Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэжысэр Туровіч атрымаў адмову ад «Лістапада»: за фільм ці за судзімасьць?


Рэжысэр і актор Аляксей Туровіч
Рэжысэр і актор Аляксей Туровіч

Рэжысэр і актор Аляксей Туровіч пратэстуе, што ягоная мастацкая стужка «Трэба жыць» ня трапіла ў праграму міжнароднага кінафэстывалю «Лістапад-2015».

Спадар Туровіч патэлефанаваў на аўтаадказьнік Свабоды і падзяліўся меркаваньнем, што ягоная пасьляваенная драма засталася па-за фестывалем з надуманых прычын, якія ня маюць нічога агульнага зь нібыта «неадпаведнасьцю мастацкім якасьцям».

Ён акцэнтуе ўвагу на тым, што зь дзяржаўнага бюджэту на вытворчы працэс ні пайшло ні капейкі, а кінастудыя «Беларусьфільм» яшчэ зарабіла, здаючы ў арэнду рэквізыт ды абсталяваньне:

«Фільм „Трэба жыць“ зьняты паводле сцэнару вядомага драматурга, пісьменьніка Анатоля Дзялендзіка, які ўжо даўно прасіў мяне экранізаваць апавяданьне „Грэшніца“. Мяне тэма зацікавіла, таму што кожны год расьце колькасьць захворваньняў, якія перадаюцца полавым шляхам, — СНІД, сыфіліс і г.д. Сюжэт карціны грунтуецца на рэальных падзеях, якія пасьля вайны мелі месца ў Паставах. Да пачатку 1960-х там дзейнічалі „краёўцы“ — байцы Арміі Краёвай, а міліцыя іх высочвала. І дзяўчына помсьціла сваім крыўдзіцелям — і „краёўцам“, і міліцыянтам — сьвядома заражаючы іх сыфілісам. Па сутнасьці, гераіня не вінаватая, што трапіла ў безвыходную сытуацыю, так склаліся абставіны. У той час гэта амаль не вылечвалася, дый цяпер посьпехі невялікія — супраціў арганізму да лекаў умацоўваецца.

Агулам кажучы, фільм — пра маральнасьць, пра тое, што берагчы культуру адносінаў трэба ня толькі ў звыклым жыцьці, але і ў сэксуальных стасунках... У мяне ёсьць рэгістрацыя на гэты фільм, і я загадзя, яшчэ ў ліпені, падаў заяўку на „Лістапад“. А калі даведаўся, што карціна не прайшла адбор, стала крыўдна: хоць бы хто зь сябраў камісіі напісаў адказ ці патэлефанаваў, зь якіх прычынаў забракавалі».

Афіша і рэгістрацыйнае пасьведчаньне на фільм «Трэба жыць»
Афіша і рэгістрацыйнае пасьведчаньне на фільм «Трэба жыць»

Працаваць над фільмам «Трэба жыць» Аляксей Туровіч пачаў у 2008-м, але ўжо праз год быў вымушаны ўзяць працяглую паўзу — рэжысэр быў абвінавачаны ў пэдафільскіх дзеяньнях з выхаванцамі школаў-інтэрнатаў і асуджаны на шэсьць гадоў зьняволеньня. Гэтаму папярэднічалі іншыя падазрэньні: у 2009-м на падставе ананімнага паведамленьня аўтамабіль Туровіча абшукалі на наяўнасьць наркотыкаў, але безвынікова.

Сам ён настойвае, што быў абгавораны і прайшоў праз пакуты цалкам незаслужана. Аляксей Туровіч рос у адным з інтэрнатаў на Ашмяншчыне і, стаўшы на ногі, стараўся чым мог дапамагаць выхаванцам сваёй установы, а таксама аналягічнаму дому-інтэрнату ў Смаргоні. Заяжджаючы на Гарадзеншчыну, дзе праходзіла большая частка кіназдымак, кожны раз туды завітваў — аж да затрыманьня.

Выйшаўшы на волю праз чатыры гады, спадар Туровіч адразу ж прыступіў да завяршэньня здымак, летась адбылася афіцыйная прэзэнтацыя фільму. У фільме здымаліся як прафэсіяналы, так і аматары — жыхары Ашмянаў і раёну. У ролі «грэшніцы» — Віялета Сарвірава. Апроч таго, у якасьці кінаартыстаў паспрабавалі сябе сьпявак Аляксандар Ціхановіч і камэдыйны актор Яўген Крыжаноўскі. Аднаго зь міліцыянтаў грае сам Аляксей Туровіч.

Сам ён не выключае, што падставай да «фільтрацыі» на «Лістапад» стала менавіта судзімасьць па «нерукапаціскальным» артыкуле, якую ён намагаецца аспрэчыць. Двухгадовы нагляд за былым асуджаным заканчваецца ў першай дэкадзе лістапада:

«Што тычыцца судзімасьці, магу прадставіць увесь матэрыял адносна таго, што справа сфабрыкаваная. На жаль, нешта апратэстоўваць складана: даюць адпіскі, не разьбіраючы сутнасьць. Я пішу па фактах, па эпізодах, па супярэчнасьцях, каб паказаць, што справа сфабрыкаваная, а зь Вярхоўнага суду, Генпракуратуры атрымліваю адно: ваша віна даказаная, і кропка. Ніхто не разьбіраецца. Да каго зьвяртацца? Далей пісаць ужо няма куды.

Згодна з Крымінальным кодэксам апэлюю да новых акалічнасьцяў, якія адкрыліся падчас справы: злачынныя дзеяньні сьледзтва, злачынныя дзеяньні суду, абгавор з боку непаўналетніх. Судовыя пратаколы дафабрыкаваныя самім судом у частцы супярэчнасьці паказаньняў пацярпелых. Як толькі пачыналася паседжаньне, гэты гаворыць адно, другі — другое. І судзьдзя супярэчаньні нівэлюе. Разумееце, які абсурд? Мала таго, што нізавошта пасадзілі, ніводнага доказу, дык яшчэ колькі гадоў прыніжалі. Год адседзеў у СІЗА, дзе мяне фактычна забівалі, катавалі, патрабавалі паказаньняў. А што я магу паказаць, калі нічога не было? Адкуль мне ведаць, што некаторыя на ўліку, бо клей нюхалі? Насамрэч яны нікому не былі патрэбныя, нават апекунам, якія ад іх адмовіліся».

У аргкамітэце «Лістападу» рашэньне не дапускаць фільм «Трэба жыць» да конкурснай праграмы ня зьвязваюць з асобай рэжысэра — маўляў, аўтар тут ні пры чым, найперш ацэньваецца якасьць прадукцыі:

«Хто б нам ні падаваў заяўку, гэты фільм заўсёды адглядаецца камісіяй. То бок яго глядзяць некалькі чалавек, якія разьбіраюцца ў кіно, ацэньваюць, і ўжо на падставе ўбачанага вырашаюць, прымаць працу да конкурсу ці не. Сам па сабе мэханізм менавіта такі. Таму ў нас заўсёды глядзяць перадусім на мастацкія якасьці. Іншая справа, што часта трапляюцца аўтары, якія вельмі моцна абражаюцца, калі іхнія працы не трапляюць на конкурс, і далей пачынаюцца вялікія крыўды. Але яшчэ раз кажу, што мы заўсёды стараемся кіравацца выключна прынцыпамі мастацкасьці, і калі фільм падыходзіць пад узровень конкурсу, то яго бяруць».

Аляксей Туровіч не задаволены фармулёўкай адказу і накіраваў скаргу ў Міністэрства культуры, якое апякуецца фэстывалем «Лістапад».

Рэжысэр, актор, прадусар Аляксей Туровіч нарадзіўся ў 1959 годзе ў Глыбокім на Віцебшчыне. Рос без бацькоў у інтэрнаце. Да войска працаваў у саўгасе трактарыстам, быў кіроўцам вялікагрузных аўтамабіляў у расейскай Сыбіры, вадзіў цягнікі менскага мэтрапалітэну. У 1994-м скончыў школу-студыю на базе кінастудыі «Беларусьфільм». Як рэжысэр зьняў шэраг фільмаў, найбольш вядомыя зь іх — «Турма для кума», «Сынок», «Яблык Месяца», «Трэба жыць». Зьняўся больш як у 40 стужках, сярод якіх «Анастасія Слуцкая», «Franz+Polina», «Ліст да Фэліні», «Паскораная дапамога», «Кантракт са сьмерцю», «Вам — заданьне» і г.д.

Балятаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на парлямэнцкіх выбарах 2008 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG