Эштан Картэр зьвярнуў увагу на тое, што паветраныя ўдары авіяцыі Расеі ў Сырыі, падобна, былі накіраваныя на тэрыторыі, дзе, верагодна, наагул няма баевікоў групоўкі «Ісламская дзяржава», пра сваю барацьбу зь якой заяўляла Масква.
Міністар таксама пацьвердзіў, што, насуперак патрабаваньням Расеі да кааліцыі пад кіраўніцтвам ЗША спыніць свае паветраныя ўдары па ісламістах, яны будуць працягнутыя паводле першапачатковага пляну.
Словы Картэра пацьвярджаюць сырыйская апазыцыя, эўрапейскія палітыкі і амэрыканскія чыноўнікі, калі яны кажуць ананімна.
Прэзыдэнт галоўнага сырыйскага апазыцыйнага аб’яднаньня, Нацыянальнай кааліцыі сырыйскіх рэвалюцыйных і апазыцыйных сілаў, якая базуецца ў Турцыі, Халед Хаджа паведаміў, што ў выніку расейскіх паветраных удараў былі забітыя ня менш як 36 грамадзянскіх жыхароў. Як напісаў ён у Твітэры, гэтыя ўдары былі нанесеныя па тэрыторыях, дзе няма баевікоў «Ісламскай дзяржавы» ці іншых ісламісцкіх груповак, зьвязаных з сеткай «Аль-Каіда».
Па словах Халеда Ходжы, усе мэты, пабітыя расейскімі ўдарамі на поўнач ад горада Хомса, былі грамадзянскімі, і гэтыя тэрыторыі цяпер кантралююць сілы апазыцыі, якія выбілі зь іх «Ісламскую дзяржаву» яшчэ год таму.
Яшчэ адно сырыйскае супрацьуладнае аб’яднаньне, «Таджаму-ль-Іза», якое мае падтрымку ЗША, таксама коратка заявіла ў Твітэры, што ўдары ў правінцыі Хама пабілі менавіта яго пазыцыі ў горадзе Латамна.
Агенцтва «Ройтэрз» цытуе неназваную дыпляматычную крыніцу ў Францыі, якая таксама паведамляе, што ўдары Расеі былі накіраваныя супраць апазыцыйных рэжыму Асада сілаў, а не супраць ісламістаў.
Таксама міністар замежных спраў Францыі Ларан Фабіюс заявіў, што, па першых зьвестках, гэтыя расейскія ўдары паразілі ня тыя зоны, якія кантралююцца ісламісцкай групоўкай «Ісламская дзяржава». Але гэта яшчэ трэба ўдакладніць, сказаў ён, выступаючы на брыфінгу ў штаб-кватэры ААН пасьля пасяджэньня Рады бясьпекі, якую склікала па тэме барацьбы з тэрарызмам Расея, што старшынствуе ў Радзе бясьпекі.
У той жа час у Парыжы міністар абароны Францыі Жан-Іў Ле Дрыян, выступаючы ў францускім парлямэнце, казаў больш прама: паводле яго слоў, фактам зьяўляецца тое, што расейскія войскі ўдарылі ў Сырыі не па «Ісламскай дзяржаве». «Высновы з гэтага рабіце самі», — сказаў міністар францускім парлямэнтарыям.
Вялікабрытанія заклікала Расею даказаць, што яе паветраныя ўдары ў Сырыі мелі мэтамі толькі аб’екты ісламісцкіх груповак «Ісламскай дзяржавы» і тых, якія зьвязаныя зь сеткай «Аль-Каіда», але ня ўмераных апанэнтаў рэжыму прэзыдэнта Сырыі Башара Асада.
Вельмі важна, каб Масква змагла пацьвердзіць гэта міжнароднай супольнасьці, сказаў міністар замежных спраў Вялікабрытаніі Філіп Хамонд, выступаючы на пасяджэньні Рады бясьпекі ААН.
Дзяржаўны сакратар ЗША Джон Кэры таксама папярэдзіў Маскву, што Вашынгтон будзе «глыбока занепакоены», калі Расея будзе наносіць у Сырыі паветраныя ўдары па тэрыторыях, дзе дзейнічаюць не ісламісты, а ўмераная сырыйская апазыцыя.
Такія ўдары паставілі б пытаньне пра сапраўдныя намеры Расеі ў Сырыі — барацьба з экстрэмісцкай групоўкай «Ісламская дзяржава» або абарона рэжыму прэзыдэнта Сырыі Башара Асада, сказаў Кэры, выступаючы на пасяджэньні Рады бясьпекі ААН.
У Расеі аб гэтых першых нанесеных ударах у Сырыі афіцыйна заявілі, што яны былі накіраваныя супраць пазыцыяў, тэхнікі і складоў, якія, на думку Масквы, належаць менавіта «Ісламскай дзяржаве».
Менавіта падтрымка сырыйскага рэжыму, якому ўжо адмовілі ў легітымнасьці многія краіны Захаду і арабскага сьвету, у яго супрацьстаяньні «Ісламскай дзяржаве», была заяўленай мэтай расейскай ваеннай апэрацыі ў Сырыі.