У камандзе трое. Адзін з музыкаў — Сьцяпан — кажа, што гурт утварыўся яшчэ ў ліцэйскіх сьценах і граў на вечарынах кавэры, а таксама песьні на беларускай мове, складзеныя ўдзельнікамі «NEXTA».
«Хоць песьня „Выбора нет“ атрымалася на расейскай мове, яна прысьвечаная беларускім выбарам, якія традыцыйна адбываюцца са шматлікімі парушэньнямі і ў якіх ужо больш за 20 гадоў перамагае адзін і той жа кандыдат. Ідэя песьні ў тым, што людзям надакучыла бачыць вакол сябе дыктатуру і тармажэньне разьвіцьця нашай краіны. Хочацца нарэшце жыць у Эўропе», — распавядае Сьцяпан пра сэнс музычнага кліпу «Выбора нет».
«Двадцать лет прошло, но всё тот же портрет на стене
И всё те же ждут автозаки,
Двадцать лет дубинками мочит ОМОН по спине,
Хоть и не доходит до драки»,
— сьпяваюць хлопцы ў кліпе, у якім ня бачна іхніх твараў.
«NEXTA» не плянаваў стартаваць на музычнай арэне з палітычнай песьняй, прызнаецца Сьцяпан:
«Усё адбылося спантанна. Мы запісвалі і зводзілі песьню ў складаных умовах — за некалькі дзён да ад’езду зь Беларусі. Таму, можа, ня ўсё атрымалася на высокім узроўні. Мне проста прыйшла ў галаву аналёгія паміж першымі радкамі сплінаўскага „Выхода нет“ і сытуацыяй у нашай краіне. Астатнія словы напісаў вядомы беларускі паэт, які пажадаў, каб яго імя не называлі ў сувязі з гэтай песьняй».
У канцы кліпа на экране зьяўляецца сымбаль байкоту — BY і каціная пыса:
«У канцы кліпу зьяўляецца заклік да байкоту. Справа ў тым, што ўсім удзельнікам нашага гурту толькі споўнілася 18 год — значыць, можна ісьці галасаваць. Але жаданьня такога няма. Які сэнс прыходзіць на ўчасткі, калі вынік ужо вядомы? Хіба для таго, каб удзельнічаць у фарсе, у клаўнадзе? Мы цяпер зьехалі на вучобу зь Беларусі, каб пасьля вярнуцца ў іншую, свабодную Беларусь», — кажа Сьцяпан.
Сьцяпан расказаў, што для відэашэрагу ў кліпе выкарыстаныя толькі дакумэнтальныя кадры, якія, на думку музыкаў, адлюстроўваюць выбарчы працэс у Беларусі. Гэта і пікеты за Аляксандра Лукашэнку, і Плошча-2010, і выступы прэзыдэнта ды старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай:
«Мы паказалі ў відэа тое, пра што і сьпявалі. Нічога не прыдумалі, усе кадры — з жыцьця Беларусі».