Пра гэта паведамляе Бі-бі-сі.
У 2015 годзе пантыфік ужо называў забойства армян «першым генацыдам XX стагодзьдзя», выклікаўшы рэзкую рэакцыю Анкары.
Турэцкі амбасадар тады быў неадкладна адкліканы з Ватыкана, а прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што асуджае Францішка, якому «ня варта больш паўтараць падобную памылку».
Чакалася, што падчас візыту ў Ерэван Францішак устрымаецца ад катэгарычных заяваў, але ў сваім звароце да прэзыдэнта Армэніі Сержа Саргсяна і дыпляматычнага корпусу пантыфік адступіў ад загадзя падрыхтаванага тэксту.
Закрануўшы тэму масавых забойстваў армян, папа спачатку выкарыстаў армянскі тэрмін «Мец Егерн» («Вялікае злачынства»), але потым дадаў слова «генацыд».
Анкара пакуль не зрабіла новых афіцыйных заяваў на гэты конт.
Паводле ацэнак гісторыкаў, падчас Першай сусьветнай вайны ў выніку сыстэматычных забойстваў загінулі 1,5 млн армян. Генацыд армян асуджаны многімі краінамі сьвету. Турэччына факт генацыду адмаўляе.