Зьмены адлюстраваныя ў дакумэнце, апублікаваным у спэцыяльным тэлеграм-канале КДБ.
Як піша «Вясна», у «тэрарыстычным» сьпісе зьявіліся асуджаныя на невядомыя тэрміны:
- палітзьняволеныя былыя сілавікі з Жодзіна Дзьмітры Удовін, Андрэй Дарошка, Вячаслаў Ільіч, Ігар Кісьляк і Віталь Папрэцкі, якія ў жніўні 2020 году запісалі зварот да калег з просьбай не станавіцца карнікамі (асуджаныя ў 2025 годзе за нібыта «заклікі да санкцыяў» і «распальваньне варожасьці» па арт. 361 і 130 Крымінальнага кодэксу; унесеныя ў пералік «экстрэмістаў», які вядзе МУС).
- палітвязень Сяргей Горлаў, асуджаны за нібыта «заклікі да санкцыяў», «абразу Лукашэнкі» і «распальваньне варожасьці», (арт. 361, 368, 130 Крымінальнага кодэксу),
- Сяргей Зеляноўскі, асуджаны за «заклікі да санкцыяў» (арт. 361),
- Віктар Кухарчук, асуджаны за «распальваньне варожасьці» (арт. 130 КК).
Цяпер у «сьпісе тэрарыстаў» КДБ 1385 пазыцыі і 1276 чалавек, зь іх сама меней 588 — грамадзяне Беларусі. Абвешчаным «тэрарыстамі» зьняволеным забаронена атрымліваць грашовыя пераводы.
Улады Беларусі выкарыстоўваюць сьпіс тэрарыстаў для ўзмацненьня ціску на палітычных апанэнтаў, пагаршэньня становішча палітвязьняў у турмах.
У гэты сьпіс нядаўна трапіў сярод іншых кіраўнік зьліквідаванай партыі «Зялёныя» Зьміцер Кучук, пакараны на 6 гадоў калёніі ў палітычна матываванай справе.
Форум