Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шклоўскі раён - самы карумпаваны ў Беларусі» — эканаміст напісаў кнігу пра магілёўскую карупцыю


Намаляваны партрэт Мігурскага са шчытом
Намаляваны партрэт Мігурскага са шчытом

«Беларускае заканадаўства правакуе чыноўнікаў на карупцыю» — заяўляе кандыдат эканамічных навук Пётар Мігурскі, які напісаў кнігу пра асаблівасьці карупцыі на Магілёўшчыне. Прааналізаваўшы гучныя злачынствы, аўтар заключае: чыноўнікі робяцца карупцыянэрамі за два гады, а самае карумпаванае прадпрыемства на Магілёўшчыне — Магілёўскі мясакамбінат.

Пётар Мігурскі лічыць, што ягонай працай мусяць зацікавіцца ва ўладнай вэртыкалі і ў праваахоўных органах. Аўтар падае ня толькі прыклады карупцыйных злачынстваў, але і прапануе сваё бачаньне змаганьня з карупцыяй. Ёсьць у кнізе і свая «галерэя» з партрэтамі карупцыянэраў.

Матэрыял для кнігі «Магілёўская вобласьць: асаблівасьці рэгіянальнай карупцыі» Пётар Мігурскі зьбіраў чатыры гады. Праца над ёю яшчэ ідзе. У кніжцы, кажа ён, прааналізаваныя і сыстэматызаваныя карупцыйныя злачынствы, выкрытыя на Магілёўшчыне, і зьвесткі, пра якія падаваліся ў адкрытых крыніцах.

Аўтар кнігі пра карупцыю Пётар Мігурскі
Аўтар кнігі пра карупцыю Пётар Мігурскі

Пабыў карупцыянэрам — папрацуй дырэктарам

Свой досьлед Пётар Мігурскі лічыць надзвычай важным для разуменьня сытуацыі, у якой апынулася рэгіянальная эканоміка і грамадзтва праз размах карупцыі.

«Я мушу заявіць, што беларускае заканадаўства правакуе чыноўнікаў на карупцыйныя дзеяньні. Паколькі кіраўнік дзяржавы часта прымае рашэньні пра памілаваньне карупцыянэраў, то ён, такім чынам, падае пасыл усёй уладнай вэртыкалі: „Хлопцы, можаце красьці, я вас пасаджу, але потым вызвалю“. Гэтак прэзыдэнт становіцца саўдзельнікам карупцыйнага працэсу», — зазначае эканаміст.

Кніга «Магілёўская вобласьць: асаблівасьці рэгіянальнай карупцыі» яшчэ ў электронным выглядзе. Аўтар шукае магчымасьць сваю працу выдаць
Кніга «Магілёўская вобласьць: асаблівасьці рэгіянальнай карупцыі» яшчэ ў электронным выглядзе. Аўтар шукае магчымасьць сваю працу выдаць

У канчатковай вэрсіі кніга будзе дапоўненая партрэтамі карупцыянэраў, якія паводле суразмоўцы пасьпелі пасядзець у турме і па памілаваньні прызначаныя на кіроўныя пасады.

«Былога кіраўніка акцыянэрнага таварыства «Магілёўдрэў» Андрэя Вусава пасадзілі на 8 гадоў за злоўжываньне службовым становішчам, крадзяжах, а таксама нанясеньне стратаў прадпрыемству ў буйным памеры, — прыводзіць прыклад Мігурскі. — Праз паўтара году Вусава вызвалілі ды прызначылі намесьнікам дырэктара магілёўскага заводу «Строймашына».

«Яшчэ адзін прыклад, — працягвае аўтар кнігі, — былы кіраўнік Бабруйскага мясакамбінату Віктар Хадасевіч. Яму прысудзілі два гады ўзмоцненага рэжыму за крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі. Неўзабаве асуджанага вызвалілі, і цяпер ён кіруе ў Хоцімскім раёне сельгаспрадпрыемствам «Ліпаўка».

Чыноўнікі становяцца карупцыянэрамі за два гады

«У кнізе зроблена выснова, што карупцыйная сыстэма фармуецца на працягу двух гадоў», — выказвае сваё назіраньне Мігурскі.

«Калі ўзяць пэўны раён, то чыноўнікі, якія былі заўважаныя ў карупцыйных схемах, прапрацавалі ў ім два гады. Гэта добра праглядаецца на прыкладзе Шклоўскага раёну. Ён самы карумпаваны ў Беларусі. За апошнія гады карупцыйнымі дзеяньнямі была нанесена шкода ў 400 мільярдаў (не дэнамінаваных) рублёў. Заўважаю, што гэта толькі выкрытыя злачынствы, а колькі іх ня выкрыта. Нямала крымінальных спраў па карупцыі не пусьцілі ў судовую вытворчасьць. Такія зьвесткі ў мяне ёсьць, але дакумэнтальна пацьвердзіць іх надта цяжка».

Пётар Мігурскі за сваім працоўным сталом
Пётар Мігурскі за сваім працоўным сталом

«Былы начальнік упраўленьня сельскай гаспадаркі Шклоўскага райвыканкаму Дзьмітры Міненкоў выкрыты ў крадзяжы 4,2 мільёну эўра, — згадвае адну з крымінальных спраў аўтар кнігі. — У 2010 годзе гэты чыноўнік загадаў закупіць у Сэрбіі праз прыватную камэрцыйную фірму кароў. Быдла да Беларусі не даехала, хаця грошы ў суме 5 мільёнаў даляраў былі пералічаныя за жывёлу фірме пасярэдніку. Чыноўніку далі 14 гадоў калёніі».

«Цэлы букет карупцыйных злачынстваў выкрыты на Магілёўскім мясакамбінаце, — працягвае кандыдат эканамічных навук. — На гэтым прадпрыемстве злоўжывалі службовым становішчам ад намесьніка кіраўніка да дырэктара фірмовай крамы. Напрыклад, дырэктара крамы зьвінавацілі ў крадзяжы 1 мільярду рублёў. З гэтага можна ўявіць пра маштабы крадзяжоў на Магілёўскім мясакамбінаце».

Мігурскі кажа, што самым карумпаваным прадпрыемствам працаўнікі пракуратуры лічаць менавіта Магілёўскі мясакамбінат. Пра гэта не саромеюцца гаварыць у друку. Пры гэтым чамусьці не чапаюць кіраўніка прадпрыемства. Ён застаецца па-за зонаю публічнай увагі як з боку дзяржаўнай прэсы, гэтак і праваахоўных органаў.

«Усе вакол яго вінаватыя, але ён па-над сытуацыяй, — апісвае сытуацыю эканаміст. — Зь іншага боку, калі ўзяць Бабруйскі мясакамбінат, то там пацярпелі ад перасьледу два дырэктары. Такая сытуацыя насьцярожвае.

Адзін з дыплёмаў, калі Пётар Мігурскі яшчэ працаваў ва ўнівэрсытэце харчаваньня
Адзін з дыплёмаў, калі Пётар Мігурскі яшчэ працаваў ва ўнівэрсытэце харчаваньня

Яшчэ адзін прыклад, спэцыяліста адкрытага акцыянэрнага таварыства „Александрыйскае“ выставілі абвінавачваньне ў крадзяжы 3,6 мільярдаў рублёў. І жанчына цалкам выплаціла гэтую суму да суду. Значыць, было накрадзена значна больш», — мяркуе Мігурскі.

Магілёўшчына самая карумпаваная і з самым малым сярэднім заробкам

Карупцыяй, лічыць Пётар Мігурскі, прасякнутая ўся цяперашняя ўладная вэртыкаль. Такіх справаў з часам становіцца ўсё болей, настойвае ён.

«Карупцыя на Магілёўшчыне — найважнейшы фактар, якія выяўляе нэгатыўную сытуацыю, якая складваецца ў эканоміцы. Усё ўзаемазьвязана: чым вышэй узровень карупцыі, тым ніжэйшыя заработкі ў жыхароў рэгіёну. А рэгіён займае ўстойліва апошняе месца па аб’ёмах валавога рэгіянальнага прадукту. І заработная плата самая нізкая на Магілёўшчыне, — тлумачыць Мігурскі. — Выснова такая: асабліва шараговым грамадзянам ня варта дужа ўжо маліцца на гэтую ўладу. Трэба рабіць усё, каб яна сышла ў нябыт».

Паводле аўтара кнігі, трэба пераходзіць на сыстэму самакіраваньня.

«А гэта сыстэма немагчымая без дэмакратызацыі. Краіну варта дэмакратызаваць, — заяўляе ён. — А паколькі цяперашняя ўлада дужа далёка стаіць ад разуменьня дэмакратызацыі, то трэба беларускаму народу браць адказнасьць на сябе і рабіць захады, каб краінай кіравалі дэмакратычнымі мэтадамі. Жыцьцё пацьвярджае: найбольш разьвітыя краіны кіруюцца менавіта дэмакратычнымі мэханізмамі».

«Пра якую сёньня можа казаць эфэктыўнасьць кіраваньня, калі даходы насельніцтва падаюць, аб’ёмы і рэалізацыя прадукцыі таксама, — працягвае эканаміст. — Улада, аднак, лічыць, што яна кіруе краінай эфэктыўна».

Грамадзкасьць прызнала Мігурскага чалавекам году
Грамадзкасьць прызнала Мігурскага чалавекам году

«Калі суд стане незалежным, то чыноўнікі будуць баяцца красьці, бо яны будуць роўныя перад законам, — цьвердзіць аўтар кнігі. — Сёньня ж яны адчуваюць сваю беспакаранасьць. Наагул такое адчуваньне, што іх садзяць па разнарадцы. Калі пройдуць выбары ў Палату прадстаўнікоў „меч змаганьня з карупцыяй“ зноў запрацуе ў поўную сілу. Цяпер жа ня хочуць чапаць чыноўнікаў. Пазыцыя адносна іх такая: няхай правядуць выбары.

Варта гаворыць пра прыстойнасьць дзяржавы. Калі яна будзе мець незалежную судовую сыстэму, то ў меншай ступені будзе праяўляцца і карупцыя».

«Папаўся, бо ня ўмее красьці»

Людзі прызвычаіліся да таго, што чыноўнікі крадуць, кажа Пётар Мігурскі пра стаўленьне беларусаў да карупцыі.

Дзякавала эканамісту Мігурскаму і партыя БНФ
Дзякавала эканамісту Мігурскаму і партыя БНФ

«Яны прывыклі да сваволі чынавенства, — разьвівае ён думку. — Арышт чыноўніка хвалю нэгатыву не выклікае. Рэакцыя звычайна: «Ну, папаўся», ці «Ня ўмее красьці». Людзі бачаць, што дзеці раённых чыноўнікаў езьдзяць на дарагіх машынах, вучацца ў прэстыжных ВУЗах, жывуць у вялікіх гарадах. Гэта ўспрымаецца як штодзённасьць, хаця заяўляць, што людзі ставяцца зусім абыякава, не праўдзіва. Азлобленасьць мае месца, але ня болей.

Эканаміст заўважае, што і самі людзі часьцяком падтрымліваюць «карупцыйныя правілы жыцьця», няхай і на бытавым узроўні.

«Каб дзіця, напрыклад, здало экзамэн, трэба хабар даць. Прыйшоў у шпіталь, трэба нешта паднесьці ўрачу. Многія прадпрымальнікі ўтойваць факты хабару чыноўнікам.

Таму і адна з задач кнігі — паказаць маштабы крадзяжоў ды злоўжываньняў. Данесьці: карупцыя ляжыць у падмурку зьніжэньня эфэктыўнасьці эканомікі і рэальных даходаў насельніцтва. Каб чытаючы кнігу людзі прыйшлі да высновы, што павінны мець прынцыповую пазыцыю наконт тых чыноўнікаў, якія злоўжываюць службовым становішчам», — кажа аўтар.

Карупцыя для вэртыкалі ўлады вялікая праблема пры фармаваньні сьпісаў дэпутатаў рознага ўзроўню, кажа Пётар Мігурскі. На ягоную думку, карумпаванасьць чыноўнікаў не дазваляе падабраць годных кандыдатаў на дэпутацтва, каб было менш падтасовак падчас падліку галасоў. Каб выбарцы, заўважае ён, хаця б ведалі і казалі, што гэтая кандыдатура ня вартая быць у Палаце прадстаўнікоў.

Адзін з улюблёных куткоў Мігурскага на ягоным падворку
Адзін з улюблёных куткоў Мігурскага на ягоным падворку

«Гэта характэрна, напрыклад, для Шклоўскага раёну, — працягвае эканаміст. — Зь Менску ў свой час, напрыклад, прыслалі ў Шклоў абірацца ў палату прадстаўнікоў намесьніка старшыні Камітэту дзяржкантролю Аляксандра Агеева. Цяпер балятуецца ў дэпутаты інспэктар прэзыдэнта па Берасьцейскай вобласьці Дзьмітры Губараў. У свой час ён працаваў у раёне начальнікам упраўленьня сельскай гаспадаркі, і пра яго не было чутак, што ён займаецца паборамі, але няхай бы ў Берасьці і балятаваўся, калі сябе там праявіў. Няўжо зь мясцовых нельга было падабраць вылучэнца. Выходзіць, з тутэйшых няма прадстаўнікоў».

Прасілі быць сябрам «Белай Русі», а ў выніку — страціў працу выкладчыка

Што да Аляксандра Лукашэнкі, то Пётар Мігурскі асабіста знаўся зь ім. Быў у прыязных стасунках. Чаму іхныя дарогі разышліся, суразмоўца не захацеў расказваюць. Ролю Лукашэнкі ў сваім лёсе, аднак, ацаніў як станоўчую.

«Чаму станоўчую, — перапытаў ён і тут жа заявіў. — Я ўпэўнены, што дагэтуль не сяджу ў турме і таму, што Лукашэнка, магчыма, неяк адсочвае сытуацыю са мною. Але ўсё ж ганаруся, што за яго ні на адных выбарах не галасаваў».

Дом сям’і эканаміста Мігурскага
Дом сям’і эканаміста Мігурскага

«У свой час адзін з чыноўнікаў прапаноўваў мне напісаць заяву на ўступленьне ў „Белую Русь“, і тады мяне б зрабілі намесьнікам старшыні абкаму гэтай арганізацыі, — працягнуў аўтар кнігі пра карупцыю. — Наколькі сур’ёзная была тая прапанова, цяжка казаць, але, для мяне б адкрываліся выдатныя пэрспэктывы для кар’еры. На гэта я не пайшоў».

«Мяне ставілі і перад выбарам: альбо палітыка, альбо праца выкладчыка. У той час я быў даверанай асобай Уладзімера Някляева, а рэктар унівэрсытэту, дзе я выкладаў, быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі. Прычым тут палітыка, я так і не зразумеў, бо з майго гледзішча, я маю поўнае права ўдзельнічаць у выбарчым працэсе, як і рэктар. Я адмовіўся рабіць выбар на карысьць працы і стаў беспрацоўным», — згадаў Пётар Мігурскі.

«Пра саму страту працы выкладчыка шкадую, — дадае ён, — бо якасьць выкладаньня дужа цяпер нізкая. Мала выкладчыкаў з досьведам працы. Многа „паркетных“ выкладчыкаў, як я іх называю. Яны прыйшлі выкладаць ва ўнівэрсытэты адразу па сканчэньні ВНУ. Тэорыю яны ведаюць добра, але практычных ведаў у іх замала».

«Пазбаўляючыся ад выкладчыкаў, якія маюць практычны досьвед працы, выбіваецца інтэлектуальнае апірышча адукацыі. Студэнты не атрымліваюць належнага аб’ёму ведаў, каб эфэктыўна працаваць па сканчэньні ВНУ», — заключае Пётар Мігурскі.

Пётар Мігурскі за сваю працоўную кар’еру пасьпеў пакіраваць двума сельгаспрадпрыемствамі. Як ён кажа, да яго прызначэньня гаспадаркі былі ў заняпадзе, але праз колькі часу станавіліся пасьпяховымі.

Выкладаў суразмоўнік эканамічныя дысцыпліны ў некалькіх вышэйшых навучальных установах гораду. У 2011 годзе вымушаны быў звольніцца з Магілёўскага ўнівэрсытэту харчаваньня, каб «не ствараць праблемаў кіраўніцтву навучальнай установы».

Беспрацоўнага эканаміста і ягоную сям’ю ратаваў агарод
Беспрацоўнага эканаміста і ягоную сям’ю ратаваў агарод

У 2008 годзе ў Шклоўскай акруговай камісіі па выбарах у Палату прадстаўнікоў і выявіў тры несапраўдныя выніковыя пратаколы ўчастковых камісіяў. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году быў даверанай асобай кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева.

Пётар Мігурскі аўтар двух дзясяткаў кніг. Часта ён выступае экспэртам у незалежных мэдыях, у тым ліку, на Свабодзе. Жыве ў Шклоўскім раёне ў вёсцы Дабрэйка. 27 ліпеня кандыдат эканамічных навук адзначыць 60-годзьдзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG