Пастанова Савету міністраў замацавала парадак узаемадзеяньня дзяржорганаў пры фармаваньні інфармацыйнай базы зьвестак аб платніках збору на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў.
Адпаведна з пастановай Саўміну Міністэрству па падатках і зборах даручана сфармаваць і весьці інфармацыйную базу, у якой будуць пазначаныя пашпартныя зьвесткі і дата завяршэньня ўдзелу грамадзяніна ў фінансаваньні дзяржвыдаткаў, а таксама сума сплочаных падаткаў і атрыманых прыбыткаў.
Гэта значыць, у базу трапяць «дармаеды», якія маюць сплочваць дзяржаве 20 базавых велічыняў (3,6 млн рублёў на момант публікацыі). Ад «дармаедаў» са жніўня прымаюцца паведамленьні пра няўдзел у фінансаваньні дзяржвыдаткаў (альбо іх фінансаваньні менш як 183 дні на год). Тым, хто падасьць такое паведамленьне, робіцца «зьніжка» на 10% выплаты.
У складаньні базы Міністэрству па падатках і зборах, адпаведна з пастановай, будуць дапамагаць зьвесткамі КДБ, Сьледчы камітэт, Камітэт дзяржкантролю, Дзяржаўны памежны камітэт, Фонд сацыяльнай абароны, Міністэрства абароны, Міністэрства па надзвычайных сытуацыях і Дзяржаўны камітэт судовых экспэртызаў.
Ад сплаты «падатку на дармаеда» вызваляюцца недзеяздольныя, інваліды, непаўналетнія, а таксама жанчыны пасьля 55 год і мужчыны пасьля 60. Да сплаты не прыцягваюцца асобы, якія больш за 183 каляндарныя дні займаліся працоўнай, прадпрымальніцкай, рамесьніцкай, творчай, адвакацкай, натарыяльнай, аграэкатурыстычнай і іншай дзейнасьцю, прыроўненай да працоўнай. Таксама ад падатку вызваляе навучаньне на дзённай форме, выхаваньне дзіцяці да 7 год, дзіцяці-інваліда да 18 год альбо трох і больш непаўналетніх дзяцей. За нясплату «падатку на дармаедаў» пагражае штраф у памеры 2–4 базавых велічыняў (360–720 тысяч рублёў на момант публікацыі) альбо адміністрацыйны арышт з абавязковым прыцягненьнем да грамадзкіх працаў.
Дэкрэт выклікаў неадназначнае стаўленьне ў грамадзтве і вострую крытыку з боку незалежных экспэртаў, якія назвалі яго «клясычным прыкладам выкарыстаньня прымусовай працы». Грамадзянскія актывісты зьбіралі подпісы супраць «дэкрэту пра дармаедаў». Прымусовую працу падчас адміністрацыйнага арышту юрысты параўноўвалі з прыгонам.