Хоць прэзыдэнцкая кампанія і прыцягвае ўвагу грамадзкасьці і экспэртаў, але запраграмаваны вынік робіць яе ня вельмі цікавай. Больш важная і зьмястоўная тэма — што будзе пасьля выбараў? Чаго варта чакаць? Якія зьмены і павароты будуць адбывацца на нашых вачах?
Прагнозы — справа вельмі няўдзячная. Тым ня менш, некаторыя рэчы можна прадказаць.
Расейскі палітоляг Андрэй Піянткоўскі, які на мінулым тыдні выступіў у Менску зь лекцыяй, заўважыў, што ўкраінскі крызіс стаў моцным каталізатарам перамен ва ўсім рэгіёне. Ён ужо не будзе такім, якім быў раней, усё прыйшло ў рух.
Некаторыя зьмены нават анансаваныя. Вось першы намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Тарас Надольны заявіў, што ў сярэдзіне кастрычніка беларускія ўлады абнародуюць праграму структурных рэформаў на 2016–2020 гады. Праўда, зь ягоных словаў цяжка зразумець, што ўлады зьбіраюцца рэфармаваць. Адзіная канкрэтная рэч, пра якую ўзгадаў Тарас Надольны, гэта зьмяненьне мэханізму рэгуляваньня дзейнасьці прадпрыемстваў. «Гаворка, у прыватнасьці, ідзе аб падзеле функцыяў органаў дзяржкіраваньня, якія рэгулююць дзейнасьць прадпрыемстваў і адначасова выконваюць функцыі ўласьніка», — адзначыў намесьнік кіраўніка Нацбанку. Цяжка ўявіць, як у беларускіх умовах гэта магчыма. Бо ручное кіраваньне эканомікай — гэта фундамэнтальны прынцып беларускай сацыяльнай мадэлі.
Відавочна, што анонс гэтай праграмы трэба разглядаць у кантэксьце канкрэтных перамоваў з МВФ, якія пачнуцца пасьля выбараў. Беларусі патрэбныя крэдыты, а Міжнародны валютны фонд патрабуе рэформаў. Ну вось вам, глядзіце, «структурныя рэформы». Беларускія чыноўнікі ўжо навучыліся вымаўляць гэтыя забароненыя словы. Не выключаю, што такая праграма нават будзе падпісаная. Але вось наконт выкананьня ў мяне ёсьць вялікія сумневы.
Дарэчы, адновяцца і сур’ёзныя перамовы аб крэдыце з Эўразійскім фондам стабілізацыі і разьвіцьця (ЭФСР). Дакладней, перамовы будуць з кіраўніцтвам Расеі, якая кантралюе фонд. А яно выставіць ў якасьці ўмовы стварэньне на тэрыторыі Беларусі расейскай вайсковай авіябазы. Думаю, менавіта пытаньне пра базу стане галоўным на парадку дня адносін паміж Менскам і Масквою. А вось прагназаваць вынік гэтага торгу не бяруся. Бо вельмі сур’ёзныя стаўкі ў гэтым палітычным казіно.
Адбудзецца рост цэнаў, бо на час выбарчай кампаніі ўрад штучна іх стрымліваў
Даволі лёгка прагназаваць падвышэньне камунальных тарыфаў, рост коштаў на грамадзкі транспарт. Бо гэтага патрабуюць і МВФ, і ЭФСР. Увогуле адбудзецца рост цэнаў, бо на час выбарчай кампаніі ўрад штучна іх стрымліваў. Асабліва вырастуць кошты на імпартныя тавары — у сувязі з аслабленьнем беларускага рубля ў жніўні.
Наконт адносін з Захадам. Назіральнікі АБСЭ зробяць выснову, што, з аднаго боку, выбары ў Беларусі не адпавядалі эўрапейскім стандартам, а зь іншага боку, ёсьць прагрэс. Гэта апошні тэзіс будзе грунтавацца на тым, што пасьля галасаваньня не арыштавалі кандыдатаў у прэзыдэнты, апазыцыйных актывістаў, і ў краіне — нябачаная рэч — упершыню за шмат гадоў няма палітзьняволеных. Менавіта за гэтую выснову пра прагрэс учэпіцца ЭЗ, каб працягваць працэс нармалізацыі дачыненьняў зь беларускім рэжымам. Адменяць санкцыі. Ці ўвядуць мараторый на іх прымяненьне. У любым выпадку пад канец году Лукашэнка атрымае права езьдзіць па эўрапейскіх сталіцах. Праўда, як і ці хутка ён скарыстаецца гэтай магчымасьцю, — гэта пытаньне.
Апазыцыя пасьля выбараў застанецца расколатай, у стане канцэптуальнага крызісу. Адбудзецца ўзмацненьне пазыцыяў кампаніі «Гавары праўду». Тацяна Караткевіч атрымае самы высокі рэйтынг сярод апазыцыйных палітыкаў. Шмат хто выказвае вэрсіі, што яе Лукашэнка прапусьціць у Палату прадстаўнікоў. Асабіста я ў гэтым сумняваюся.
Увогуле, магчыма, пасьля прэзыдэнцкай кампаніі палітычнае жыцьцё стане нават цікавейшым.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.