Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТОП-7 замкаў зь беларускай гісторыі


Беларусь сапраўды была калісьці краінай замкаў — іх у розныя часы паўстала ня менш за 150, сьцьвярджаюць дасьледнікі беларускага дойлідзтва. Да сёньня многія з абарончых збудаваньняў, «дзякуючы» шматлікім войнам, савецкай уладзе і айчынным рэстаўратарам, або не захаваліся, або знаходзяцца ў дрэнным стане. Нясьвіскі і Мірскі замкі — выключэньне, пра іх ведаюць усе. Павал Берасьнеў прапануе свой ТОП-7 іншых ацалелых замкаў, якія павінен наведаць кожны беларус, каб пранікнуцца духам велічы мужных продкаў.

Крэўскі замак

Цяпер тут ціхі аграгарадок, а яшчэ стагодзьдзяў шэсьць таму — падзеі проста віравалі. Замак быў збудаваны пасьля 1338 году на загад Альгерда на месцы старога драўлянага. Ён быў адным зь першых мураваных замкаў у Вялікім княстве Літоўскім. У 1382 годзе ў падзямельлі па загадзе Ягайлы быў задушаны яго дзядзька Кейстут — прэтэндэнт на вялікакняскі трон. 14 жніўня 1385 у замку была заключана знакамітая Крэўская ўнія, якая злучыла прыкладна на паўтысячы гадоў Літву і Польшчу.

У 1433 годзе замкам авалодаў Сьвідрыгайла, у 1503-1506 гадах Крэва неаднойчы асаджалі і значна пашкодзілі перакопскія татары, у 1519 захапілі маскоўскія ваяводы.

Зь цягам часу замак страціў абарончае значэньне і пачаў разбурацца. Падчас Першай сусьветнай вайны тут праходзіла лінія фронту — больш за тры гады вяліся пазыцыйныя баі. Немцы абсталявалі ў замку сховішчы і назіральныя пункты, а таксама зрабілі дот, убудаваны ў адну зь вежаў. У выніку абстрэлаў асабліва моцна пацярпела княжацкая вежа і сьцены ў паўднёвай частцы замка. Таму сёньня мы маем толькі камяні ды руіны, цэгла зь якіх паціху расьцягваюцца мясцовымі жыхарамі для гаспадарчых патрэбаў і турыстамі на сувэніры.

Замак у Медніках

Усяго за 45 кілямэтраў ад Крэва стаіць замак у Медніках (цяпер гэта літоўскі Медзінінкай, за 2 кілямэтры ад беларускай мяжы), таксама адзін зь першых мураваных замкаў у ВКЛ. Ён быў узьведзены ў першай палове XIV стагодзьдзя з дапамогай ганзэйскіх майстроў. Паводле паданьня, запісанага Ўладзіславам Сыракомлем, замкі ў Медніках і Крэве будавалі майстры-волаты, якія, пазычаючы адно ў адных мулярскі молат, перакідалі яго зь Меднікаў да Крэва і наадварот. Таксама абодва замкі належаць да аднаго тыпу — кастэль. Меднікі належалі вялікаму князю Альгерду, і тут любіла бываць яго жонка Юліянія.

Замак у Медніках
Замак у Медніках

Медніцкі замак меў сьцены 15-мэтровай вышыні і двухмэтровай таўшчыні, а таксама трыццацімэтровую пяціярусную галоўную вежу-данжон.

Абаронцам замку ў Медніках шмат клопатаў стваралі крыжакі: у 1385 годзе вялікі магістар Конрад фон Ратэнштайн дэманстратыўна зладзіў пад мурамі рыцарскі турнір, а ў 1402 годзе сюды навёў нямецкіх саюзьнікаў Сьвідрыгайла. Пасьля Грунвальдзкай бітвы замак страціў значэньне і стаў прыходзіць у заняпад. Меднікі, як і Крэва, пацярпелі ў часы Першай сусьветнай вайны — немцы разабралі частку заходняга муру для будаўніцтва дарогі.

У наш час, дзякуючы грашовай дапамозе Эўразьвязу, у замку была рэканструяваная вежа-данжон і сьцены каля яе, а іншыя муры былі пакрытыя дахоўкай.

Лідзкі замак

Замак у Лідзе адрозьніваўся ад іншых замкаў-сучасьнікаў з драўляна-землянымі ўмацаваньнямі: ён быў зроблены зусім у іншай будаўнічай традыцыі і зь іншых матэрыялаў — з бутавага каменю і цэглы. Замак пастаўлены на насыпным пясчаным узгорку, аточаным балоцістымі берагамі рэк Лідзея і Каменка, з поўначы — ровам шырынёй каля 20 м, які злучаў гэтыя рэкі і аддзяляў замак ад горада. Цікава, што ў паўднёвай сьцяне з боку балота была брама, якая вяла да схаванай гаці, прытопленай у вадзе — гэта быў «плян Б» на выпадак форс-мажораў.

Лідзкі замак
Лідзкі замак

Уваходзіў у лінію супрацькрыжацкай абароны Наваградак — Крэва — Меднікі — Трокі, таму яго абаронцам было не салодка. Напрыклад, у 1384 годзе пасьля штурму крыжакі ўсё-такі ўзялі замак і часткова разбурылі. Але былі і гісторыі посьпехаў: у 1394 годзе лідчане адбіліся ад атрадаў ангельскіх і францускіх рыцараў, у 1406 — ад атрадаў смаленскага князя Юрыя Сьвятаславіча, у 1433 — ад войскаў князя Сьвідрыгайлы, у 1506 — ад крымскіх татар.

У свой час тут бываў Вітаўт, а таксама гасьціў Ягайла пасьля вянчаньня з княжной Соф’яй Гальшанскай.

Далей пачаліся сумныя часы: улетку 1659 году замак штурмам захапіла расейскае войска, падчас Паўночнай вайны швэды двойчы бурылі замак і ўзарвалі яго вежы. Апошняя бітва ў лідзкім замку адбылася ў 1794 годзе паміж паўстанцамі Касьцюшкі, якія бараніліся ў руінах замка, і царскімі войскамі.

У канцы XIX стагодзьдзя Ліда згарэла, і гарадзкія ўлады пачалі разборку і распродаж замкавых муроў, выкарыстоўваючы іх для адбудовы горада: з адхонаў замкавага пагорка бралі пясок, былі амаль цалкам зьнішчаныя рэшткі паўднёва-заходняй вежы і разабраная частка заходняй сьцяны. У 1920 гады польскія рэстаўратары трохі паднавілі замкавыя муры. Улетку тут часта спыняўся вандроўны цырк або зьвярынец, а зімой пасярэдзіне двара ставілі ёлку і залівалі коўзанку. Пяць гадоў таму тут скончылася маштабная рэстаўрацыя — прыяжджайце зацаніць яе вынікі.

Стары замак у Горадні

Стары замак разам з суседнім Новым замкам зьяўляюцца адзінымі захаванымі каралеўскімі замкамі на землях Беларусі: доўгі час Стары замак выконваў ролю рэзыдэнцыі вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх. Самымі вядомымі ўласьнікамі былі вялікі князь Вітаўт і кароль Рэчы Паспалітай Сьцяпан Батура, а таксама тут жыў славуты абаронца замка Давыд Гарадзенскі.

Горадня
Горадня

Кароль Рэчы Паспалітай Сьцяпан Батура (Стэфан Баторы), не жадаючы залежаць ад прыдворных інтрыг у Кракаве і Вільні, ператварыў Горадню ў сваю галоўную рэзыдэнцыю. Ён быў заняты вызваленьнем усходніх зямель ВКЛ ад войскаў Івана Жахлівага і, каб быць бліжэй да тэатру ваенных дзеяньняў, з 1579 года фактычна пераносіць сталіцу і ваенную стаўку ў Горадню. Стэфан Баторы перабудаваў Стары замак у пышную каралеўскую рэзыдэнцыю, якая нагадвала сваім аздабленьнем італьянскае палацца.

Праўда, сёньня, пасьля шматлікіх перабудоваў і разбурэньняў, мы бачым толькі рэшткі былой велічы: да нашых дзён захаваліся палац, фрагмэнты абарончых сьцен, руіны Ніжняй і Верхняй цэркваў, княжацкіх пакояў, мост і замчышча. А наогул, згодна з гістарычнымі дакумэнтамі, вядомыя ня менш за шэсьць розных варыянтаў Старога замка.

Цікава, што калісьці ў замку стаяла магутная каменная вежа-данжон, вельмі падобная на Камянецкі слуп. Яна ўпершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1277 годзе, і прастаяла да XVI стагодзьдзя.

Дарэчы, гарадзенскі Стары замак набыў славу легендарнага і непрыступнага ў барацьбе з крыжацкай навалай: кожны тэўтон лічыў справай гонару паход сюды — з канца XIII і да пачатку XV стагодзьдзя гарадзенскі замак вытрымаў каля дваццаці нападаў крыжакоў.

Наваградзкі замак

Замак у Наваградку быў адным з самых важных на беларускіх землях: тут праходзілі дзяржаўныя сэймы, сустрэчы паслоў і каралёў.

З пачатку XI і да сярэдзіны XIII стагодзьдзя на валах стаялі драўляныя сьцены, якія аднаўляліся ня менш за пяць разоў. Потым была ўзьведзеная першая каменная вежа — яна сёньня знаходзіцца пад зямлёй на глыбіні 7,5 мэтраў. На ёй, як на падмурку, пазьней разьмяшчалася цагляная пяціпавярховая вежа Шчытовая. Спачатку гэтая вежа была адзіным каменным умацаваньнем у коле драўляных сьцен, але ўжо ў XVI стагодзьдзі, дзякуючы падрыхтоўцы да абароны спачатку ад тэўтонаў, а потым ад татараў, Наваградзкі замак стаў сямівежавым і лічыўся адным з самых магутных для свайго часу.

Значна замак пацярпеў у час вайны 1654–1667 гадоў, калі вежы Меская, Калодзежная, Малая Брама і Пасадзкая былі цалкам разбураны. Яшчэ адзін удар замкавыя сьцены атрымалі ад швэдаў падчас Паўночнай вайны. На працягу XIX стагодзьдзя былі разабраны рэшткі Дазорнай вежы, у 1906 годзе абвалілася Касьцельная вежа, а падчас Першай Сусьветнай вайны — паўднёвая сьцяна Шчытовай вежы.

У 1920-30-я гады была праведзена частковая кансэрвацыя ацалелых сьцен, а сьцены Касьцельнай вежы былі фактычна складзены нанава. Да сёньня захаваліся руіны Шчытовай і Касьцельнай вежаў. Было вырашана, што аднаўляць будынкі немэтазгодна: згодна з канцэпцыяй «трывалыя руіны» плянуецца раскрыць усе сем вежаў і сьцен, каб абазначыць замак у памерах XVI стагодзьдзя. Ну а ацалелыя руіны дзьвюх вежаў — стабілізаваць і закансэрваваць.

Троцкі (тракайскі) замак

Замак разьмешчаны на высьпе ў возеры Гальвэ (цяпер — Літва), і яго часам завуць «Маленькім Марыенбургам». Заснаваньне замка прыпісваецца князю Гедзіміну, будаўніцтва каменнага замка распачаў у XIV стагодзьдзі Кейстут, а завяршаў яго сын Вітаўт, які, дарэчы, і памёр у гэтым самым замку ў 1430 годзе.

Трокі ў свой час былі адным з галоўных цэнтраў Вялікага княства Літоўскага і адыгрывалі важнае стратэгічнае значэньне. Сур’ёзныя страты былі нанесеныя замку падчас нападу тэўтонскіх рыцараў у 1377 годзе. Пасьля забойства Кейстута ў 1382 годзе ў краіне разгарэлася жорсткая барацьба за ўладу паміж Ягайлам і Вітаўтам — і Троцкі замак быў абложаны з абодвух бакоў. Пасьля Грунвальдзкай бітвы замак страціў сваё ваеннае значэньне і заставаўся адной з рэзыдэнцый вялікіх князёў, дзе ладзіліся ўрачыстыя прыёмы дыпляматаў. Вядома, што ў пэрыяд паміж 1413 і 1430 гадамі Ягайла наведаў замак трынаццаць разоў. Цікава, што замак быў абсталяваны сыстэмай паветранага ацяпленьня: гарачае паветра падымалася па трубах і сагравала каменныя сьцены.

У вайну 1655-1660 гадоў замак быў зруйнаваны, у пэрыяд кіраваньня Жыгімонта Аўгуста — адноўлены ў стылі рэнэсанс: ён нядоўга служыў летняй каралеўскай рэзыдэнцыяй. Пазьней — турмой. Падчас войнаў з Масковіяй у XVII стагодзьдзі замак быў пашкоджаны і больш не аднаўляўся.

Першы плян па рэканструкцыі зьявіўся ў XIX стагодзьдзі, але рэстаўрацыйныя працы пачаліся пазьней: пасьля візыту ў замак у траўні 1929 года польскага гісторыка Станіслава Лорэнца і архітэктараў Юльюша Клоса і Яна Бароўскага. Тады было прынята рашэньне пра неадкладныя захады для захаваньня існуючых рэшткаў. Станіслаў Лорэнц атрымаў крэдыт у памеры 10 тысяч польскіх злотых у Нацыянальным банку на рэстаўрацыю. Пасьля Другой сусьветнай вайны пачаліся маштабныя працы па аднаўленьні замка: у выніку замку быў вернуты выгляд XV стагодзьдзя.

Віленскія замкі

Комплекс віленскіх замкаў складаўся з трох замкаў: Верхняга, Ніжняга і Крывога. У 1323 годзе — першае ўзгадваньне мураванага замка Гедзіміна. Крывы замак быў дашчэнту спалены Тэўтонскім ордэнам у 1390 годзе і больш ніколі не аднаўляўся. Тэўтоны і пазьней нападалі на віленскія замкі некалькі разоў, але ніколі не захоплівалі ўвесь комплекс цалкам.

Упершыню ўвесь комплекс быў заваяваны ў 1655 годзе ў выніку бітвы пад Вільняй, пасьля чаго істотна разбураныя замкі страцілі сваю значнасьць. Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай некаторыя з будынкаў былі зьнішчаны, а шмат іншых былі пашкоджаныя падчас будаўніцтва крэпасьці ў XIX стагодзьдзі. А вось ацалелая да сёньня вежа Гедзіміна зьяўляецца сымбалем Вільні — іншыя збудаваньні Верхняга замку захаваліся толькі ў выглядзе рэшткаў.

Цікавы факт: у 1864 годзе на тэрыторыі Верхняга замку, дзе ў тыя часы разьмяшчаўся расейскі гарнізон, пасьля павешаньня быў пахаваны Кастусь Каліноўскі.

Ніжні замак быў самым разьвітым абарончым і прадстаўнічым комплексам у Вялікім княстве Літоўскім з амаль кілямэтровай сьцяной з магутнымі вежамі. Тут месьціліся Вялікакняскі палац, Трыбунал ВКЛ, палац Віленскага арцыбіскупа, катэдральны касьцёл. Да нашага часу ад яго захаваліся толькі будынкі старога і новага арсэналаў, а таксама адна з абарончых вежаў, якая была прыстасаваная пад званіцу катэдральнага касьцёла.

Дзе беларусам добра. Мы не пытаемся, мы адказваем. Мы паказваем установы і арганізацыі, завітаўшы ў якія беларусы пачуваюцца, як дома. Дзе ўсё сваё – мова і кнігі, фільмы і стравы, напоі і ўборы, справы і забавы, героі і сьвятыя. Штотыдзень на нашым сайце чытайце і глядзіце пра беларускія гісторыі, мясьціны, сюжэты. Чакаем і вашых расповедаў.

Дасылайце вашыя гісторыі ў рубрыку «Дзе беларусу добра» на электронны адрас svaboda@rferl.org

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG