Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францускія журналісты выкрылі хлусьню «России 24» у сюжэце пра эўраскептыкаў


Дзьмітры Кісялёў. Карыкатура
Дзьмітры Кісялёў. Карыкатура

Перадача Le Petit Journal папулярнага францускага тэлеканала Canal+ выкрыла хлусьню ў тэлевізійным сюжэце Дзьмітрыя Кісялёва пра Францыю, паказаным на канале «Россия 24».

Расейскі тэлеканал зрабіў перадачу пра францускіх эўраскептыкаў, якія «стаміліся ад засільля мігрантаў». Пры гэтым расповед пра францускіх эўраскептыкаў у сюжэце «России 24» накладзены на кадры пратэстаў супраць новага закону аб працы, якія, як паведамляе вядучы францускай тэлепраграмы, ня маюць ніякага дачыненьня да эўраскептыцызму.

Сюжэт «России 24» праілюстраваны інтэрвію з французамі, пачынаючы са звычайных дэманстрантаў і заканчваючы былым дзяржсакратаром Францыі па эўрапейскіх справах Бруно Ле Мэрам. Пераклад іхніх слоў у сюжэце зроблены закадравым голасам, які заглушае тое, што яны кажуць насамрэч.

Францускія журналісты знайшлі герояў перадачы Дзьмітрыя Кісялёва і паказалі ім сюжэт. Усе заявілі, што расейскае тэлебачаньне груба сказіла іх словы ці нават зьмяніла сэнс іх выказваньняў на процілеглы.

Так, дзяўчына, якая ў сюжэце «России 24» нібыта казала, што баіцца мігрантаў, заявіла, што на самой справе зусім іх не баіцца і лічыць, што Францыя павінна прымаць людзей, якія ўцякаюць з краін, дзе ідзе вайна. Яна называе «пераклад» агідным і абразьлівым.

Жанчына сталага веку нібыта скардзіліся на тое, што яе выгналі з працы і ўзялі на яе месца трох мігрантаў. Кажа, што на самой справе проста пайшла на пэнсію і ніякіх трох мігрантаў на яе месца ня бралі. Тое, што зрабілі расейскія журналісты, яна называе хлусьнёй.

Бруно Ле Мэр, які, паводле «перакладу» расейскага тэлебачаньня, заяўляе, што Францыі трэба больш працаваць з Расеяй, сказаў францускім журналістам, што яго «адказ» расейскім журналістам — гэта «сумесь з розных фраз, якая вельмі адрозьніваецца ад сказанага».

Таксама ў сюжэце ёсьць эпізод пра тое, як мігранты захапілі парыскі ліцэй і яго праз гэта прыйшлося закрыць. На самой справе ліцэй быў закрыты ў 2011 годзе, задоўга да пачатку масавай міграцыі.

У канцы сюжэту яго героі заклікаюць расейскіх журналістаў рабіць праўдзівыя пераклады і кажуць, што адчуваюць сябе абражанымі і здраджанымі расейскім тэлебачаньнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG