Ці не была «дуэль» Пуціна і Абамы ў ААН паядынкам правадыроў, які ў старыя часы адкрываў вырашальныя бітвы паміж войскамі? Ніжэй — пяць простых пытаньняў аб зьнешнепалітычным раскладзе, у якім разгортваецца расейская дзейнасьць у і вакол Сырыі.
1. Як сырыйскую праблему бачаць адміністрацыя Абамы і саюзьнікі ЗША?
Агульнасусьветны кансэнсус мяркуе, што ў грамадзянскай вайне ў Сырыі, распачатай у 2011 годзе з мірных грамадзянскіх пратэстаў, зараз удзельнічаюць тры сілы: ўрадавыя войскі Башара Асада, ўзброеная апазыцыя і сілы «Ісламскай дзяржавы».
Башар Асад, які прыйшоў да ўлады ў 2000 годзе пасьля сьмерці свайго бацькі, Хафеза Асада, абяцаў палітычныя і эканамічныя рэформы, аднак хутка іх згарнуў. Пры абодвух Асадах Сырыя займала антыізраільскую і антыамэрыканскую пазыцыю. СССР падтрымліваў даволі цеснае супрацоўніцтва, у тым ліку і ваеннае, Расея працягвала пастаўкі зброі ў гэтую краіну.
У 2011 годзе ў адказ на акцыі пратэсту сярод насельніцтва Башар Асад пачаў ўжываць сілу супраць мітынгоўцаў. Афіцыйна яны называюцца «ўзброенымі крымінальнымі групоўкамі».
Захад мяркуе, што грамадзянская вайна ў Сырыі была па сутнасьці сваёй барацьбой дэмакратычных сіл з тыраніяй, а радыкальныя ісламісты, якія зьявіліся на сцэне значна пазьней, скарысталіся панаванай у краіне разрухай.
У прамове на Генэральнай Асамблеі ААН у панядзелак Барак Абама заявіў, што войскі Асада за гады грамадзянскай вайны забілі значна больш сырыйцаў, чым падразьдзяленьні «Ісламскай дзяржавы», і таму для вырашэньня сырыйскай праблемы неабходная яго адстаўка. Таго ж пункту гледжаньня прытрымліваюцца заходнія краіны і Саудаўская Арабія.
2. Як інтэрпрэтуюць канфлікт у Крамлі?
Расея (той жа пункт гледжаньня падзяляе і Іран) настойвае, што адзінай законнай уладай у Сырыі зьяўляецца ўрад Башара Асада, і Расея аказвае яму ваенную падтрымку. Розьніцы паміж ўзброенай сырыйскай апазыцыяй ўмеранага толку і ваяўнічымі ісламістамі Расея не праводзіць. Спасылаючыся на міжнароднае права, Пуцін заявіў у сваёй прамове ў ААН, што інтэрвэнцыя ў Сырыю можа быць ажыцьцёўлена альбо па рашэньні Рады Бясьпекі ААН, альбо на просьбу законнага ўраду краіны. У сераду, 30 верасьня, такая просьба з Дамаска паступіла, пасьля чаго Савет Фэдэрацыі ўхваліў выкарыстаньне расейскіх войскаў за мяжой, а ваенныя самалёты пачалі бамбіць тое, што расейскія крыніцы называюць «групоўкамі ісламістаў». Сяргей Лаўроў, выступаючы ў Радзе Бясьпекі ААН, напіраў ў сераду на ўзмацненьне тэрарыстычных рухаў і зьвязваў іх ўздым з «арабскай вясной». Фэномэн «арабскай вясны» інтэрпрэтуецца ў Расеі гэтак жа, як і «аранжавая рэвалюцыя» ва Ўкраіне — як ініцыяваны ЗША дзяржаўны пераварот, праведзены з мэтай падпарадкаваньня гэтых дзяржаў волі Вашынгтона. «Пуцін зацыклены на антыамэрыканізме і аранжавых рэвалюцыях», — кажа экспэрт Маскоўскага фонду Карнэгі Андрэй Калесьнікаў.
3. Якія «вялікія» мэты перасьледуе Расея, беручы ўдзел у сырыйскім канфлікце?
Калі карыстацца рыторыкай, да якой зьвяртаўся ў сваёй прамове на Генэральнай Асамблеі ААН Пуцін, то падтрымліваючы рэжым Асада, Расея «будуе шматпалярны сьвет», гэта значыць спрабуе захаваць за сабой былую сфэру ўплыву. На думку Калесьнікава, «гэта канфлікт цывілізацыйны і каштоўнасны».
Па словах былога пасла ЗША ў Украіне, супрацоўніка інстытута Брукінгса ў Вашынгтоне Стывена Пайфэра, «Пуцін спрабуе стварыць падтрымку для свайго альтэрнатыўнага сьветапогляду». Сьветапогляд гэты даволі супярэчлівы: настойваючы на павазе сувэрэнітэту Сырыі і захаваньні яе тэрытарыяльнай цэласнасьці, Пуцін фактычна не прызнае сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны. Расейская ваенная апэрацыя, якая пачалася ў сераду, зьяўляецца сэнсавым працягам ідэйнай дуэлі, якая здарылася паміж Абамам і Пуціным двума днямі раней. Мэты бакоў у гэтай дуэлі Андрэй Калесьнікаў апісаў так: «Пуцін спрабаваў паказаць сьвету і перш за ўсё расейскаму электарату, што ён здольны мяняць правілы гульні ў сьвеце, Абама — што ён здольны ўсё яшчэ вызначаць гэтыя правілы».
4. Наколькі расейская ваенная падтрымка Асада ўзгоднена з міжнароднай супольнасьцю?
Па словах Стывена Пайфэра, на перамовах паміж Пуціным і Абамам, якія адбыліся ў панядзелак у Нью-Ёрку, быў дасягнуты пэўны прарыў. «Кіраўнік расейскага МЗС Лаўроў і дзяржсакратар Кэры заявілі, што будуць імкнуцца да выпрацоўцы стратэгіі расейска-амэрыканскага супрацоўніцтва па сырыйскім канфлікце». Праз дзень пасьля перамоваў Джон Кэры заявіў, што ЗША больш не патрабуюць неадкладнай адстаўкі Башара Асада. У сераду Расея запатрабавала ад ЗША спыніць палёты над Сырыяй, ЗША ад гэтага адмовіліся. Расея інфармуе міжнародную супольнасьць аб авіяўдарах, якія наносяць расейскія баявыя самалёты, праз інфармацыйны цэнтар у Багдадзе, каб пазьбегнуць ваенных сутыкненьняў паміж расейскімі войскамі і войскамі НАТА. Раней такая ж дамоўленасьць была дасягнутая з Ізраілем.
Палітоляг, прафэсар Эўрапейскага унівэрсытэта ў Санкт-Пецярбургу Рыгор Галасоў мяркуе, што згода паміж Расіяй і Захадам у дачыненьні да ваеннай апэрацыі ў Сырыі скончыцца адразу ж, як толькі высьветліцца, што ахвярамі расейскіх бамбаванняў сталі члены ўмеранай сырыйскай апазыцыі: «У тым, што гэта адбудзецца, ніхто за межамі Расеі не сумняваецца. А калі гэта адбудзецца, то Абама скажа: „Уладзімер, ну я ж папярэджваў“. Гісторыя з санкцыямі заблішчыць тады новымі гранямі. Можна толькі дзівіцца, навошта Пуцін сам пабудаваў сабе пастку і залез у яе». Сырыйская апазыцыя ўжо заявіла, што ў выніку удараў расейскай авіяцыі ў сераду ў Хомсе загінула цывільнае насельніцтва.
5. Якое можа быць выйсьце?
Прагнозаў шмат, але ніводнага пазытыўнага. Андрэй Калесьнікаў ацаніў сытуацыю як «патавую»: «У патавай сытуацыі, якой яна прадказальна і не перастала быць, пераможцаў быць ня можа». Паводле яго слоў, Пуцін у прамове ў ААН быў Пуцін быў «стрымана агрэсіўны — у адпаведнасьці са сваім характарам, а зьмястоўна — ігнараваў праблемы ў сваёй краіне». Тая ж лінія прасочваецца пакуль і ў рэальнай, а не славеснай вайне: «Адзіны спосаб эфэктыўнай барацьбы з тэрарызмам — гэта дзейнічаць на апярэджаньне», — заявіў у сераду Пуцін. У той жа час Расея не зьбіраецца апускацца ў канфлікт «з галавой», сказаў прэзыдэнт.
На ігнараваньне ўнутраных праблем зьвярнуў увагу і Алег Кашын. Расейцы, па яго словах, «маленькі жабрацкі народ са стромнай дзяржавай і непрыдатнай да жыцьця тэрыторыяй», у якога ёсьць больш надзённыя задачы, чым «ваяваць з сусьветным злом». За дзень да таго, як Расея пачала ваенныя дзеяньні ў Сырыі, стала вядома, што ўрад Мядзьведзева ў трэці раз замарозіў назапашвальную частку пэнсій.
Большасьць грамадзянаў Расеі выступаюць супраць адпраўкі расейскіх войскаў у Сырыю, ў сацыяльных сетках удар авіяцыі РФ па Хомсу адразу ж вызначылі як «новы Аўганістан».