Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэрлін зь пялюшак, альбо Куды пайсьці зь дзецьмі ў нямецкай сталіцы


Калі вы хочаце разам зь дзіцем пакарміць слана ці пазнаёміць яго зь сьвятлафорным чалавечкам, самы час наведаць Бэрлін — горад, дзе малым цікава, а бацькам зручна.

1. Бэрлінская тэлевежа

Паказаць дзіцяці, у які горад яго прывезьлі, куды ён пойдзе і на чым будзе катацца, лепш за ўсё з вышыні тэлевежы, адкуль Бэрлін праглядаецца з усіх бакоў. Варта адзначыць, што вежа цалкам прыстасаваная для наведваньня яе зь дзецьмі.

Адначасова на вежы можа знаходзіцца абмежаваная колькасьць людзей. Калі ахвотных падняцца наверх зашмат, купіўшы квіток, даводзіцца чакаць, звычайна ня больш за гадзіну. Правесьці гэты час можна на маленькіх батутах каля вежы альбо ў кавярні зь лёдамі. Калі вашае дзіцё прыснула ў чаканьні, квіток магчыма скарыстаць і пазьней.

Бэрлінская тэлевежа ўзвышаецца над горадам на 368 мэтраў. Аглядная пляцоўка знаходзіцца на вышыні 203 мэтраў і ўяўляе зь сябе шар дыямэтрам 32 мэтры. Вышэй могуць падняцца толькі госьці рэстарацыі, якая месьціцца на вышыні 207 мэтраў. Падняцца на вежу і спусьціцца зь яе наведвальнікам прапануюць на ліфтах, якія рухаюцца з хуткасьцю 6 мэтраў у сэкунду. Ёсьць яшчэ лесьвіца, якая налічвае 986 прыступак...

У фае вежы месьціцца сувэнірная крама, дзе можна набыць уражанаму дзіцю якую-небудзь карысную рэч у выглядзе ці з выявай наведанай ім тэлевежы: бутэлечку для піцьця, карцінку-мазаіку альбо сымпатычную цацачную вежу.

2. Бэрлінскі заапарк

Калі надвор’е спрыяе, можна бавіць час на адкрытых пляцоўках. Да прыкладу, у заапарках, якіх у нямецкай сталіцы два. Бэрлінскі заалягічны парк (Zoo Berlin) месца надзвычай папулярнае — ён адчыніўся першым у Нямеччыне і дзявятым у сьвеце. Штогод яго наведвае каля трох мільёнаў чалавек. Першыя вальеры для жывёл былі тут пабудаваныя ў сярэдзіне 19 стагодзьдзя. Цяпер у заапарку жыве каля 15 тысяч жывёл! Павільёны, вальеры, акварыюм, адміністрацыйныя будынкі заапарку былі значна пашкоджаны падчас Другой усясьветнай вайны. Аднак доктар Катарына Хайнрот, якая ўзначальвала парк у пасьляваенныя гады, змагла аднавіць паркавую архітэктуру, якая выклікае ў турыстаў ня менш цікавасьці, чым самі жывёлы.

Кожны дзень наведнікаў Бэрлінскага заапарку запрашаюць паўдзельнічаць у кармленьні жывёл. А 10:30 ежу падаюць палярным мядзьведзям, апоўдні публічна ядуць малпы. Цюлені атрымліваюць абед а палове на другую, у чвэрць на трэцюю харчуюцца гіпапатамы. Больш за тое, у цёплую пару можна трапіць на шоў з удзелам гадаванцаў парка.

Заапарк працуе штодня ад 9-й і да 17:00 — 18:30 у залежнасьці ад пары году. Квіток можна набыць і на некалькі гадзін, і на год, калі ёсьць магчымасьць нясьпешна вывучаць зь дзіцем жывёл кожныя выходныя. Акурат насупраць заалягічнага парку спыняецца бэрлінская «сотка» — прыпынак Zoologischer Garten. Па сотым маршруце езьдзіць двухпавярховы аўтобус. Такім чынам дарогу ў заапарк можна спалучыць з агляднай экскурсіяй па горадзе.

3. Заапарк Фрыдрыхсфэльдэ

Месьціцца парк (Tierpark Berlin) ва ўсходняй частцы Бэрліну і займае плошчу амаль 160 гектараў — гэта адзін з найбуйнейшых ляндшафтных заапаркаў Еўропы. Пляцоўкі, пожні і павільёны, дзе ўтрымліваюцца жывёлы, разьмешчаны вакол пабудаванага ў стылі клясыцызму палацу Фрыдрыхсфэльдэ. Узьведзены прыканцы 17 стагодзьдзя, палац быў рэзыдэнцыяй некалькіх заможных гараджан. Ваеннае ліхалецьце палац перажыў зь нязначнымі пашкоджаньнямі. Будынак быў адрэстаўраваны і напрыканцы 50-х гадоў стаў выкарыстоўвацца адміністрацыяй новага заапарку. Апошні ўзьнік тут у адказ на тое, што Бэрлінскі заапарк апынуўся за сьцяной у заходняй частцы Бэрліну. Асобныя памяшканьні палацу аблюбаваныя пэліканамі, парк адкрыты для наведвальнікаў.

Некалькі тысяч жывёл, якія жывуць у заапарку, ад гледачоў не аддзелены сеткаю. Найчасьцей у якасьці агароджы выкарыстаны невялічкі плот з раўком. У пэўныя гадзіны — бліжэй да абеду — супрацоўнікі парку запрашаюць разам карміць сланоў, жырафаў, малпаў, пінгвінаў ды ваўкоў.

На выпадак, калі дзеці стомяцца ад назіраньня за жывёламі, у парку ёсьць выдатная дзіцячая пляцоўка, дзе можна забаўляцца ў вадзе, пяску, на горках і арэлях. У некалькіх кавярнях на тэрыторыі Фрыдрыхсфэльдэ прапануюць перакусіць або грунтоўна паабедаць.

Як што тэрыторыя заапарку вялікая, на ўваходзе працуе пракат драўляных вазкоў, куды можна пакідаць заплечнікі і пасадзіць стомленых вандроўкаю дзетак. Ёсьць магчымасьць праехацца па парку і на сымпатычным цягнічку, маршрут якога пачынаецца і сканчваецца пры ўваходзе і ідзе цераз палац Фрыдрыхсфэльдэ. Праезд уваходзіць у кошт уваходнага квітка.

4. Сямейны парк FEZ

Цёплы і сонечны дзень зь дзецьмі будзе прыемна правесьці ў сямейным парку FEZ (FEZ Berlin), які ўяўляе зь сябе вялікі кавалак лесу з пракладзенымі празь яго дарожкамі для раварыстаў. Дарэчы, ровар з дзіцячым крэселкам ці вазочкам можна ўзяць напракат практычна ў любым месцы Бэрліна. Праз увесь горад вядуць адмысловыя дарожкі, а з роварам можна заходзіць і ў грамадзкі транспарт.

У парку пабудавана шмат разнастайных дзіцячых пляцовак. Зробленыя з дрэва, якаснай гумы і плястыку, усе забавы — ад арэляў да высокіх трубаў-горак — вельмі бясьпечныя і дазваляюць малому самастойна вывучаць пляцоўку. Для больш дарослых дзетак існуе паласа перашкод, прайсьці якую можна пад наглядам інструктара.

Цераз парк пракладзена дзіцячая чыгунка з рознакаляровымі вагонамі і сапраўднай мініятурнай плятформай.

Казачна-мініятурна выглядае мадэльны парк Бэрліна — Брандэнбург. Усе вартыя наведваньня будынкі Бэрліна і зямлі Брандэнбург зьмешчаны тут у маштабе 1:25, і малы зусім ня стоміцца ад паходу праз увесь горад, дзе пабачыць цацачную ратушу, Райхстаг, калёну Перамогі, Брандэнбурскую браму, царкву Кайзэра Вільгельма і іншую гарадзкую забудову.

5. Бэрлінскі музэй тэхнікі

Бэрлінскі музэй тэхнікі (Deutsches Technikmuseum Berlin) — адзін з самых папулярных сярод дзяцей. Кажуць, у ім не хапае толькі часу.

Каб наведаць усе экспазыцыі, прысьвечаныя караблям, цягнікам, аўтамабілям, кіна- і фотасправе, электрычнасьці, гуку і колеру, у музэі трэба правесьці некалькі дзён. Для тых, хто абмежаваны ў часе, выйсьцем будзе вызначыць для сябе найбольш цікавыя тэмы. Да прыкладу, адразу пайсьці ў вялізныя павільёны, дзе сабрана ўся гісторыя нямецкай чыгункі — у макетах і ў натуральную велічыню. Тут можна ўбачыць лякаматывы, пасажырскія вагоны розных узроўняў камфортнасьці, калекцыі дарожных сумак і квіткоў.

Раз на месяц з прыпынку каля ўваходу ў музэй адыходзяць рэтра-аўтобусы, якія вязуць пасажыраў да вялізнага гаража-амбара, дзе стаіць калекцыя цягнікоў, электрычак, аўтобусаў, спэцыяльнай тэхнікі: ад пажарных машын да катафалкаў, рэтра-аўтамабіляў марак Land Rover, Rolls-Royce, Mercedes. Усярэдзіну экспанатаў можна заходзіць, сядаць на крэслы, круціць стырно, ціснуць на пэдалі.

6. Бэрлінскі музэй сувязі

Яшчэ адзін варты дзіцячай увагі музэй месьціцца ў гістарычным будынку райхпошты. Экспазыцыі Музэю сувязі (Museum für Kommunikation Berlin) апавядаюць пра ўзьнікненьне і разьвіцьцё камунікацыі са старажытных часоў і яе ролі ў сучасным грамадзтве. Першы паверх музэю цалкам інтэрактыўны. Усіх гасьцей сустракаюць тры рухавыя робаты, якія, убачыўшы чалавека, бязгучна пад’яжджаюць да яго па бліскучай падлозе. Адзін робат вітае гасьцей, другі сьпявае песьні і расказвае пра гісторыю музэйнага будынка, трэці гуляе зь мячыкам.

У экспазыцыі першага паверха ёсьць інтэрактыўныя сьвятлафор, экскаватар, тэлефоны, а таксама апараты, у якіх можна зрабіць рознакаляровыя пячаткі.

Падняўшыся на ўзровень вышэй, трапляеш у залю, якая расказвае пра гісторыю нямецкай пошты, тэлефанічнай сувязі і тэлебачаньня. Бясслоўны мультфільм на вялізным экране на гэтую тэму зразумелы нават самым маленькім наведвальнікам. Сярод экспанатаў музэю — паштовыя скрыні розных памераў і колераў, калекцыі марак, якія можна ўважліва разглядзець празь люпы, замацаваныя побач з альбомамі, а таксама макеты паштовага транспарту — ад паштовых брычак да сучасных аўтамабіляў і хуткасных цягнікоў. У цэнтры экспазыцыі — паштовая карэта ў разабраным выглядзе.

У залях тэле- і відэакамунікацыі сабраная калекцыя тэлефонаў, можна самому прастукаць паведамленьне азбукай Морзэ, а таксама праслухаць і праглядзець трансьляцыі папулярных радыё- і тэлеперадач для дзяцей і дарослых.

7. Музэй гісторыі ГДР

На першы погляд можа падацца, што музэй ГДР (DDR Museum Berlin) — ня самае лепшае месца, куды варта пайсьці з дзеткамі. Тым ня менш, сярод наведвальнікаў музэю апошніх сустракаецца вельмі шмат. Многіх прыводзяць бацькі ці бабулі, якім хочацца расказаць пра часы, у якія праходзіла іх дзяцінства.

Экспазыцыя музэю паказвае жыцьцё ў ГДР і яе сталіцы — Усходнім Бэрліне. Напачатку агляду ўстаноўлены сапраўдны «трабант», у які можна сесьці. З паваротам ключа на лабавым шкле аўтамабіля пачынаецца кампутарная гульня, якая вядзе па вуліцах Усходняга Бэрліну, і ваша задача гэтак круціць руль, каб ня зьехаць на ўзбочыну.

Большая частка музэйнай экспазыцыі — гэта шафы, паліцы якіх адкрываюцца, а ўнутры зьмешчаны экспанаты. Напрыклад, цацкі, зь якімі гулялі дзеці ў ГДР, касмэтыка, якой карысталіся, альбо фірмовыя джынсы, якія насілі ў Заходнім Бэрліне і якія кантрабандай перадавалі на другі бок сьцяны. А побач — усходні адказ: джынсы з таннай тканіны, якія, на думку многіх, выглядалі даволі прыстойна, аднак насіць іх было немагчыма.

Дзецям асабліва падабаецца бегаць кватэры, створанай на ўзор той, якую мела сярэднестатыстычная сям’я ў ГДР, і ўяўляла сабой прыклад дастатку і дабрабыту: вялікі пакой з «сэкцыяй», тэлевізарам і газэтным столікам, кухня і ванная.

Музэй ГДР невялічкі, аднак акрамя «трабанта» ў ім зьмясьціўся нават прадстаўнічы аўтамабіль «Вольва», які належаў міністру фінансаў ГДР — са скураным прасторным і бліскучым салёнам. А ў суседняй залі — цэлая экспазыцыя прысьвечана вытворчасьці «трабантаў», дызайн і характарыстыкі якіх амаль не зьмяняліся за некалькіх дзясяткаў гадоў. На іх — маленькіх і нязручных — мусілі езьдзіць жыхары ГДР.

8. «Усходняя» пасылка для вашых дзетак

Наведаўшы музэй ГДР, варта зайсьці ў краму, што ў дзесяці хвілінах хады, пад назвай Ostpaket Berlin, альбо «Ўсходняя пасылка».

Такога паняцьця, як усходняя пасылка, вядома, не было. Пасылкі з імпартнымі таварамі заўсёды перадавалі з Захаду. У сёньняшняй краме прадаецца ўсё, што выклікае ў былых рэзыдэнтаў ГДР настальгію: цукеркі, сочыва, мясныя вырабы, паштоўкі, кнігі, посуд. Асабліва радуюцца, заходзячы ў краму, дзеці. На паліцах выстаўлена шмат цацак: мініятурныя «трабанты» стаяць побач з драўлянымі мадэлямі спэцыяльнай тэхнікі, тут жа канструктары, лялькі ды мяккія цацкі. Асобны стэнд прысьвечаны любімаму герою шматлікіх дзетак — Крацяню, якога прыдумаў чэскі пісьменьнік Здэнэк Мілер. Тут ёсьць і цацкі, і паштоўкі, і кніжкі, прысьвечаныя Крацяню і яго сябрам.

9. Фірмовая крама Ampelmann

Для заканчэньня тэматычнай экскурсіі варта наведаць адну зь фірмовых крамаў Ampelmann, асартымэнт якой збольшага разьлічаны на дзяцей. Сьвятлафорны чалавечак быў прыдуманы жыхаром ГДР Карлам Пэглаў. Добразычлівы Ампэльман разам з дзецьмі Ўсходняй Нямеччыны вывучаў правілы дарожнага руху і добрых паводзін у горадзе. Пасьля аб’яднаньня краіны Ампэльман зьнік са сьвятлафораў і дзіцячых перадач, аднак празь дзесяць год зьявіўся зноў, каб застацца назаўсёды.

Сёньня Ампэльман — адзін з самых папулярных сымбаляў гораду. У цэнтры Бэрліна пашыраецца сетка фірмовых крамаў, дзе ўся прадукцыя прадаецца выключна з выявамі зялёнага і чырвонага чалавечкаў. Тут можна знайсьці ўсё: посуд і адзеньне, сумкі і завушніцы, дзіцячыя бутэлечкі і соскі, ручнікі і паштоўкі, пляжныя крэслы і цацкі, скрыначкі для бутэрбродаў, магніты і парасоны. Маленькіх наведнікаў у кожнай краме частуюць мармэляднымі цукеркамі ў выглядзе зялёных і чырвоных ампэльманаў. Вельмі сымбалічны і салодкі маркетынгавы ход.

Яна Шыдлоўская для Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG