Кандыдат у прэзыдэнты Тацяна Караткевіч зьвярнулася ў Цэнтравыбаркам з просьбай перадаць ёй эфірны час, ня выкарыстаны іншым кандыдатам, Аляксандрам Лукашэнкам.
Караткевіч прыводзіць выказваньне Лукашэнкі, зробленае падчас наведваньня 25 верасьня Беларускага мэталюргічнага заводу:
«Таму, калі камусьці трэба, я магу яму падарыць гэты час. Але, самае цікавае, яны ня хочуць больш. Яны разумеюць, што, выйшаўшы на экран, трэба нешта сказаць. Ня дай бог ня тое — дур бачная».
«Пасьля двух выступленьняў на ТБ Тацяны Караткевіч былі шматлікія звароты грамадзян з просьбай выступіць яшчэ і расказаць пра розныя праблемы, якія ёсьць сёньня ў Беларусі, і прапанаваць шляхі іх вырашэньня», — гаворыцца ў звароце.
Кожны кандыдат у прэзыдэнты мае права на два 30-хвілінныя выступленьні па тэлебачаньні і на два 30-хвілінныя выступленьні па радыё. Лукашэнка, як і на выбарах 2010 году, свой час ня выкарыстаў.
Падчас наведваньня БМЗ ён заявіў, што можа выступіць са зваротам да народа «і сказаць літаральна некалькі слоў на працягу пяці-сямі хвілін напярэдадні выбараў», паведамляе БелаПАН.