Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта была бойня, людзі разьляталіся як кеглі» — відавочцы расказалі падрабязнасьці тэракту ў Ніцы


Амаль усе людзі, якія сталі ахвярамі атакі тэрарыста на грузавіку ў Ніцы ў чацьвер 14 ліпеня, прыходзілі на Ангельскае ўзьбярэжжа, каб паглядзець на сьвяточны салют з нагоды Дня ўзяцьця Бастыліі.

Выданьню The Telegraph расказвае брытанскі студэнт Джоэль Фэнстэр, які стаў сьведкам трагедыі:

«Мы прыйшлі на пляж, каб паглядзець на фэервэркі, потым, як мы ведалі, павінен быў быць канцэрт. Мы, як і многія іншыя, проста шпацыравалі па ўзьбярэжжы. Гэта быў ідэальна нармальны вечар», — успамінае ён.

Паводле словаў Фэнстэра, раптам людзі пачалі бегчы.

«Мы зразумелі, што трэба тэрмінова ратавацца і кінуліся прэч ад мора на старое места. Потым я пачуў стрэлы: спачатку адзін, потым яшчэ два», — паведаміў ён.

Тэракт у Ніцы. Фотагалерэя

Стрэлы былі чуваць таму, што тэрарыста, які быў за рулём грузавіка, застрэліла паліцыя. Паведамленьне пра тое, што зламысьнік адкрыў агонь з аўтаматычнай зброі не пацьвердзілася, хоць у грузавіку пасьля знайшлі агнястрэльную бомбу і гранаты.

Паводле словаў Фэнстэра, ён разам з групай забег у адкрыты рэстаран:

«На той момант мы думалі, што дзесьці побач знаходзіцца стралок. Зайшлі паліцэйскія і загадалі ўладальніку ўстановы выключыць сьвятло і апусьціць жалюзі. Усе былі вельмі напалоханыя», — расказаў ён.

Пазьней праваахоўнікі вярнуліся ў рэстаран і патрабавалі ад усіх тэрмінова пакінуць памяшканьне.

«Паліцыянты настаўлялі на нас зброю і патрабавалі адчыніць торбы для праверкі», — расказвае студэнт.

Іншы сьведка тэракту — жыхар Ніцы Васім Бухэль — у інтэрвію агенцтву Associated Press паведаміў, што целы былі раскіданыя па ўсім узьбярэжжы.

«Гэта была бойня. Целы былі паўсюль», — расказаў ён.

Бухэль пры гэтым адзначыў, што кіроўца грузавіка пасьля таго, як машына спынілася, выскачыў і страляў па натоўпе.

«Людзі разьляталіся як кеглі», — коратка пракамэнтаваў для Reuters убачанае Жак, уладальнік аднаго з рэстаранаў на Ангельскім узьбярэжжы.

Грузавы аўтамабіль заехаў у натоўп людзей падчас сьвяткаваньня Дня ўзяцьця Бастыліі ў Ніцы. Паводле паліцыі, загінулі сама менш 84 чалавекі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG