Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я верыў у міліцыю» — хлапец, які заехаў у «Карону» на самакаце, можа сесьці на 15 сутак


Дзяніс Тарманаў
Дзяніс Тарманаў

«Што там у міліцыянтаў цяпер з кармай, я не разумею. Але выходзіць, што яны ўсю няпраўду склалі ў стос, паказваюць, і яшчэ будуць пацьвярджаць у судзе. А я ж у іх не адзін такі! І як яны з гэтай няпраўдай жывуць, я ня ведаю» — 21-гадовага Дзяніса Тарманава затрымалі ў «Кароне» за тое, што ён ехаў на самакаце. У выніку хлапца будуць судзіць за «лаянку» і пагражаць пасадзіць на 15 сутак. Ён сьцьвярджае, што матам ня лаяўся.

Уся гісторыя здарылася 29 чэрвеня. «Я заехаў у „Карону“ на самакаце і купіў там булачку, — з усьмешкай пачынае расповед Дзяніс. — Я быў на самакаце, гэта праўда. Назваць гэта «яздой» цяжка. Нікога я не абганяў, рухаўся з хуткасьцю людзей. Народу было няшмат, бо ўжо каля паловы адзінаццатай вечара».

Выехаўшы з крамы, Дзяніс заўважыў, што згубіў роварныя пальчаткі. Каля вярнуўся па іх у «Карону», яго спыніў першы ахоўнік:

«Сказаў, што „нельга на самакаце“. Я тут жа спыніўся, спытаў, чаму нельга. Ён адказаў нешта „нельга і ўсё“, — распавядае Дзяніс. — Я спытаў, можа ёсьць нейкія дакумэнты, якія ён можа мне паказаць, што „нельга на самакатах“. Ён сказаў нешта пра міліцыю».

Зь першым ахоўнікам Дзяніс разышоўся, але ў залі другі ахоўнік схапіў яго за самакат. У выніку хлапец апынуўся ў пакоі аховы. «Там прапаршчык мне паказаў пасьведчаньне, я перапісаў нумар яго значка, спытаўся, чаму я тут. Тады ён стаў на мяне крычаць і нецэнзурна выказвацца. Я тады пазваніў у 102, распавёў, што адбываецца».

На званок аніяк не адрэагавалі. Але ахоўнікі гіпэрмаркету пры ім напісалі заяву, што Дзяніс мацярыўся і спрачаўся з аховай. Па хлапца прыехала машына з Фрунзенскага РУУС. У РУУС яму прапанавалі падпісаць пратакол, дзе сьцьвярджалася, што ён «лаяўся матам». «Тады, кажуць, будзе штраф — дзьве мінімалкі. Я сказаў, што я матам ня лаяўся», — кажа Дзяніс. На яго склалі пратакол выняцьця рэчаў, і ноч хлапец правёў у РУУС.

«Камэра страшненькая, душна вельмі, лужына на падлозе. Ад духаты ў хлапца пачаўся прыступ астмы, ён спрабаваў грукатам прыцягнуць да сябе ўвагу, гаварыў, што ён астматык і яму трэба лекі. «Але ніхто не прыйшоў. Дыхаць было цяжка, вэнтыляцыі ніякай», — сьцьвярджае хлопец.

Зранку Дзянісу ізноў далі пратакол, дзе было напісана, што ён «езьдзіў на самакаце, не рэагаваў на заўвагі, лаяўся матам».

«Я напісаў, што згодны часткова: быў на самакаце, але на заўвагі рэагаваў і матам ня лаяўся», — кажа Дзяніс. Падчас размоваў зь міліцыянтаў, які афармляў пратакол, у пакой увайшоў маёр.

«Ён сказаў: «Чаго ты зь ім возісься. Напішы, што „адмаўляецца падпісваць"». Дзяніса ізноў адвялі ў камэру, а пасьля павезьлі ў суд Фрунзенскага раёна.

Дзяніс Тарманаў
Дзяніс Тарманаў

«Судзьдзя спытала, ці прызнаю я віну. Я кажу: на самакаце быў, але матам ня лаяўся. Тады яна сказала, што так нельга: ці прызнаю ці не. Я яшчэ раз гэта паўтарыў. Я спрабаваў распавесьці, што мне не далі пазваніць, што я ня бачыў дакумэнты, хацеў даведацца, у чым сутнасьць, якія заявы, матэрыялы справы. Судзьдзя мне гэтага таксама не паказала. Сказаў ёй пра відэакамэры, але яна адказала, што ёсьць сьведкі і гэтага дастаткова», — прозьвішча судзьдзі хлапец не запомніў.

Пасьля судзьдзя прапанавала Дзянісу два варыянты: альбо прызнаць віну і атрымаць штраф, альбо пераносіць разгляд справы.

«Сказала, што будуць выкліканыя сьведкі, якія „знаходзіліся пры выкананьні і хлусіць не маглі“. Яны, маўляў, ўсе пацьвердзяць, і тады яна мне паабяцала 15 сутак», — распавядае Дзяніс. Але хлапец не пагадзіўся. Наступнае паседжаньне ў яго 8 ліпеня.

„Думка падпісаць пратакол у мяне была, — кажа Дзяніс. — Але гэта няпраўда. А я не люблю хлусіць. Было няпроста, але я ўсё ж не хацеў гаварыць няпраўду“.

На пытаньне, навошта міліцыі „заварваць такую кашу“, Дзяніс мяркуе: „Яны ж мяне ўжо затрымалі. А калі затрымалі, і заяву нейкую напісалі, і я ў 102 пазваніў і паскардзіўся, то пасьля гэтага ўжо не маглі мяне адпусьціць“

.

Чаму вы пазванілі ў 102? — пытаемся ў Дзяніса. — Сядзелі б спакойна, вас маглі б адпусьціць...

— Раней я верыў у міліцыю, — адказвае хлапец. — І я зараз веру, што ня ўсе такія. Ёсьць, вядома, асобы, але гэта ж ня толькі міліцыянты — усе людзі розныя. У мяне і зараз ёсьць павага да людзей у пагонах. Думаў, што людзі гонару. Што там у іх цяпер з кармай, я не разумею. Але выходзіць, што яны ўсю няпраўду склалі ў стос, паказваюць, і ў прынцыпе гэта ўсё яшчэ будуць пацьвярджаць у судзе. А я ж у іх не адзін такі! І як яны з гэтай няпраўдай жывуць, я ня ведаю.

Прэс-афіцэр Фрунзенскага РУУС Натальля Аскерка сказала Радыё Свабода, што выпадак зь Дзянісам Тарманавым яны не камэнтуюць, бо «справа знаходзіцца ў судзе». Ахова «Кароны» ад камэнтароў таксама адмаўляецца.

Сам Дзяніс са Жлобіна. Адвучыўся ў Інстытуце прадпрымальніцкай дзейнасьці. Займаўся індывідуальным прадпрымальніцтвам. На самакаце езьдзіць ужо два гады. Кажа, што раней езьдзіў на ровары, але «на самакаце нашмат зручней, бо у горадзе шмат пераходаў, дый захоўваць самакат прасьцей».

За два гады перамяшчэньня на самакаце ахоўнікі заўвагу яму рабілі двойчы — адзін раз у гандлёвым цэнтры «Сталіца», другі раз — у Galileo.

«Цяпер у камэнтарах у фэйсбуку пішуць, што ў Піцеры езьдзяць на самакатах і нікому не перашкаджаюць, — кажа Дзяніс. — І хадзіць можна агрэсіўна. Гэта ж ад чалавека залежыць. Я два гады ежджу, я ні разу нікога ня ўдарыў, не зачапіў, нават не забрудзіў нікога».

«У Менску дастаткова людзей езьдзіць на самакатах, — разважае хлапец. — Вось вы бачыце, як я еду. Каму я магу нанесьці шкоду? Тут справа ў адэкватнасьці грамадзянаў. Хаця калі будзе афіцыйная забарона, то я гатовы. Нельга — дык нельга. Але мне пра такую забарону ніхто не казаў»

Пра тое, што зь ім здарылася, Дзяніс толькі сёньня распавёў бацькам. Адваката ў яго таксама няма.

«Я на судзе паспрабую дабіцца відэа з камэраў назіраньня. Там прынамсі відаць, як я ехаў. Мне здаецца, гэта важна. Я не падманваю, я пацьвярджаю, што быў на самакаце, але там ўсё вырашаюць мае спакойныя паводзіны. Можна пабачыць у дыялёгу нават без гуку, калі чалавек настроены агрэсіўна. Але і я, і ахоўнікі размаўлялі спакойна», — кажа Дзяніс.
Гісторыя шырока разышлася ў сацыяльных сетках і СМІ. Але першым напісаў пра яе не Дзяніс.

«Мне здаецца, што калі б я гэта зрабіў, то мяне б шапкамі закідалі. Атрымліваецца, што я такі „белы і пухнаты“. Я ўвогуле не хацеў пра гэта распавядаць. Я сябру распавёў свае апошнія навіны, яго гэта абурыла і ён заскрыніў наш дыялёг і скінуў гэта ў фэйсбук», — распавядае Дзяніс.

Ці гатовы ён адсядзець 15 сутак? «Ня вельмі моцна хацелася б, — адказвае хлапец. — Ну а што мне, хавацца цяпер? У лясах? Калі суд вынесе рашэньне пра 15 сутак, не зьбягаць жа. Буду апратэстоўваць. Хаця, здаецца, наўрад ці ўдасца. Пасадзяць — адсяджу».

У міліцыю Дзяніс дагэтуль верыць.

«Я раней калі дарогу ня ведаў, падыходзіў да міліцыянтаў. Ня так, каб у мяне зусім давер зьнік. Я разумею, што там шмат добрых хлапцоў. Але вось трапіў на такіх, так адбылося», — кажа ён.

Паседжаньне па справе Дзяніса Тарманава адбудзецца 8 ліпеня а 14 гадзіне ў судзе Фрунзенскага раёна Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG