Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Постмадэрнізм на роварнай трасе


Віктар Жыбуль

Ведаеце, адкуль я ўпершыню дазнаўся слова «постмадэрнізм»? Ва ўсялякім разе, ня з прац Дэлёза і Бадрыяра, і нават не ад старэйшых паплечнікаў па літаратурным фронце. Маё першае знаёмства з постмадэрнізмам як тэрмінам адбылося, калі я, яшчэ школьнік, натрапіў у нейкім часопісе на артыкул пра архітэктара, які праектаваў у Менску некаторыя дамы па вуліцы Якубава ў Серабранцы. І вось ён, той архітэктар, казаў, што працуе ў рэчышчы постмадэрнізму: будуе шматпавярховікі, выкарыстоўваючы элемэнты, уласьцівыя дойлідзтву мінулых эпох. І толькі на пару гадоў пазьней я даведаўся, што постмадэрнізм, аказваецца, ёсьць у філязофіі, літаратуры, выяўленчым мастацтве...

На жаль, прозьвішча архітэктара ў маёй падлеткавай галаве не затрымалася, дый з таго часу прайшло больш за дваццаць гадоў. Але яго творы я сузіраю шторазу, калі еду па роварнай трасе левым берагам Сьвіслачы з боку цэнтру ў кірунку Чыжоўскага вадасховішча ці наадварот.

Гэтая роварная траса і без таго мае свой непаўторны настрой, сваю асаблівую атмасфэру. Праяжджаючы па ёй, спазнаеш сталіцу ў не зусім звыклым ракурсе: Менск паўстае не такім шчыльназабудаваным і шумна-тлумным, якім бачыш яго, едучы ў грамадзкім транспарце ці ідучы пехатой па цэнтральных ці нават пэрыфэрыйных вуліцах. Гэта іншы Менск. І нават не зусім Менск. Гэта горад, які рос, усмоктваючы ў сябе іншыя — маленькія — населеныя пункты і пункцікі, якія даўно сталі гарадзкімі вуліцамі. Гэта Менск, які яшчэ тоіць у сабе кавалачкі дзікай прыроды. Хай і невялікія кавалачкі, але чалавеку, які вырваўся з запыленых панэльных кварталаў, яны могуць падацца шырокімі прасторамі. Гэта Менск, якому нагадалі, што там, дзе ён адчуў сябе гаспадаром, ён зьяўляецца толькі госьцем. І вось, да ўсяго, гэта яшчэ і Менск постмадэрнісцкі.

Два апошнія дамы па тупіковай вуліцы Якубава трапляюць у поле зроку яшчэ здалёк, калі мінаеш чарговы выгін ужо не ўмураванай у бэтон Сьвіслачы з былой вёскай Сталовая на супрацьлеглым беразе. Вышынныя гмахі падаюцца яшчэ больш манумэнтальнымі, бо стаяць на высокім беразе, узьяжджаючы на які трэба крыху мацней ціснуць на пэдалі. Канструкцыі на вяршынях гмахаў выклікаюць асацыяцыі з нэагатычнымі касьцёламі: двухсхільныя дахі, аркі са зводамі, а на адным — і ўвогуле тры крыжы на франтоне. Што б гэта азначала? царкву збудавалі на даху хмарачоса? на верхніх паверхах жыве сьвятар? а можа, тут усё ў парадку рэчаў — звычайны хрысьціянскі дом у звычайнай хрысьціянскай краіне? На суседніх дамах — ужо не нэаготыка. На адным, таксама вышынным, — нібы сярэднявечная фартэцыя, на іншым, крыху ніжэйшым, — нешта клясыцыстычнае. І ўсё гэта — на вышыні 10-15 паверхаў.

І як кантраст — суседняя вуліца Шэйпічы, якая збольшага захавала да сёньняшняга дня вясковы выгляд. Памятаецца, дзесьці на пачатку 1990-х у «Вячэрнім Мінску» быў артыкул пра гэтую вуліцу — маўляў, знаходзіцца ў такім месцы, што цяжка адшукаць, нават таксісты блытаюцца, ня ведаюць, як туды заехаць!

А роварная дарожка вабіць і нясе далей, узмацняючы адчуваньне «постмадэрновасьці». Чым далей — тым навакольныя краявіды ўсё меней нагадваюць гарадзкія: абалона Сьвіслачы тут забалочаная, берагі парослыя трысьцём, чаротам ды іншымі воднымі расьлінамі, у пошуках спажывы плаваюць качкі й лысухі, сям-там сядзяць рыбакі з вудамі. Але гэта — калі глядзець направа. Налева ж звыкла ўзвышаюцца гмахі Серабранкі — толькі ўжо ранейшыя, пачатку 1980-х — разам з крамамі ды аптэкамі. Гэта ўсё тая самая вуліца Якубава. Ёсьць легенда (а мо праўда?), што яна калісьці задумвалася як рэзэрвовая пасадачная паласа аэрапорту «Мінск-1»: тупіковая вуліца з трохпалосным рухам у кожным напрамку.

Роварная траса то ўздымаецца ўгору, то спускаецца ўніз, то бяжыць роўна, то пятляе ўлева-управа. Вось яна нырае ў густы зарасьнік, які можа падацца беларускімі джунглямі. Адчуваньне вялікага гораду сапраўды на момант страчваецца і... вяртаецца, калі амаль побач — за тым самым зарасьнікам — прагрукоча па Якубава трамвай.

Віктар Жыбуль
Віктар Жыбуль

За ракой няблага праглядаецца старажытны, але за апошняе дзесяцігодзьдзе прычасаны, заасфальтаваны і «падглямураны» Лошыцкі парк. З разьмешчаных у ім архітэктурных помнікаў здалёк бачныя рэшткі цаглянага млына, узьведзенага Яўстахам Любанскім пры канцы ХІХ стагодзьдзя.

І вось нарэшце — Дворышча. Роварная траса агінае ўсю былую вёску, па памерах даволі немалую, бяжыць у бок Чыжоўскага вадасховішча і — як бы ні хацелася працягу — недалёка ад узьбярэжжа заканчваецца разваротным колам. Можна пасядзець адпачыць, а можна і прайсьціся па вузкім мысе, што ўдаецца ў вадасховішча. Там, па супрацьлеглым беразе, цягнецца яшчэ адна былая вёска — Карзюкі з гіпэрмаркетам «Prostore» і новазбудаваным касьцёлам, а яшчэ далей — апакаліптычна ўзвышаецца масіўная звалка палігона «Прудзішча».

Разварочваесься, едзеш назад, і ўсе ранейшыя пад’ёмы абарочваюцца спускамі, а спускі — пад’ёмамі.

Гмахі. Прырода. Горад. Вёска. Постмадэрнізм. Новы экскурсійны маршрут? Чаму не. Але гэта ня я прыдумаў яго. Гэта роварная дарожка вяла мяне.

Фота аўтара і Веры Бурлак

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG