Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарка Менску, якая апынулася на месцы тэракту ў Ніцы: Арганізацыя бясьпекі агідная


Мінчанка Ганна Буднікава ўвечары 14 ліпеня разам з 5-гадовым сынам апынулася ў Ніцы падчас тэракту.

Па дарозе на Ангельскую набярэжную яна не заўважыла ніводнага паліцэйскага. У інтэрвію парталу tut.by яна распавяла:

«Гэта было нязвыкла, паколькі падчас Чэмпіянату Эўропы і паліцыянты, і людзі ў камуфляжы з аўтаматамі былі паўсюль. Вядома ж, паліцыя была паблізу. Але я лічу, што для такога мерапрыемства, як салют у гонар гадавіны ўзяцьця Бастыліі, недастаткова».

Паводле Ганны, набярэжная была запоўненая людзьмі, а пасьля салюту людзі з пляжу сталі падымацца на набярэжную.

«Мы таксама падняліся. І тут я пачула стрэлы, а потым крыкі. Людзі ў паніцы пабеглі. Нічога ўбачыць я не пасьпела. Мы таксама беглі, не азіраючыся, стрэлы набліжаліся. Потым я ўбачыла мусульманскую сям’ю, муж загадаў жонцы зь дзіцем спускацца па лесьвіцы да мора. Я таксама спусьцілася з сынам. Прыціскаліся да бэтоннай сьцяны, якая аддзяляе пляж ад набярэжнай. Цяжка сказаць, колькі часу прайшло. Мне было вельмі страшна, можа, таму здалося, што хвілін 15. Калі я пачула сырэны, стала спакайней».

Паводле беларускі, да яе не падыходзіў ніхто з паліцыі і мэдыкаў, ніхто не прапаноўваў дапамогу. Натоўп людзей сьпяшаўся схавацца ад набярэжнай як мага далей. Маленькага сына Ганны людзі ў паніцы зьбівалі з ног.

«Хтосьці нават прайшоўся яму па назе, быў зьдзёрты басаножак, сын плакаў, паказваў на нагу, падышлі расейцы і пасьвяцілі ліхтарыкам. Больш ніхто не падыходзіў, ніхто нічога не тлумачыў. Я ў шоку стаяла на пляжы і ня ведала, што рабіць. Арганізацыя бясьпекі агідная».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG