Рэчыцкі райвыканкам раіць прыхільнікам кандыдата ў прэзыдэнты Тацяны Караткевіч узгадняць агітацыйныя пікеты з БРСМ і «Белай Русьсю». Гомельскія ўлады, у сваю чаргу, не дазваляюць грамадзянам праводзіць інфармацыйныя вулічныя шэсьці на тэму сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў.
Дваццаць тры замовы на арганізацыю агітацыйных пікетаў падаў у Рэчыцкі райвыканкам Алег Шабетнік, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Тацяны Караткевіч. І атрымаў наступны адказ за подпісам старшыні райвыканкаму Віталя Панчанкі:
«Райвыканкам узгадніў правядзеньне пікетаў Рэчыцкай раённай арганізацыі РГА „Белая Русь“ і раённага камітэту ГА „БРСМ“ па заяўках, якія раней паступілі ад іх у райвыканкам, у месцах, указаных у Вашым паведамленьні».
Далей у адказе старшыні ўтрымліваецца прапанова: калі, маўляў, дамовіцеся з БРСМ і «Белай Русьсю», то райвыканкам ня будзе супраць правядзеньня пікетаў у замоўленых месцах. Пазначаныя і тэлефоны згаданых праўладных арганізацыяў, якія падтрымліваюць на выбарах дзейнага кіраўніка дзяржавы.
Шабетнік: «Адказ мяне вельмі зьдзівіў. Я, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты, мушу нешта ўзгадняць зь „Белай Русьсю“ і БРСМ? Прачытаў уважліва Выбарчы кодэкс, але там нічога такога не напісана. Я зьвярнуўся ў райвыканкам. Туды запрасілі і прадстаўнікоў гэтых арганізацыяў. Вёў нараду намесьнік старшыні райвыканкаму Віталь Атаманчук. Ён паказаў мне пастанову Цэнтравыбаркаму, дзе напісана, што я мушу ўзгадняць пікеты, калі на адно месца падаюцца дзьве заяўкі ад давераных асобаў альбо арганізацыяў. Чамусьці гэтак дапоўнілі Выбарчы кодэкс. Пэўна, каб удзельнікі выбарчай кампаніі зазнавалі цяжкасьці. Учора ж мы аб’ехалі Рэчыцу, але нідзе пікетаў „Белай Русі“ і БРСМ не было бачна, хоць яны й падалі заяўкі».
Давераная асоба апазыцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты апавядае, што багата месцаў для агітацыі выканкамы адвялі там, дзе амаль не бывае людзей. Апроч таго, у выканкамах часам ня могуць разабрацца, куды й каму падаваць замовы на агітацыйныя пікеты і сустрэчы з выбарцамі, бо калі хочаш агітаваць на вуліцы, трэба апавяшчэньне падаваць у агульны аддзел райвыканкаму, а калі ў памяшканьні — тады зьвяртайся ў раённую выбарчую камісію:
«Зроблена, відаць, так, каб уводзіць людзей у аблуду, каб яны памыляліся — і зрываць гэтыя пікеты. У Рэчыцы мне ўжо дасылалі з камісіі адказ, што адмоўлена ў арганізацыі пікетаў у вызначаных месцах, паколькі я не туды падаў паведамленьне. Учора я ўжо перанакіраваў яго ў агульны аддзел райвыканкаму.
Неразьбярыха вялікая. Да прыкладу, у адміністрацыі Цэнтральнага раёну Гомеля, калі я туды прыехаў, сабраліся і чальцы выбарчай камісіі, і з агульнага аддзелу, і з ідэалёгіі. Зь дзясятак чалавек бегалі вакол мяне, ня ведаючы, куды мне падаць заяву.
Зроблена, відаць, так, каб уводзіць людзей у аблуду, каб яны памыляліся — і зрываць гэтыя пікеты
Я кажу: трэба, каб прыняў агульны аддзел. Мне цьвердзяць: не, трэба наагул ехаць у гарвыканкам і туды аддаць, бо гарвыканкам прымаў рашэньне наконт вызначэньня месцаў для пікетаў.
Мы разгарнулі Выбарчы кодэкс, дзе напісана, што замовы падаюцца ў органы ўлады ў месцы правядзеньня пікетаў. Яны са мною не пагадзіліся, але заяву прынялі.
А пасьля патэлефанавалі, што ўсё-ткі пераслалі ў гарвыканкам. Самі ня ведаюць, дзе і каму прымаць дакумэнты. Тое самае, што адбылося і ў Рэчыцы».
Тым часам у Гомелі апазыцыйныя актывісты замаўляюць пікеты супраць абраньня Аляксандра Лукашэнкі на пяты прэзыдэнцкі тэрмін. На пленуме гарадзкой арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» у абласным цэнтры вырашана правесьці дзевяць пікетаў супраць Лукашэнкі — 8, 9, і 10 кастрычніка. Адпаведныя замовы накіраваныя ў Гомельскі гарвыканкам.
На 27 верасьня гомельскія праваабаронцы Анатоль Паплаўны, Віктар Казлоў і Леанід Судаленка накіроўвалі заяўку ў гарвыканкам на правядзеньне вулічнага шэсьця. Праз шэсьце яны меліся паінфармаваць выбарцаў наконт права кожнага адмовіцца ня толькі ад удзелу ў датэрміновым галасаваньні, але і наагул у выбарах. Аднак гарвыканкам ня даў дазволу, спаслаўшыся на тое, што замоўцы не заключылі фінансавыя дамовы з паліклінікай і спэцаўтапрадпрыемствам на абслугоўваньне такога шэсьця.
У адказе намесьніцы старшыні гарвыканкаму Аксаны Рудзянок гаворыцца таксама, што на вуліцы Савецкай, па маршруце плянаванага шэсьця (дзе, дарэчы, ладзяцца ўсе афіцыйныя дэманстрацыі) знаходзяцца «будынкі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, а таксама рэдакцыі тэлевізійных і радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі». У такіх месцах, на думку гарадзкіх чыноўнікаў, ладзіць шэсьці забаронена законам.