У Магілёўскім абласным мастацкім музэі імя Пятра Масьленікава пачаўся фэстываль батлейкі «Масьленікаўскія калядкі». Праходзіць ён другі раз. На працягу месяца наведнікі музэю пабачаць пастаноўкі старадаўняга беларускага лялечнага тэатру. Акрамя традыцыйных для батлейкі біблейскіх сюжэтаў, тэатральная трупа з супрацоўнікаў музэю пакажа сцэнкі з жыцьця жыхароў Беларусі мінулых стагодзьдзяў. Пазнаёмяць на фэстывалі і з Падняпроўскім Зюзем. Фэстывальная праграма — на беларускай мове.
Першы фэстываль батлейкі ў музэі адбыўся ў 2013 годзе. Задумалі яго дзеля адраджэньня беларускай батлеечнай традыцыі. Адзіная батлейка з Падняпроўскага краю, якая дайшла да нашых дзён, цяпер захоўваецца ў Санкт-Пецярбурскім этнаграфічным музэі народаў Расеі. Копію, зробленую для магілёўскага музэю, спачатку выстаўлялі як экспанат, а пазьней супрацоўнікі вырашылі батлейку «ажывіць».
«Калі ёсьць тэатар, дык ён жа павінен працаваць, а лялька — мець душу», — кажа супрацоўніца музэю, акторка батлеечнай трупы Алена Мартынава.
«Мы спачатку пабойваліся, бо цяпер дужа цяжка дзяцей зьдзівіць нечым, — прызнаецца яна. — Дзеці ж ужо знаёмыя і з тэлебачаньнем, і з рознымі шоў-праграмамі. Аднак жывы тэатар заўжды прыцягвае. Тое, што пастаноўкі ў батлейцы беларускамоўныя, дзятву не бянтэжыць. Яны ўсё разумеюць».
На пачатку пастановак наведнікам апавядаюць пра пэрсанажаў магілёўскай батлейкі. Іх у клясычным батлеечным тэатры мае быць сорак. У музэйным лялек меней. Малодшым школьнікам, кажа Алена Мартынава, даводзіцца даўжэй тлумачыць, чым славуты цар Ірад і за што яго пакаралі.
«Калі кажаш, што батлеечныя пастаноўкі маглі бачыць прадзеды і прабабулі, дык дзецям гэта асабліва цікава. Гэта такі экскурс у гісторыю радзімы. Дзеці бачаць, што людзі жылі на гэтай зямлі, сьвяткавалі, працавалі, а ня толькі сьлёзы лілі», — кажа Алена Мартынава.
У першы дзень фэстывалю пастаноўку магілёўскай батлейкі прыйшлі паглядзець школьнікі-пяціклясьнікі. Дзятва спачатку насьцярожана і са зьдзіўленьнем успрымала тэатар «у скрынцы», аднак цікавасьць перамагла. Многія здымалі тэатральнае дзейства на мабільныя тэлефоны.
«Прагляд батлеечных пастановак — гэта найперш папулярызацыя беларускай гісторыі і беларускіх традыцыяў», — адказвае на пытаньне пра карысьць ад прагляду батлеечных пастановак настаўніца, якая прывяла дзяцей у музэй.
Паводле яе, для пяціклясьнікаў батлеечная культура невядомая, бо яны яшчэ не знаёмыя з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага ды Рэчы Паспалітай.
«Беларускую мову дзеці разумеюць, — працягвае настаўніца. — Акрамя таго, у цяперашняй школе гісторыя Беларусі не выкладаецца на беларускай мове, і такія наведваньні музэяў, тэатраў, дзе гавораць па-беларуску, дужа карысныя. Гэта дзецям дапаможа атрымаць моўныя веды, і з часам пасеянае зерне, безумоўна, дасьць парасткі».
Акрамя батлейкі магілёўскага музэю, на фэстываль з гастролямі наведаюцца батлеечныя тэатры зь іншых мясьцін рэгіёну.
У 18–19 стагодзьдзях батлейка была ў беларусаў неад’емнай часткай калядных сьвяткаваньняў. Пасьля працяглага заняпаду гэтае мастацтва пакрысе адраджаецца.
Батлеечны тэатар прывезьлі ў Беларусь манахі-кармэліты ў 16 стагодзьдзі. Лялечныя пастаноўкі зь сюжэтам пра нараджэньне Хрыста сталі папулярнымі і ў шляхты, і ў простага люду. Пры канцы 20 стагодзьдзя батлейку вяртаюць да жыцьця высілкамі беларускіх адраджэнцаў. Спачатку яе паказваюць у вузкім сямейным коле, а потым шырэйшай публіцы.
У кожнай школе беларускай батлейкі ёсьць свае адметнасьці. Напрыклад, на Магілёўшчыне адзін з пэрсанажаў — расейскі салдат. У іншых батлейках гэтага пэрсанажа няма.
Акрамя батлеечных пастановак, на фэстывалі «Масьленікаўскія калядкі» наведнікі пазнаёмяцца зь беларускім Дзедам Марозам — Зюзем. У Музэі ён — Зюзя Падняпроўскі. Зрабіць Зюзю пэрсанажам асобнай праграмы прапанавала супрацоўніца музэю Вольга Гаўруцікава. Яна кажа, што дзеці, калі ўпершыню чуюць яго імя, дужа сьмяюцца.
«Яны яго для сябе адкрываюць і дужа добра прымаюць. Пра Дзеда Мароза кажуць усе, проста ня ведаюць, што ў нас бог зімы і сьцюжы завецца Зюзем».