Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як прагнаць спэкулянтаў з футболу? Кажуць заўзятары


Сярод прапаноў — не прадаваць квіткі на прадпрыемствах, ладзіць онлайн-аўкцыёны.

А 10-й раніцы 22 верасьня пачаўся продаж дадатковай партыі квіткоў на гульню БАТЭ з італійскай «Ромай». Каб набыць адзін (ці два — больш на рукі не давалі) з 700 квіткоў, ад якіх адмовілася УЭФА, людзі стаялі ў чарзе па некалькі гадзін. Ля менскай касы Ticketpro сабралася каля 200 чалавек, але спэкулянтаў, як кажуць пакупнікі, практычна не было: хіба толькі прадавалі месцы ў чарзе.

Першы мужчына ў чарзе ня быў падобны да спэкулянта. Купіў два квіткі, па якія стаяў з 6-й раніцы. Паводле ягоных слоў, у продаж пусьцілі значна больш, чым абяцаныя 700 — «поўныя тры трыбуны». Іншыя ж казалі, што квіткоў хіба крыху больш за 700, а то і менш.

«Раней былі вялікія праблемы з квіткамі. Квіткі сышлі ў першыя 40 хвілін продажу. Для мяне гэта стала шокам, таму сёньня прыехаў раней, каб пэўна трапіць на матч любімай каманды», — тлумачыць Мікіта, які стаяў у чарзе з 7-й раніцы.

«Усё было даволі так цывілізавана. Мы прыйшлі, чалавек 30, па сьпісе сталі ў чаргу, вось і ўсё», — кажа фанат «Ромы» Глеб, які спрабаваў набыць квіткі і ў першы дзень, але ўбачыў чаргу і сышоў.

Пытаем, ці даводзілася купляць квіткі ў спэкулянтаў і што рабіць, каб не даваць ім нажывацца на футболе:

«Я купляў у перакупшчыкаў квіткі на „Баер“, — кажа Яўген. — Але пашанцавала, што ўзяў не нашмат даражэй, на сто тысяч. А некаторыя куплялі па намінале. Праблемаў з гэтым няма. Іншая справа — на „Барсэлёну“ прапаноўвалі тры квіткі па пяць мільёнаў дзьвесьце, якія ў касах каштавалі дзьвесьце. Я б рэгістраваў квіткі, як у Эўропе, па пашпартах. Калі той, на чый пашпарт зарэгістраваны квіток, прыносіць у касы свой квіток — і адбываецца перарэгістрацыя на іншага чалавека. Думаю, на гэты матч трыбуны запоўняцца, бо перакупшчыкі ў дзень матчу пачнуць прадаваць па намінале, а мо і таньней».

«Ёсьць пару штук перакупшчыкаў, стаяць каля касы, але ў асноўным стаяць людзі, — заўважае Юры. — Да перакупшчыкаў прынцыпова не зьвяртаўся. Што зь імі рабіць? Ня ведаю. Не прадаваць квіткі, скажам, праз прадпрыемствы. Даюць заяўку на 40 — каму яны ідуць, невядома. Мо адзін начальнік замовіць, возьме сабе і перапрадае».

«Узьнікае пытаньне: матч доўжыцца 90 хвілін, а чаканьне ў чарзе — ужо больш за гэта, а пакуль дабрацца туды, дабрацца назад... Больш часу траціцца на ня самыя прыемныя рэчы, — наракае Ігнат ды скардзіцца на тых, хто прадае месцы ў чарзе, і тых, хто такія месцы купляе. — Уводзіць рознага кшталту абмежаваньні ня мае сэнсу. Онлайн хіба, але ня толькі онлайн. Мо штосьці кшталту аўкцыёну. БАТЭ, магу памыляцца, выходзіць на самаакупнасьць. Чаму б не падвысіць прыбытак для стадыёну? Напрыклад, каб яго палепшыць. Збудавалі добра, але можна зрабіць лепш. Цяпер недастаткова месцаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG