Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусаў накрыла зялёнай бляхай


Сяргей Абламейка, Радыё Свабода
Сяргей Абламейка, Радыё Свабода

Якога колеру маюць быць стрэхі ў беларускіх гарадах? Для некага гэтае пытаньне можа падацца дзіўным і недарэчным. Для некага — нясвоечасовым. Нехта можа адказаць, напрыклад, гэтак: абы якога, як захоча ўладальнік будынку.

А мне вось адна з барваў апошнія гады моцна муляе вока. І ня толькі вока, але і душу. Гэта — барва зялёная.

Зялёнай барвы на нашых стрэхах у апошнія 20 гадоў стала нечакана і непрапарцыйна шмат. Можна нават сказаць, што спакваля яна робіцца дамінуючай на пэўнага тыпу будынках. Найперш гэта — барокавыя і клясычныя будынкі былых каталіцкіх і ўніяцкіх кляштараў, якімі цяпер валодае Расейская Праваслаўная царква. Пранікла гэтая барва і ў гістарычныя цэнтры нашых местаў, дзе яе раней ніколі не было.

А мне вось адна з барваў апошнія гады моцна муляе вока. І ня толькі вока, але і душу. Гэта — барва зялёная.

Але паддацца спакусе абвінаваціць толькі Праваслаўную царкву ў навязваньні гэтай барвы было б няправільна. Сапраўдныя прычыны тут ляжаць значна глыбей. Гэтая барва цяпер падабаецца нашым людзям і вока ім не муляе. Яна ўжо — у нашым гусьце.

А як было раней? Якія ў нас тут традыцыі?

Вось якім убачыў Менск у 1853 годзе Павал Шпілеўскі:

«Раскинутый на горах и крутизнах Минск почти со всех трактов или въездов представляет прекрасный вид... По горам, по пригоркам красуются здания то высокие и широкие, то узкие и продолговатые, с черепичными крышами во вкусе средних веков...»

А вось гістарычны факт: да самага пачатку вайны у 1941 годзе ў сталіцы БССР Менску працавалі два чарапічныя заводы. І больш за тое. Гэтыя заводы працягвалі працу і пасьля вайны. Зь сёньняшніх менчукоў мала хто ўжо памятае, што раёны Трактарнага і Аўтамабільнага заводаў адразу пасьля пабудовы ў 40-50 гады былі спрэс накрытыя дахоўкай — і трох-, і двух-, і аднапавярховыя будынкі.

Дацэнт Смаленскага ўнівэрсытэту Юлія Грыбэр зацікавілася тэмай характэрных для гістарычнага Смаленску колераў. Вось што ў яе атрымалася:

«Начиная с XV века, когда Смоленск стал частью Великого княжества Литовского, в течение почти трех столетий архитектура города испытывала сильное западноевропейское влияние. Это заметно сказалось на колористике города. Сохранившиеся графические изображения показывают, что в цветовом облике Смоленска этого периода стало больше красного цвета. Теплый красновато-розовый оттенок городу придавали кирпич, розовая штукатурка и черепица».

У 1818 годзе цар Аляксандар І забараніў фарбаваць дахі ў пануючы да таго ў Расеі чорны колер і загадаў фарбаваць іх зялёнай, чырвонай або шэрай фарбай. Так нарадзілася цяперашняя зялёная бляха.

Такой была наша традыцыя. Але пасьля таго, як Беларусь трапіла ў склад Расеі, гэтая традыцыя стала мяняцца. У Расеі ўсё было моцна рэглямэнтавана. У ХІХ стагодзьдзі там зьявілася некалькі рэдакцыяў «Строительного Устава Российской империи». У 1818 годзе цар Аляксандар І забараніў фарбаваць дахі ў пануючы да таго ў Расеі чорны колер і загадаў фарбаваць іх зялёнай, чырвонай або шэрай фарбай. Так нарадзілася цяперашняя зялёная бляха.

Чырвоныя і шэрыя дахі ў Расеі паступова сталі рэдкімі, затое зялёныя — распаўсюдзіліся вельмі шырока. Я ня ведаю сапраўднай прычыны гэтага, але ўлічваючы, што колер расейскіх дахаў ня проста зялёны, але сьветлазялёны, салатавы, можна выказаць меркаваньне, што гэта як бы імітацыя пазелянелае медзі. У Эўропе медзьдзю пакрывалі купалы, радзей стрэхі. А ў Расеі купалы звычайна залатыя або блакітныя (у храмах), а дахі — зялёныя.

Вось як цяпер выглядаюць галоўныя будынкі Расеі. Напрыклад, Крэмль:




Або Эрмітаж і ўвесь гістарычны цэнтар Санкт-Пецярбургу:




Ну але і здымаць адказнасьць з Расейскай Праваслаўнай царквы нельга. Яна сёньня — актыўны і дзейсны ўдзельнік гэтага працэсу. Вось як цяпер выглядае галоўны аб'ект РПЦ у Кіеве — Кіева-Пячэрская лаўра:




А вось і наш родны Менск. Катэдральны Сьвята-Духаў сабор, які месьціцца ў барочных мурах колішняга жаночага бэрнардынскага кляштару, новазбудаваныя карпусы навучальнай установы РПЦ і нават гандлёвыя рады і шэраг будынкаў Верхняга гораду маюць ужо на дахах не ўласьцівую ім зялёную бляху:



І што ж гэта за працэс? Я думаю, што зялёная бляха на месцах, дзе раней была дахоўка, гэта сымбалічная матэрыяльная адзнака «русской цивилизации». Гэта — адзін з сымбаляў, якім памячаецца тэрыторыя распаўсюджваньня таго, што сёньняшнія валадары Крамля і РПЦ называюць «русским миром».

Гэты «мир» сёньня жыве ў шмат якіх беларускіх галовах... Мне могуць запярэчыць, што гэта справа густу. Я ахвотна згаджуся, але нагадаю ў адказ, што ў гэтым канкрэтным гусьце навідавоку ідэалягічны складнік.

І хто б мог падумаць, што справа зойдзе так далёка? Я маю на ўвазе факт, што зялёная бляха ўжо красуецца ня толькі на праваслаўных будынках, але і на некаторых каталіцкіх. Напрыклад (які кашмар для эстэтаў і нацыяналаў!), на гарадзенскім Фарным касьцёле — шэдэўры віленскага барока:



Але і гэта яшчэ ня ўсё. У Беларусі на дахах апрача сьветлазялёнай бляхі зьявілася і цёмназялёная!! Ёсьць такія дахі ў гістарычным цэнтры Менску, але мяне найболей уразіў накрыты цёмназялёнай бляхай дом насупраць шыкоўнага помніка беларускага барока — былой уніяцкай Уваскрасенскай царквы ў Віцебску. Гэты дом выглядае як будынак у вайсковым гарадку памежнікаў.



Магчыма, гэтае параўнаньне з памежнымі войскамі выпадковае. А магчыма — і не. Усе мы ведаем пра аўтарытэт і вагу, якімі сёньня ў Беларусі карыстаецца гэты род войскаў і, як бачым, ягоныя колеры... Навакольнае асяродзьдзе ўзьдзейнічае на людзей на ўзроўні культурнага коду. Калі яны зь дзяцінства бачаць вакол сябе зялёныя бляшаныя дахі, то такія дахі ў рэшце рэшт ня толькі стануць лічыцца сваімі, але могуць падацца яшчэ і прыгожымі...

Пры гэтым сам я нічога супраць уласна зялёнага колеру ня маю. Я нават ведаю, што некаторыя беларускія замкі і багатыя дамы накрывалі некалі цёмназялёнай паліванай керамічнай дахоўкай. І тым ня менш, маё эстэтычнае і нацыянальнае пачуцьцё пакутуе кожнага разу, калі я бачу пляскатыя стрэхі зь зялёнай бляхай там, дзе некалі былі стромыя схілы, накрытыя чырвонай дахоўкай.

Нашы густы хаваюцца ў самых глыбінных спратах сьвядомасьці. А якія гэта глыбіні, якія густы і якая сьвядомасьць, з прыведзеных здымкаў і маіх нататак, думаю, зразумела.

Таму я і кажу, што нас усіх сёньня накрыла зялёнай бляхай. Зрэшты, як бачым, мы і самі ўжо накрываемся ёй...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG