Сябра АГП Мікалай Уласевіч, які прыцягнуў увагу да няштатнай сытуацыі на будаўнічай пляцоўцы АЭС у Астраўцы, сьцьвярджае, што гэта ўжо ня першая такая сытуацыя. Прадстаўнік партыі Зялёных Дзьмітры Кучук будзе дамагацца, каб наведацца на будаўнічую пляцоўку і хаця б знадворку агледзець рэактар, які ўпаў, і давесьці інфармацыю да грамадзкасьці.
Прэтэндэнт у кандыдаты ад АГП Мікалай Уласевіч, які першым апублікаваў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку інфармацыю аб тым, што на будаўнічай пляцоўцы АЭС адбылася няштатная сытуацыя, зьвязаная з рэактарнай устаноўкай, піша ліст да Генэральнага пракурора з патрабаваньнем разабрацца ў тым, што здарылася.
У лісьце Ўласевіч піша, што задоўга да няштатнай сытуацыі ён атрымаў інфармацыю аб тым, што нібыта ўстановачнае гняздо для корпусу прывезенага рэактара на 3 сантымэтры меншае за дыямэтар самога рэактара. Уласевіч просіць Генпракурора спраўдзіць гэтую інфармацыю, бо лічыць, што гэта магло стаць прычынай няштатнай сытуацыі, якая здарылася 10 ліпеня.
Уласевіч — стваральнік руху супраць будаўніцтва АЭС у Астраўцы:
— Трэба дамагацца спыненьня гэтага будаўніцтва, бо наступствы непрадказальныя для ўсяго рэгіёну — я гэта казаў і кажу ізноў. Мясцовыя людзі пра гэта публічна казаць баяцца, хоць на чатыры вокі гавораць, і гэта праблема, паверце, іх вельмі турбуе.
Актывіст Партыі Зялёных Дзьмітры Кучук, ініцыятыўная група якога вядзе збор подпісаў за вылучэньне яго кандыдатам з Астравецкага і Смаргонскага раёнаў, таксама выступае супраць будаўніцтва станцыі. Ён кажа, што за час збору подпісаў у Астравецкім раёне змог пераканацца ў тым, што даволі значная частка людзей выступае супраць яе будаўніцтва.
— Я сам стаяў у пікетах па збору подпісаў і да нас падыходзілі будаўнікі, якія і расказвалі пра няштатную сытуацыю на станцыі. Дарэчы, акрамя інцыдэнту з рэактарам будаўнікі расказалі і пра тое, што там упаў кран. А таму мы падрыхтавалі запыт да дырэкцыі будаўніцтва станцыі і зьбіраемся яе наведаць з тым, каб хоць бы правесьці там агляд і давесьці ўбачанае да грамадзкасьці.
Кучук кажа, што напачатку яны яшчэ вагаліся, ці верыць інфармацыі аб няштатнай сытуацыі, але пасьля таго, як пацьвердзілі афіцыйна, цяпер маюць намер дамагацца ад дырэкцыі будаўніцтва, каб далі дазвол наведаць будаўнічую пляцоўку атамнай станцыі.
— Мы хочам на свае вочы ўбачыць, наколькі сытуацыя выглядае сур’ёзна, бо будаўнікі казалі, што тэрыторыя ачэпленая людзьмі ў чорным камуфляжы, якія яе ахоўваюць і нікога не пускаюць. Ну вось накіравалі запыт і паглядзім, ці дазволяць нам гэта зрабіць.
У сваю чаргу Мікалай Уласевіч выступае за тое, каб станцыю дазволілі наведаць незалежным адмыслоўцам, якія б зрабілі кампэтэнтны аналіз няштатнай сытуацыі.
— Мы, вядома, можам там пахадзіць і знадворку паглядзець, але што гэта дасьць? Усім жа вядома, як у нас умеюць арганізоўваць падобныя экскурсіі. Таму я лічу, што рэактар павінны агледзець незалежныя адмыслоўцы і зрабіць сваё заключэньне.