукашэнка не паехаў на адкрыцьцё Алімпіяды ў Бразыліі?» Не паехаў ня проста на Алімпійскія гульні, а менавіта на іх адкрыцьцё. Бо, ведаючы Лукашэнку, нельга выключаць таго, што ён можа раптоўна зьявіцца ў Рыё, дзесьці пасярэдзіне Алімпіяды альбо бліжэй да яе закрыцьця. Нечаканае наведваньне ім Нагана дае падставу і для такой вэрсіі.

Нельга выключаць таго, што Лукашэнка можа раптоўна зьявіцца ў Рыё, дзесьці пасярэдзіне Алімпіяды альбо бліжэй да яе закрыцьця. Нечаканае наведваньне ім Нагана дае падставу і для такой вэрсіі.

Але чаму Лукашэнка праігнараваў адкрыцьцё Алімпіяды? Мае меркаваньні такія. І іх у мяне, дарэчы, таксама чатыры, як і ў спадара Карбалевіча. Але яны ў нас розныя. Па-першае, Бразылія, якую шмат хто ўяўляе як райскі куток на зямлі, далёка не такая бясьпечная, як можна падумаць. Гэта і загадкавы вірус Зіка, і вада ў горадзе, якая моцна забруджаная сьцёкамі, і яшчэ шмат чаго. Карацей, паездка ў Бразылію — гэта рызыка. І для самога Лукашэнкі, і для ягонага Колі.

Па-другое, сытуацыя вакол Алімпіяды са шматлікімі допінгавымі скандаламі не спрыяе сьвяточнай алімпійскай атмасфэры. Няма ўжо той узрушанасьці, той усеагульнай радасьці, якая раней традыцыйна складалася вакол найбольшага спартовага сьвята.

Па-трэцяе, гэтым разам у беларускіх алімпійцаў зусім невысокія шанцы на пасьпяховы выступ. Як кажуць, няма чаго лавіць. Вядома, зусім без мэдалёў беларусы не застануцца. Аднак, праўдападобна, іх будзе як ніколі раней мала. Прысутнасьць на гульнях кіраўніка дзяржавы ўскладзе адказнасьць за няўдачу і на яго асабіста. А так можна застацца ў Менску, а пасьля зрабіць публічны, з паказам праз тэлебачаньне, разнос спартоваму кіраўніцтву Беларусі.

Чацьвёртае, сёй-той з аналітыкаў ужо гаворыць пра нібыта салідарнае рашэньне Пуціна і Лукашэнкі ігнараваць Алімпійскія гульні. Мне падаецца, гэта ня так. Усё ж няма падставаў для іх такога супольнага рашэньня. Тым болей на тле таго, што Міжнародны алімпійскі камітэт урэшце даволі мякка паставіўся да допуску расейскіх спартоўцаў на Алімпіяду.

Але чаму наагул узьнікае пытаньне аб наведваньні высокімі асобамі, у дадзеным выпадку Лукашэнкам, Алімпійскіх гульняў? Ды таму, што жыцьцё пераконвае: асноўны прынцып заснавальніка сучасных Алімпіяд барона П’ера дэ Кубэртэна — «галоўнае — не перамога, галоўнае — удзел» — сябе зжыў. Памылкова працягваць верыць у тое, што буйныя міжнародныя спартовыя спаборніцтвы могуць быць па-за палітыкай. Такія відовішчы выклікаюць масавыя перажываньні і жарсьці, так бы мовіць, па нацыянальнай прыкмеце. Такой велізарнай увагай, хочам мы таго ці не, мы непазьбежна робім спорт вышэйшых дасягненьняў актуальнай палітычнай зьявай. А паедзе Лукашэнка на Алімпіяду ў Рыё ці не — гэта толькі наступства таго, што спорт стаў часткай палітыкі.

Цыганкоў: Для палітыкаў наведваньне буйных спартовых спаборніцтваў становіцца амаль абавязковым. Ня толькі для палітыкаў ня самых дэмакратычных краін. Падчас апошняга чэмпіянату Эўропы па футболе на паўфінальным матчы паміж Францыяй і Нямеччынай прысутнічала канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, якая, магчыма, не такая і заўзятая аматарка футболу, але нават мясцовыя выбаршчыкі не зразумелі б, каб яна не была на гэтым матчы. І гэта яшчэ раз паўтарае ваш тэзіс пра неразрыўнасьць цяперашняга спорту з палітыкай.

Плян па мэдалях не даводзіўся, у тым ліку і з той прычыны, што мэдалёў будзе вельмі няшмат, і, хутчэй за ўсё, гэта будзе беларускі антырэкорд.

Плян па мэдалях не даводзіўся, у тым ліку і з той прычыны, што мэдалёў будзе вельмі няшмат, і, хутчэй за ўсё, гэта будзе беларускі антырэкорд. Спорт — справа непрадказальная, канешне, але больш-менш адэкватна можна ацаніць прагнозы. А ўсе спартовыя аналітыкі кажуць пра тое, што Беларусь на гэтай Алімпіядзе мае шанец атрымаць 5-7, на скрайні выпадак 10 мэдалёў, і зь іх толькі адзін альбо некалькі залатых, а можа, і ніводнага. І такога правалу на алімпіядах у нас яшчэ не было. Думаю, пасьля Алімпіяды будзе разнос фэдэрацыяў і чыноўнікаў. Калі Аляксандар Лукашэнка зразумеў, што піярыцца на перамогах тут ня ўдасца, паколькі вялікіх перамогаў не чакаецца, то якраз узьняць свой рэйтынг падчас зацятага разносу не спартоўцаў, якіх любіць народ, а нейкіх абстрактных чыноўнікаў, якія нібыта сваімі дзеяньнямі перашкаджаюць спартоўцам атрымаць залатыя мэдалі, ён не праміне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG