Толькі выключыў запісвальную тэхніку пасьля выступу Тацяны Караткевіч, як ужо звоніць тэлефон. Жонка, якая рашуча за байкот выбараў, якая вельмі падазрона ставілася да гэтай невядома адкуль узьніклай канкурэнткі на пасаду прэзыдэнта і не чакала ад яе сапраўднай барацьбы, раптам гэтак пранікнёна кажа: «А мне спадабалася!»
І чым жа?
Па-першае, у пэўным сэнсе гэта была не праграмная прамова, а фактычна дыскусія, у якой Тацяна спрабавала пераканаць нас усіх у тым, ува што сама верыць. Як ёй гэта ўдалося, калі сапраўды рэакцыя на яе словы аказалася такая прыхільная?
Бяру свае лісткі і пачынаю лічыць. У прамове прысутнічае вялікая колькасьць жывых людзей. Гэта супэр. Лукашэнка, праўда, па імені згадваецца хіба што 2 разы, затое разоў 10 гучыць ягоная пасада ў крытычным ракурсе — што «стаміўся», што «стаў тормазам разьвіцьця» і гэтак далей. Але і акрамя яго поўна жывых персанажаў. Ня будзем браць былога міністра Русага, узьнікаюць яшчэ ня меней за 7 асобаў, прычым даволі калярытных — як той Сяргей з Салігорску, які ня ведае, як пракарміць сям’ю на 2 мільёны. А яшчэ настаўнаца, пэнсіянэрка, нарэшце дзяўчынка з Магілёва, якая адзіная ў 400-тысячным горадзе навучаецца цалкам па-беларуску. Праз гісторыі гэтых людзей ці размовы зь імі Тацяна Караткевіч спрабуе падняць і нават вырашыць важныя, балючыя тэмы. І глядзіце — ёй на вачах гэта ўдаецца! Нехта абураўся, што ўсе менш вакол беларускай мовы — дык дамо ў кожны раён па беларускай гімназіі, а ў сталіцу — беларускамоўную ВНУ. 27 мільярдаў даляраў выкінулі на падтрымку калгасаў, а лепш бы разьвівалі фэрмэрскія гаспадаркі ды будавалі аграгарадкі не напаказ, а з душой. «Віцязь», аказваецца, стаў у 4 разы меней выпускаць тэлевізараў, а што іх ва ўсім сьвеце настолькі ж меней выпускаюць — не праблема? Не праблема. МАЗ і Гомсельмаш выратуюць не прыватызацыя (пра яе ані слова), а нейкія адмысловыя «праграмы выратаваньня». Хіба іх мала было?
Канечне, гэта добра, калі будзе ліміт на 2 прэзыдэнцкія тэрміны, суды стануць незалежнымі, а пэнсійныя фонды будуць папаўняцца грашыма укладчыкаў, а ня толькі зь бюджэту. І чыноўнікі, у тым ліку галоўны зь іх, мусяць ведаць, што яны толькі наёмныя мэнэджэры — і ня больш за тое, ніякія не правадыры і не ўладары. Толькі хто пагодзіцца на такія зьмены? Яны самі, гэтыя чыноўнікі і іх правадыр, аддадуць уладу?
Тройчы Тацяна Караткевіч пераходзіла з расейскай на беларускую мову, дэманструючы, што валодае ёй выдатна і з натхненьнем.
І вось галоўная статыстыка: у прамежках паміж аповедамі пра сустрэчы з выбарцамі ня меньш за 10 разоў кандыдатка заклікала прыйсьці на выбары і прагаласаваць. Дадавала, што галасаваць трэба менавіта за яе, што яна — шанец, але галоўнае — прыйдзіце. Для тых, каго і гэта не пераконвала, хто ня верыць, што фальсыфікацый ня будзе, сьмелая, разумная, шчырая жанчына прыдумала «кантрольны стрэл» — выйшла з-за трыбуны зь бел-чырвона-белым сьцяжком, паказаўшы сябе ва ўсёй прыгажосьці, і наўпрост зьвярнулася да сяброў выбарчых камісій. Маўляў, жанчыны-настаўніцы, я ж ваша, не падвядзіце — лічыце галасы выбарцаў сумленна: «Прошу считать голоса беларусов честно. За мирные перемены. Только так».
Тацяна! Паслухаюць Вас, пагодзяцца, паставяць у галаве "пяцёрку" за выступ, а падлічаць гэтак, як скажа дырэктар школы ці калгасу.