У новым пагадненьні ЭЗ зь Беларусьсю і Армэніяй ня будзе мытных ільгот, новы дакумэнт будзе зьвязваць Эўразьвяз з гэтымі краінамі значна менш, чым пагадненьне аб асацыяцыі, паведаміў Жан Асэльборн, кіраўнік МЗС Люксэмбурга, краіны, якая цяпер старшынюе ў ЭЗ.
«Мы шукаем сыстэму, пры якой не разбураліся б усе масты. Мы разумеем, што пагадненьне аб асацыяцыі немагчыма, усе гатовыя знайсьці больш лёгкі варыянт, менш настойлівы і фундамэнтальны. У дачыненьні да Беларусі і Армэніі ўсё згодныя.
Гэта не пагадненьне аб асацыяцыі, гэта не спрацуе. Гэта будзе нешта на ўзровень ніжэй, не магу сказаць, як гэта называецца», — патлумачыў Жан Асэльборн журналістам пасьля нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін-сябраў ЭЗ, на якой абмяркоўваліся адносіны з краінамі Ўсходняга партнэрства і Расейскай Фэдэрацыяй.
«Мытных ільгот у гэтым пагадненьні ня будзе»
Уплывавовы эўрапейскі чыноўнік падкрэсьліў, што «мытных ільгот у гэтым пагадненьні ня будзе».
«Мы зрабілі прапанову Армэніі, Армэнія адказала станоўча. У Беларусі назіраецца рух не ў адмоўным накірунку. Эўропа не павінна выпускаць магчымасьць, якая зьяўляецца (у адносінах) з гэтай краінай. Ня трэба думаць пра рэжым, трэба думаць пра насельніцтва», — заявіў люксэмбурскі міністар.
«Беларусь і Армэнія, якія моцна зьвязаныя з Расеяй, трапляюць у другую лігу Ўсходняга партнэрства»
Палітоляг Аляксандар Класкоўскі кажа, што ідэя падзяліць краіны Ўсходняга партнэртва на дзьве лігі даўно лунала ў паветры:
Бо для брусэльскіх функцыянэраў, для палітыкаў Эўразьвязу сёньня ўжо відавочна, што Ўсходняе партнэрства ў першапачатковым варыянце не спрацавала, можна нават сказаць, што яно развалілася. І ўжо лунала і раней такая ідэя, умоўна кажучы, падзяліць на дзьве лігі краіны Ўсходняй Эўропы, зь якімі Брусэль спрабаваў гуляць у геапалітычным сэнсе.
Натуральна, Беларусь і Армэнія, якія моцна зьвязаныя з Расеяй ,і на якіх Масква цісьне, каб трымаць у сфэры свайго ўплыву і рэалізоўваць тут свае інтарэсы, трапляюць у гэту другую лігу, і Эўропа спрабуе пачаць другі тур новай геапалітычнай гульні. Да таго ж, Беларусь і Армэнія ўваходзяць у Эўразійскі эканамічны саюз. Таму і падкрэсьлівае эўрапейскі чыноўнік: «мытных льгот у гэтым пагадненьні ня будзе», намякаючы, што нельга адначасова знаходзіцца ў дзьвюх зонах свабоднага гандлю, нельга сядзець на двух крэслах.
Зь іншага боку, калі казаць пра Беларусь, то і Лукашэнка сёньня гуляе, ён з шэрагу прычын зацікаўлены ў тым, каб пашырыць абсяг для геапалітычнага манэўру. Але, я думаю, што Масква хоць і атрымала ва Ўкраіне паразу, няхай і не канчатковую, але адчувальную, за Беларусь яна будзе змагацца, будзе трымаць яе жалезнай хваткай. І менавіта таму беларускі бок зараз манэўруе, хітруе, і на гэтыя прапановы Брусэля не дае адназначнага адказу. То бок гэтая гульня будзе доўжыцца".