З 3 сакавіка ўводзіцца электронны папярэдні запіс для падачы дакумэнтаў для прастаўленьня апастылю на афіцыйных паперах устаноў адукацыі Беларусі. Запісацца можна на сайце Міністэрства адукацыі.
Для запісу неабходна ўказаць від дакумэнту і яго нумар. Выбар даты і часу наведваньня робіцца самастойна з даступных дзён з улікам графіку прыёму дакумэнтаў.
«Паводле электроннага запісу будуць прымацца дакумэнты толькі ад уладальніка дакумэнту і толькі тыя паперы, якія пазначаны ў форме папярэдняга запісу. Неадпаведнасьць нумара дакумэнту, указанага ў форме папярэдняга запісу, нумару дакумэнту, які падаецца для прастаўленьня апастылю, вядзе да адмовы ў прыёме дакумантаў», — паведамілі ў Міністэрстве адукацыі.
Да 31 сакавіка ўключна папярэдні запіс на прастаўленьне апастылю будзе магчымы і ў ранейшым фармаце — на базе Дэпартамэнту кантролю якасьці адукацыі ў дні і гадзіны, вызначаныя для папярэдняга запісу.
Запіс па тэлефоне ці электроннай пошце рабіць ня будуць.
Прыём дакумэнтаў на апастыль, папярэдняга засьведчаньня для консульскай легалізацыі, а таксама выдачу раней аформленых дакумантаў робіць Дэпартамэнт кантролю якасьці адукацыі Міністэрства адукацыі па адрасе: Менск, вул. Казлова, д. 28, кабінэт 201.
У пытаньнях увядзеньня электроннага папярэдняга запісу на апастыль улады арганізуюць «гарачую лінію». Яна будзе праходзіць з 26 лютага па 7 сакавіка з 11:00 да 13:00 па тэлефоне +375 (17) 320 08 24.
Форум